Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі імкліва павялічваецца колькасьць фактаў хатняга гвалту


Сьвятлана Курс, Менск Паводле статыстыкі МУС, у 2003 годзе ў беларускіх сем’ях учынена больш за 52 тысячы злачынстваў супраць асобы. За год рост хатніх злачынстваў склаў ажно 38 %. За той жа год у 10 разоў вырасла колькасьць лёгкіх цялесных пашкоджаньняў, нанесеных у сям’і. Амаль 4 з паловаю тысячы дзяцей зьбілі іхныя дарослыя крэўныя, звыш 5 тысяч злачынстваў зрабілі сужэнцы адно супроць аднаго.

Бацькі забілі да сьмерці дзевяцярых дзяцей, дзеці забілі 21 бацьку альбо маці. 37 чалавек загінулі ад рук свайго партнэра або сужэнца. Практычна кожнае трэцяе забойства й калецтва чыніцца ў сям’і. Паводле МУС, у 65 % сем’яў нехта цярпіць гвалт. У большасьці выпадкаў гэта жанчыны й дзеці. МУС арганізавала сыстэму “БЫТ”, якая ўлічвае сямейных злачынцаў. Такіх больш за 16 тысяч.

З апытаньняў вынікае, што толькі на трыццаць пяты раз ахвяра зьвяртаецца па дапамогу. У тым ліку ў Менскі гарадзкі цэнтар псыхалягічнай дапамогі сям’і. Кансультант Жанна Міцкевіч, якая працуе там, кажа, што звычайна зьвяртаюцца жанчыны са скаргаю на псыхалягічны, матэрыяльны й фізычны гвалт.

(Міцкевіч:) “Гвалт так увайшоў у традыцыі сям’і, што можа й не ўспрымацца як псыхалягічны гвалт. З табою чалавек не размаўляе, пасварыўшыся. Гэта таксама элемэнт псыхалягічнага гвалту. Гвалт – калі парушаецца мера, або дэспатызм, або залішняе апякунства. Гэта можа выяўляцца й абразамі. Чалавека могуць прымушаць нешта рабіць. Але могуць і біць, і караць. Яна прыгатавала ежу, а яму не падабаецца, ён выварочвае рондаль на падлогу й кажа: “Еж!” Бывае й такое. Мужчына забірае грошы зь сям’і цалкам. Выдзяляе на гаспадарчыя патрэбы. На вопратку жанчыне не дае, бо ў адным можна й 10 год хадзіць. Разьвялася, але жыве зь ім у адным пакоі. Кватэра аднапакаёвая – ні сысьці, ні разьмяняць. Гэта вельмі моцны гвалт выклікае, вельмі”.

Дзіця імітуе сям’ю бацькоў паводле прынцыпу люстранасьці.

(Міцкевіч:) “Паводзіны, эмацыйны стан, камунікацыі – усё гэта адбіваецца на дзіцяці нават па-за ягонымі жаданьнямі”.

Вось што кажа спадарыня Міцкевіч пра магчымыя вытокі праблемы.

(Міцкевіч:) “Яна знаходзіцца ў цеснай сувязі з мэнталітэтам. Рост хатняга гвалту зьвязаны з поўнай безвыходнасьцю чалавека й сям’і ў сёньняшні час”.

Дасьледаваньне Міжнароднага фонду Гарбачова паказала, што больш за 70 % замужніх жанчын адчуваюць пры дачыненьнях з мужам напругу, трывогу, няўпэўненасьць у сабе або залежнасьць. Кожная пятая адчувае адчай. Кожная сёмая – страх, а кожная восьмая – бяспраўе. Мужчыны адчуваюць дыскамфорт, але, паводле дасьледаваньня, значна радзей. Мужчын звычайна крыўдзяць толькі састарэлых. З ахвяраў гвалту 95 % – жанчыны й дзеці. Гаворыць 32-гадовая Сьвятлана, жонка чыноўніка, лятэнтнага алькаголіка.

(Сьвятлана:) “Пазваніла ў міліцыю, прасіла мне дапамагчы. Ён выбіраў значныя для мяне даты. Урачыстыя дні. Калі прыходзілі госьці. Мой муж быў запойны алькаголік. Гэта невыносна. Зь біцьцём, з паталягічнымі загуламі. Усе тры моманты. Некаторым жанчынам так шанцуе, што яны гэта атрымліваюць у адным фляконе. А ён вельмі прыгожы сабою. Кажа: “Ну, можа, я крышачку агрэсіўны. А хто не агрэсіўны? Паглядзі, колькі ідыётаў. Выходзь замуж за такога”.

Сьвятлана гаворыць, што гвалт ідзе па бясконцым ланцужку, у якім людзі – зьвёны.

(Сьвятлана:) “Мужчыны б’юць жанчын. Жанчыны б’юць дзяцей, і так моцна, што ўжо й лішне было б. Усе сьведкамі гэтага бываюць, у крамах, на вуліцах і г.д. Шкада насылаць такую карму на дзяцей і ўнукаў. Вельмі. Штогод зь сем’яў зьбягаюць каля 2 тысяч падлеткаў. Кожны трэці малалетні злачынца сутыкаўся зь неаднаразовым сямейным гвалтам. Хлопчыкі бяруць прыклад з бацькі, а дзяўчаткі шукаюць сабе агрэсіўнага мужа. Дзяўчынка павінна ўмець гаварыць “не”, мець адчуваньне дыстанцыі, казаць: “Мне гэта непрыемна”. Нічога падобнага дзяўчат ня вучаць. Сьціпласьць, пакорлівасьць, мяккасьць лічацца самакаштоўнымі рысамі”.

18-гадовая моцная студэнтка Акадэміі фізвыхаваньня кіпяціцца, калі гаворыць пра хатні гвалт.

(Наталя:) “Калі жанчына сьцярпіць першы раз зьбіцьцё, ён будзе рабіць гэта ўвесь час. Яна не павінна была дазволіць першы раз. Сказаць. Сысьці, разьвесьціся. Маёй сяброўкі мама замужам за грузінам, такія адносіны: дзеля будучыні дачкі, становішча ў жыцьці й грошай яна цярпіць пабоі, мат-перамат. Ён яе часта б’е, і нагамі, і чым пападзе. Кожнага разу. Маці ўжо вар’яцее ад гэтага”. Міжнародная канфэрэнцыя ў пытаньнях сямейнага гвалту, што праходзіла на пачатку ліпеня ў Менску, канстатавала: гвалт у сям’і – гэта частка традыцыі субардынацыі, залежнасьці й падначаленасьці. Менавіта ў такой традыцыі жыве нашае грамадзтва. Галіна Усьцінава, арганізатарка канфэрэнцыі, склала анкету з пытаньнем “Ці перажывалі вы хатні гвалт?”.

(Усьцінава:) “З гэтай анкетай мы праехаліся па 90 населеных пунктах. Кожная жанчына лічыць, што сямейны гвалт існуе, і кожная другая жанчына лічыць, што гэты гвалт быў у ейнай сям’і або ў самым блізкім атачэньні. Гэтую тэму трэба падымаць і сярод мужчын”.

У нашай краіне няма разуменьня, што сям’я – гэта таксама сфэра прававых адносінаў. Міжнародная супольнасьць вызнае прынцып: у выпадках хатняга гвалту дзяржава павінна несьці поўную адказнасьць за недапушчальнае бязьдзеяньне або нядобрасумленныя, непаўнавартасныя высілкі ў такіх пытаньнях. Сёньня ў 36 краінах сьвету ёсьць законы супраць сямейнага гвалту. З былых рэспублік СССР іх маюць тры балтыйскія краіны, Казахстан і Ўкраіна. У Расеі такі закон двойчы адкінула Дума, нягледзячы на тое, што ў гэтай краіне за год мужы або партнэры забіваюць 14 тысяч жанчын – гэтулькі загінула савецкіх жаўнераў за 10 год вайны ў Аўганістане. Дэпутатка палаты прадстаўнікоў Надзея Цыркун была сярод распрацоўнікаў беларускага законапраекту “Аб папярэджаньні й спыненьні гвалту ў сям’і”. Беларускія парлямэнтары, сярод якіх 86 % мужчыны, не прынялі закону. Не прызналі актуальнасьці праблемы.

(Усьцінава:) “У нас вельмі мала жанчын у парлямэнце, таму ніякі законапраект ня пройдзе. Таму трэба лабіяваць яго і ў грамадзтве, і ў сродках масавай інфармацыі”.

Закон аб хатнім гвалце лабіявала ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу дэпутатка Надзея Цыркун. Ёй слова.

(Цыркун:) “Калі я пачала гаварыць, што патрэбны такі закон (не ў авальным зале гаварыць, але кулюарна), то мужчыны шмат разоў задавалі адно й тое самае пытаньне: “Цяпер, калі муж хоча мець інтымны стасунак з жонкай, дык ён і ня можа яго мець, калі жонка ня хоча”. А я задавала пытаньне: “А што, можа быць інакш?” Патрэбныя цярпеньне, час і праца”.

(Усьцінава:) “З хатнім гвалтам змагацца складана, бо нельга ўвайсьці ў сям’ю, перш чым заява ня будзе напісаная й г.д. У заканадаўстве – прарэха. Няма такога, каб папярэджваць гвалтаўніка, працаваць зь ім да акту гвалту. І вось гэтага закону, законапраекту, які завецца “Аб папярэджаньні й спыненьні гвалту ў сям’і”, у нас няма”.

Бяз гэтага закону прававых інструмэнтаў барацьбы зь сямейным гвалтам папросту няма. А інструмэнты патрэбныя, бо зьява і моцная, і закарэненая ў стагодзьдзях. Манах Чарубіна ў сваіх павучаньнях пастве ў XVI cт. пісаў: “Калі вы бачыце, што вашая жонка памыляецца, …строга выгаворвайце ёй, палохайце, трымайце ў страху. А калі гэта ня дасьць вынікаў – вазьмеце кія й добра пабеце, бо лепш пакараць цела й выправіць душу. Будзьце гатовыя зьбіваць яе не дзеля гневу, а са спакоем і з пачуцьця міласэрнасьці й клопату пра ейную душу”. Гэты пастулят з царкоўнага права перанесьлі ў цывільнае. “Камэнтары Блэкстоўна”, 1775 год: “З тае прычыны, што муж адказны за ўчынкі жонкі, то разумна, калі закон дае мужчыну права стрымліваць і фізычна караць яе”.

Сярэднявечныя традыцыі гвалту й субардынацыі жывуць і надалей. Зь міліцыйнай статыстыкі можна зрабіць выснову, што яны дагэтуль пануюць у 65 % беларускіх сем’яў.
XS
SM
MD
LG