Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазоў Анатоля Лябедзькі супраць дзяржаўных тэлеканалаў не задаволены


Альгерд Невяроўскі, Менск Першамайскі райсуд Менску адмовіў лідэру АГП Анатолю Лябедзьку ў пазове супраць тэлеканалаў БТ, ОНТ і СТВ. На думку судзьдзі, спадар Лябедзька ня здолеў даказаць, што ў фільме “Шлях у нікуды”, паказаных гэтымі каналамі, абражаныя ягоныя гонар, годнасьць і дзелавая рэпутацыя.

Паводле рашэньня судзьдзі Анісковіча, Анатоль Лябедзька не даказаў, што цытаты зь фільму, згодна зь якімі ён нібыта падтрымліваў спыненьне “Газпромам” паставак у Беларусь газу, а таксама зьвесткі, што ён гатовы распрадаць нацыянальны набытак расейскім сябрам-алігархам, непраўдзівыя. Таму, маўляў, няма пацьверджаньняў таго, што ў фільме былі абражаныя гонар, годнасьць і дзелавая рэпутацыя лідэра АГП.

Адзін з аўтараў фільму “Шлях у нікуды”, гендырэктар СТВ Аляксандар Зімоўскі судовым рашэньнем быў задаволены:

(Зімоўскі: ) “Ацэньваць вынесенае судом рашэньне — гэта, відаць, не маё права. Але натуральна, як і любы адказчык на карысьць якога вынесенае рашэньне суду, мы задаволеныя такім рашэньнем”.

Анатоль Лябедзька гаворыць, што паводле закону ня ён, а прадстаўнікі тэлебачаньня мусілі даказваць праўдзівасьць прыведзеных у фільме зьвестак.

Лідэр АГП так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Лябедзька: ) “На вялікі жаль, чарговы раз судовая сыстэма дэманструе адсутнасьць незалежнасьці. Рашэньні прымаюцца выключна палітычныя, і гэта нацыянальная трагедыя”.

Анатоль Лябедзька зьбіраецца падаць у гэтай справе апэляцыю.
XS
SM
MD
LG