Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянка Расеі зьбіраецца падаваць у суд на беларускія ўлады


Алег Супрунюк, Берасьце Жыхарка Мажайску Натальля Гусева лічыць, што была беспадстаўна затрыманая беларускімі памежнікамі, пасьля чаго тры дні была вымушаная правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Спадарыню Гусеву таксама пазбавілі магчымасьці паведаміць пра гэтае здарэньне расейскаму консулу ў Берасьці.

Наталья Гусева ёсьць кіраўніцай прыватнай школы замежных моваў у горадзе Мажайску Маскоўскай вобласьці. Разам са сваімі вучнямі гэтым летам яна вырашыла выправіцца ў эўрапейскі тур. У прыватнасьці, вандроўнікі зьбіраліся наведаць Лёндан. Аднак на беларуска-польскай мяжы падчас праверкі дакумэнтаў спадарыню Гусеву затрымалі і абвясьцілі, што ейны пашпарт падроблены.

Паводле расейскай грамадзянкі, разьбіральніцтва на пераходзе “Варшаўскі мост” працягвалася некалькі гадзінаў, пасьля чаго спадарыню Гусеву адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Берасьцейскай памежнай групы, дзе пратрымалі тры дні. Толькі калі грамадзянка Расеі выйшла на волю, яна нарэшце даведалася, чаму апынулася за кратамі: недавер у памежнікаў выклікала неахайна зробленая пячатка ў пашпарце.

На беларуска-польскай альбо беларуска-ўкраінскай мяжы каля Берасьця галоўным чынам зараз затрымліваюць нелегальных мігрантаў з краінаў Азіі. Гэтыя грамадзяне альбо маюць падробленыя дакумэнты, альбо ня маюць ніякіх. Пра такія выпадкі паведамляецца часта, але куды менш вядома пра здарэньні з удзелам грамадзянаў Расеі. Таму гісторыя Натальлі Гусевай – далёка не адзіная.

Тут варта заўважыць, што пра гэтую гісторыю даволі падрабязна распавялі Расейскі дзяржаўны тэлеканал і ўплывовая газэта “Известия”. Дык вось, гэтыя сродкі масавай інфармацыі засяродзілі ўвагу на тым, як паводзяць сябе беларускія памежнікі і ў якіх умовах утрымліваюць яны тых, каго падазраюць у парушэньні пашпартнага рэжыму.

У прыватнасьці, прыведзеныя словы Натальлі Гусевай пра тое, што берасьцейскія памежнікі праігнаравалі ейнае патрабаваньне адразу выклікаць расейскага консула. Не жадалі памежнікі ўдакладніць і абставіны атрыманьня Гусевай пашпарту ў Мажайску. Расейская грамадзянка кажа пра жахлівыя ўмовы знаходжаньня ў ізалятары, які яна называе турмой. У камэры не было сьвятла, знаходзілася толькі драўляная лаўка, якую днём прычэплівалі да сьцяны. Ахоўнікі папярэдзілі таксама, што ў камэры могуць зьявіцца пацукі, і ня варта з-за гэтага панікаваць.

Таму Натальля Гусева мяркуе зьвярнуцца ў суд ня толькі на супрацоўнікаў пашпартна-візавай службы ў Мажайску (гэта яна ўжо зрабіла, пра што паведамілі ў расейскім консульстве), але і на беларускія ўлады. Паводле словаў жанчыны, дзеяньні памежнікаў былі неправамоцныя і нанесьлі шкоду ейнаму здароўю.
XS
SM
MD
LG