Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вядомыя беларускія спартоўцы камэнтуюць адсутнасьць мэдалёў у беларускай зборнай


Ігар Карней, Менск Беларускія алімпійцы вось ужо чацьверты дзень застаюцца на Алімпіядзе без мэдалёў. У той час, як самыя экзатычныя, з гледзішча беларускіх заўзятараў, краіны напаўняюць свае скарбонкі, імкліва зьнікаюць спадзяваньні на прывідныя 25 мэдалёў, заплянаваныя асабіста кіраўніком НАК Аляксандрам Лукашэнкам. Тытулаваныя спартоўцы лічаць, што менавіта заплянаваныя ўзнагароды ёсьць дамоклавым мячом для беларускіх алімпійцаў.

Мэдалёвыя пляны беларускага НАК, пра нерэальнасьць якіх напярэдадні Алімпійскі гульняў шмат гаварылі і экспэрты, і заўзятары, пакуль застаюцца прывіднымі. Паводле таго плянаваньня, у актыве беларускай каманды на гэты момант павінна было ўжо быць найменей пяць мэдалёў. Рэальна — няма ніводнага. Чэмпіёнка сьвету і Эўропы ў спартовай гімнастыцы Яўгенія Паўліна перакананая: менавіта прымус псыхалягічна дэстабілізуе як асобнага спартоўца, так і ўсю каманду.

(Паўліна: ) “Як кожны спартовец, я проста вар’яцею ад слова “плянаваньне”. Алімпійскія гульні — адзіныя спаборніцтвы, дзе перамагае не мацнейшы фізычна, а мацнейшы псыхалягічна. У нас у гэтым сэнсе вялікія праблемы. А людзі, якія кажуць пра пляны, ня ведаю, хто яны, — нейкія унікумы. Каб нешта плянаваць, трэба найменей залезьці ў душу кожнага спартоўца. Што там унутры робіцца — гэта нікому не вядома. А пляны прыдумляюць людзі, якія зь цяжкасьцю адрозьніваюць моркву ад мячыка. Алімпійскія спаборніцтвы прадказаць немагчыма. Чаму зноў наступаюць на ўсё тыя ж граблі? Незразумела”.

Пасьля першых дзён спаборніцтваў у Яўгеніі Паўлінай застаецца вера толькі ў магчымыя посьпехі легкаатлетаў. Што да сваіх былых сябровак па камандзе, гімнастак, дык на іхныя вынікі глядзіць з пэсымізмам — у найлепшым выпадку можа быць адна “бронза”. А ўдельніца мінулых Алімпійскіх гульняў у Сыднэі, прадстаўніца каманды стралкоў з лука Вольга Мароз бачыць прычыны паразаў беларусаў у тым, што Беларусь не пасьпявае за найноўшымі дасягненьнямі спартовай навукі, за апошнімі трэніровачнымі мэтодыкамі.

(Мароз: ) “Пра той жа Кітай дваццаць гадоў таму ў спорце ніхто ня чуў. А які тэмп узялі, як разьвіваецца навука, якая пайшла вытворчасьць, як яны ўвогуле наперад рухаюцца! Натуральна, што і ў спорце гэтак жа прагрэсуюць. Пра іншыя краіны, якія ўжываюць новыя тэхналёгіі, можна сказаць тое ж. Раней кожная краіна трэніравалася ізалявана: Савецкі Саюз сам па сабе, немцы ў сябе нешта хавалі. А цяпер у нацыянальных камандах трэнэры з розных краінаў, кожная запрашае лепшых. Таму і ад школаў шмат залежыць. Але спорт стаў болей дэмакратычны. Нават узяць паўдзённаафрыканскіх плыўцоў, якія сэнсацыйна перамаглі ў эстафэце, — яны ў Амэрыцы трэніруюцца... Ну, а нашым не шанцуе. Дзесьці побач спыняюцца: чацьвертыя месцы, шостае; дзесьці побач з п’едэсталам. Адчуваньне, што крыху не шанцуе”.

Яшчэ адна праблема беларускіх спартоўцаў, на думку адмыслоўцаў, у тым, што многія едуць на Алімпіяду, ведаючы, што будуць там за статыстаў. Тая ж Яўгенія Паўліна двойчы прывозіла Беларусі алімпійскія ліцэнзіі, але двойчы адмаўлялася ад паездкі на Алімпійскія гульні.

(Паўліна: ) “Ніколі не была згодная з тым, што просты ўдзел важнейшы за вынік. Таму, ведаючы, што ў мяне ня будзе выніку, я і ня ехала. Гэта першае. Па-другое, 15 гадоў аддаўшы вялікаму спорту, разумею: псыхалягічна Алімпіяды ня вытрымала б. І справа не ў псыхолягах — я ненавідзела псыхолягаў і заўсёды працавала сама. Вельмі моцна на любога спартоўца ціснуць тыя ж пляны”.

Але ня толькі сёлетнія беларускія дэбютанты на гульнях зьмірыліся з роляй простых удзельнікаў, а не пераможцаў. Нават спартоўцы з чэмпіёнскімі тытуламі, на якіх рабілася высокая стаўка, ня вытрымалі выпрабаваньня Алімпіядай. Так, гімнаст Іван Іванкоў і плыўчыха Алена Попчанка, якія трэніруюцца, адпаведна, у ЗША і Францыі, паказалі ў параўнаньні з усясьветнымі грандамі вельмі сьціплыя вынікі.
XS
SM
MD
LG