Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта добра, што так зрабілі зь Сіваковым. Такім людзям ня месца ў Эўропе.”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 16 жніўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Зьміцер Кузьмінскі: ) “Воляй лёсу я закінуты на поўнач Швэцыі. Вы не адчуваеце, якую радасьць я адчуў, калі мне ўдалося за тысячу кілямэтраў у чужой краіне пачуць родную мову – Радыё Свабоду. У мяне на гэты конт нарадзіліся радкі верша:

Доўгі северны вечар дзень правадзіў, Сонейка села за горад. Па прывычцы старэнькі я грузьдзік круціў, Зьмест антэны – скручаны провад. Шумелі наперабой іншамоўныя радыёхвалі, Быццам, усе разам хацелі нешта сказаць, то раптам усе замаўкалі. Праз мноства ўсіх галасоў я родную мову пачуў, Задрыжала ў радасьці сэрца – за радзіму я гонар адчуў і за народ, што да свабоды імкнецца. Хай на радасьць усім гучыць, і адлегласьць не перашкода Незалежнай Беларусі аплот – Радыё Свабода!

Што датычыцца парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, то дэмакратычныя сілы знаходзяцца не ў выйгрышным становішчы. Дзесяцігадовае прамываньне народу мазгоў лукашэнкаўскімі сродкамі масавай інфармацыі зрабілі сваю справу – людзі сталі абыякавыя да палітычнага жыцьця. Пануе думка: “Усё роўна нічога ня зьменіш”. Улады ніяк не даюць выдвінуцца незалежным палітыкам. І ў гэтым становішчы спадзявацца на дэмакратычныя выбары не прыходзіцца.

Вось дзесяць год ужо прайшло, Як Беларусь – заложніца дыктата. Нармальным стала тое, што Народ прывык да кратаў. Арэшты не зьдзіўляюць болей нікаго – Прыйшлі дамоў, забралі. Палітыкаў няма ўжо, Хто супраць быў, таго ўбралі.

Вельмі добра, што Сівакова не пусьцілі ў Грэцыю. Гэта пацьвярджае, што Эўропа – разам з дэмакратычнай часткай насельніцтва Беларусі. Беларусы ў Швэцыі ў сваю чаргу накіравалі ў Амбасаду Грэцыі ліст падзякі за падтрымку дэмакратычнага руху.

Я лічу, што нашыя спартоўцы ў Грэцыі зоймуць 2 ганаровых залатых месца і выйграюць 7 мэдалёў”.

(Берасьцейскі р-н, в.Чарнаўкі, вул. Сікорскага, 4, кв.1: ) “Я наконт прагнозу, колькі мэдалёў заваююць беларускія спартоўцы. Залатых –1, сярэбраных – 6, бронзавых – 9. Усяго: 16 мэдалёў. Усяго добрага. Посьпехаў вам!”

(Мікалай Качанаў: ) “Добрай ночы! Я – беларус Мікалай Качанаў. Вось мне цікава, навошта Беларусі патрэбныя гэтыя Алімпійскія гульні? Хіба яны нешта даюць людзям? З майго пункту гледжаньня, было б болей карысьці, каб мы наагул не далі сваіх людзей на гэтыя гульні. Гэта, вядома, была б антырэкляма і такая вялікая, якая дала б болей толку, чым тое, што мы прысутнічаем. Гэта нам не дае аніякага гонару, бо я супраць культу цела. Я чалавек веруючы, верны Богу, а Бог супраць гэтага.

Мне цікава было глядзець, што тут робіцца. Брыдка нашыя спартоўцы былі апранутыя, непрывабна. Я супраць такога адзеньня, бо нашых элемэнтаў наагул няма. Было цікава глянуць, якія сьцягі, якія краіны, назвы як гучаць… І цікава было б даведацца, можа быць, праз вашыя перадачы, пра КПД, колькі спартоўцаў, колькі прызоў атрымліваецца, у якіх відах спорту беларусы найбольш прадуктыўныя, дзе больш яны золата бяруць. І яшчэ цікава, дзе далей будуць гульні, праз 20-30 год, у якіх краінах? А няўдача, мне здаецца таму, што пачынаецца пост Успенскі. У пост нельга такое паказваць. Бог яшчэ дасьць пра сябе знаць, бо гэта нядобра. Выбачайце. Дзякую. Да пабачэньня”.

(Жыхар Менску: ) “Даражэнькая Свабода! Што-небудзь трэба рабіць! Хрыпіць, шыпіць – нельга слухаць! Што гэта такое?

Шаноўная Беларуская Свабода! Вы недастаткова асьвятляеце тую сусьветную ганьбу, якую нясе Беларусь з-за адсутнасьці ў цяперашняга рэжыму паказчыка сусьветнай дэмакратыі. Боязь Сівакова ехаць у царства дэмакратыі ў Грэцыю яскрава аб гэтым сьведчыць. Большай ганьбы гэтаму рэжыму ўжо ня можа быць і скасаваць яе немагчыма ніякімі намаганьнямі галоўных прыхільнікаў спорту дзяржавы. Дзякуй”.

(Пётр, Берасьце: ) “Добры дзень. Сёньня выпадкова пачуў пра магчымасьць прыняць удзел у конкурсе на прадмет прагнозу Алімпійскіх гульняў. Мой прагноз такі: беларусы атрымаюць 12 мэдалёў, зь іх 2 залатыя”.

(Слухач: ) “Паважанае Радыё Свабода! Хачу вам паведаміць, што сёньня сьвята Зельна. Будзем сьвяньціць у касьцёле гародніну, калосьсе, яблыкі, кветкі. І я хачу вас павіншаваць з гэтым добрым вялікім сьвятам. Усяго найлепшага вам, здароўя, шчасьця! І хачу я сёньня пайсьці да касьцёла і памаліцца за сябе, за вас і за нашую Беларусь родную, каб у нас усё было добра. Дзякуй за ўвагу”.

(Ігнат: ) “Шаноўная Свабода! Атрымалася так, што гэтым летам я абзавёўся сваячкай у Латвіі. Дык вось, унук цяпер ужо самай блізкай маёй сваячніцы, закончыўшы школу ў Латвіі, яшчэ да атрыманьня дыплёму быў залічаны ў філіял Швэдзкага ўнівэрсытэту ў Рызе, зразумела, з эўрапейскай праграмай навучаньня. У роднай Беларусі наўрад ці такое сьвеціць маёй унучцы 17-гадовай. Але спадзяюся, праўнукам абавязкова зьдзейсьніцца!”

(Спадар: ) “Добры вечар! Ад глупства ніхто не застрахаваны. Калі мінулая ўлада дапускала глупства, дык і цяперашняя гэта робіць. І калі яны лічаць сябе вышэй за Бога, дык гэта сапраўднае глупства”.

(Спадар: ) “Хачу далучыцца да прагнозу, колькі алімпійскіх мэдалёў заваююць нашыя беларусы. На вялікі жаль, ня столькі, колькі б хацелася. Хацелася б і 30, і 40, але ўсё будзе інакш з-за нязграбнага дзеяньня нашага кіраўніцтва. Нельга такі цяжкі груз вешаць на спартоўцаў. Трэба было па-добраму, па-бацькоўску пагутарыць зь імі. Які ж раней быў лёзунг: “Галоўнае не мэдалі, а галоўнае – удзел”. А цяпер такую псыхалягічную атмасфэру стварылі, і ўсе ведаюць нашага кіраўніка: калі што ня так – галовы паздымаю. Канечне, галовы ён ім не паздымае, але цяжкасьці ад гэтага чалавека прыйдзецца чакаць. Вось які псыхалягічны груз і таму вось такі і будзе вынік, паўтараю, на вялікі жаль.

Хацелася б яшчэ падзяліцца сваімі меркаваньнямі наконт спаборніцкага працэсу паміж працаўнікамі сельскай гаспадаркі і нашымі алімпійцамі. Гэта несправядліва! Спаборніцтва будзе праходзіць паміж 150 спартоўцамі і практычна з усёй краінай, бо працаўнікам сельскай гаспадаркі дапамагае ўся краіна. Гэта па-першае.

Па-другое, калі зерня можна і прыпісаць паўмільёна тонаў, і практычна ніхто не даведаецца, а там мэдалі не прыпішаш. Таму гэта вельмі несур’ёзна, нейкая легкадумнасьць. Дзякуй”.

(Радзімоўскі Юры, Бабруйск: ) “Вечар добры, Свабода”! Я наконт Алімпіяды. Зараз я знаходжуся ў гасьцях і гляджу лічбавае тэлебачаньне. Швэдзкія, нямецкія, галяндзкі, скандынаўскія і іншыя каналы літаральна кожны крок сваіх алімпійцаў паказваюць, кожны крок. Гэты таварыш прызывае нас падтрымліваць нашую зборную, а што яны нам паказалі сёньня? БТ літаральна мізер нейкі паказалі. Няма Алімпіяды! Мы знаходзімся ў цэнтры Эўропы і літаральна нічога ня ведаем. Мы бачым толькі камбайны, камбайны… Трэба нешта рабіць!

Гэта добра, што так атрымалася зь Сіваковым. Я памятаю яго яшчэ да забойства гэтых таварышаў у 99 годзе, калі было пяцігодзьдзе Лукашэнкі, як ён выступаў – чырвоны твар такі. Гэта добра, што так зрабілі зь Сіваковым. Такім людзям ня месца ў Эўропе. Але гэтага мала. Трэба, каб кожны чыноўнік ведаў, што ён працуе на гэты рэжым і што ён будзе несьці адказнасьць. Яны ўвогуле сталі нахабнымі, яны выкруцяцца – і ўсё. А зараз падрасла гэтая моладзь БРСМ, яны ўсе ў курсе, яны цынічныя, карыстаюцца дабротамі заходняй цывілізацыі, і за 300-400 баксаў яны робяць, што захочуць. Трэба спыніць гэта! Я думаю, што мы самі ня справімся. Выбары ўсе гэтыя бяссэнсавыя, вы ж гэта самі разумееце. Будзе рэфэрэндум гэты, напішуць 75,62% – тры чвэрці канстытуцыйнай большасьці.

Я прачытаў артыкул Зянона Пазьняка ў “Народнай Волі” і цалкам зь ім згодны. Згодны, бо натуральна ўлада ўсё робіць для таго, каб гэтыя выбары скарыстаць дзеля сваёй бруднай мэты і пакінуць у Палаце прадстаўнікоў адных “лізаблюдаў”.

Яшчэ дадам, што хутчэй за ўсё непатрэбныя нам замежныя назіральнікі, бо калі яны будуць, улада скажа: “Вось былі, назіралі – значыць, выбары легітымныя”. Вельмі багата афёраў у гэтых выбарах, вельмі багата людзей, дарэчы ад “5+”, якія хочуць выкарыстаць іх ў сваіх карысных мэтах, а не на карысьць нашай любімай Бацькаўшчыны.

Тое што робіцца з нашым беларускім ліцэям – вельмі пагана. Людзі павінны вучыцца на сваёй роднай мове, ведаць сваю гісторыю, любіць сваю Бацькаўшчыну. Абавязкова!

Паважаная Свабода! Шмат людзей гавораць: “Дзе ў нас лідэр? Дзе ў нас чалавек, за якім магчыма было пайсьці і за каго магчыма было прагаласаваць, каб ён стаў прэзыдэнтам?” Я б сказаў: “Магчыма!” Калі б вы далі ў прамым этэры размаўляць, данесьці зьвесткі Ўладзімеру Коласу, дырэктару Гуманітарнага беларускага ліцэю, то гэта было б вельмі добра. Гэта настолькі інтэлектуальны чалавек. Гэта настолькі вядома. Такімі людзьмі трэба ганарыцца! Ёсьць у нас людзі вядомыя, разумныя, сумленныя! Ёсьць на Беларусі такія людзі!

Яшчэ дадам. Неразумна, што Сівакова адразу ж не пусьцілі. Трэба было пусьціць, а там надзець наручнікі, і хай бы міжнародны суд судзіў бы! Дык гэты б клубок адразу разьвязаўся наконт зьніклых на Беларусі, наконт таго, што творыць улада, як яна выкарыстоўвае ў сваіх брудных мэтах. Натуральна, што тады было б усё па іншаму.

Хачу сказаць, што Ута Цапф, якая займаецца Беларусьсю, даўным-даўно прадалася, залажыла Беларусь Расейскай імпэрыі. І Расея карыстаецца ў сваіх карысных мэтах Беларусьсю. Усё ляжыць на разгляданьні расейскай шавінісцкай імпэрыі. Вельмі шкада. Гэта працягваецца вікаўская здрадніцкая палітыка.

Вельмі шкада, што эўрапейскі ўнівэрсытэт прыкрылі. Эўрапейскі ўнівэрсытэт даваў шмат ведаў разумным, дзеяздольным людзям, людзям, якія маглі б прынесьці шмат карысьці Беларусі. А зараз, што ім рабіць? Ехаць спэцыяльна вучыцца ў Эўропу, калі магчыма было вучыцца на Беларусі, на сваёй Бацькаўшчыне.

Магчыма, што гэтыя выбары прыйдзецца байкатаваць. Гэта ня выбары, гэта нейкі маразм! Гэта пародыя выбараў!”
XS
SM
MD
LG