Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя палякі стварылі рух “Польшча за дэмакратычныя перамены ў Беларусі”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Шэраг выбітных польскіх палітыкаў, навукоўцаў, інтэлектуалаў заявілі аб стварэньні руху “Польшча за дэмакратычныя перамены ў Беларусі” ды зьвярнуліся да палякаў з заклікам дапамагчы беларусам “пазбавіцца ад кайданоў апошняй дыктатуры ў Эўропе”.

Шырокавядомыя ў Польшчы асобы, сярод якіх рэжысэр Анджэй Вайда, палітык і навуковец Уладзіслаў Барташэўскі, сэнатар і сусьветнавядомы хірург Зьбігнеў Рэліга – ініцыятары стварэньня руху – распаўсюдзілі сёньня ў прэсе заяву, у якой, ў прыватнасьці, гаворыцца:

“Зьвяртаемся да ўсіх палякаў з просьбай дапамагчы народу Беларусі, дэмакратычным сілам гэтай краіны, якія церпяць ад уціску апошняй дыктатуры ў Эўропе. Мы перакананыя, што толькі незалежная і дэмакратычная Беларусь можа быць бясьпечным і надзейным партнэрам Польшчы... Відавочна, што рэжым дыктатара Лукашэнкі знаходзіцца ў пэрманэнтным крызысе і рана ці позна будзе вымушаны пагадзіцца ператварыць Беларусь у частку імпэрскай Расеі... Мы супраць гэтага і ня хочам асыміляцыі беларусаў. Трэба памятаць пра сумесную гісторыю – Грунвальд ці Люблінскую вунію”, канец цытаваньня.

Далей аўтары заявы заклікаюць усіх палякаў далучацца да руху “Польшча за дэмакратычныя перамены ў Беларусі” ды ўсімі спосабамі дапамагаць дэмакратычным сілам у Беларусі.

“Трэба падтрымліваць імкненьне беларускага народу да інтэграцыі зь іншымі народамі Эўропы ды далучэньня да вялікай эўрапейскай сям’і – Эўразьвязу”, гаворыцца ў заяве.

Ідэю стварэньня руху падтрымаў таксама адзін з найбольш папулярных польскіх палітыкаў і рэальны кандыдат на пасаду прэм’ер-міністра пасьля наступных выбараў – Ян Ракіта.

Варта адзначыць, што ў суседняй Польшчы ўсё больш актыўна ўздымаецца “беларускае пытаньне”. Прыкладам, нагадаю, што напярэдадні акцыю пратэсту супраць парушэньня палітычных правоў беларусаў каля амбасады Беларусі ў Варшаве правялі разам аж 50 дэпутатаў польскага парлямэнту.
XS
SM
MD
LG