Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні будуецца супэрмаркет – паводле беластоцкага ўзору


Сяргей Астраўцоў, Горадня Горадня будзе мець свой супэрмаркет першай: у іншых абласных гарадах будаўніцтва яшчэ не пачыналі. Супэрмаркет павінен пачаць працу налета, але ўжо сёньня ўзьнікае пытаньне: ці ўдасца вялізныя плошчы аграмаднага гандлёвага цэнтру цалкам запоўніць таварам? Бо ўлады спадзяюцца, што большасьць – да 70 адсоткаў тавараў – будуць беларускай вытворчасьці.

Супэрмаркет будзе называцца Maksimus. Будуе яго на замежныя капіталы беларуска-ўкраінская фірма. Стаяць крама будзе на ўезьдзе ў горад з боку Менску, на месцы былога савецкага вайсковага гарадка. Кіруе будаўніцтвам Міхаіл Шаўцоў. Калі я наведаўся на будоўлю, ён пастрыгаў газоны, і для яго гэта былі нечаканыя адведкі. Спадар Шаўцоў сказаў, што любіць, каб быў парадак. Яшчэ да будаўніцтва сьценаў там кладуць асфальт і тратуары з пліткі. Так калісьці працавалі немцы ў ГДР, на зайздрасьць Саветам.

(Шаўцоў: ) “Мы ўзялі для будаўніцтва перадавую эўрапейскую тэхналёгію. І тэхналягічную частку нашага праекту рыхтавалі палякі. Таму мы, улічваючы памылкі Auchоn’a, ужо трошкі наперад зрабілі крок у арганізацыі гандлю й тэхналёгіі будаўніцтва”.

Гараджане зь цікавасьцю чакаюць, калі Maksimus пабудуюць. Дагэтуль блакітнай марай гарадзенцаў быў гіпэрмаркет Auchon у Беластоку. Туды возяць на шопінг мясцовыя турыстычныя фірмы. Быў у Auchon’e і намесьнік старшыні гарвыканкаму Аляксандар Сіўцоў. Яго зьдзівіла, што 90% тавараў у ім – польскай вытворчасьці. Але палякі раскрылі сакрэт: любы Philips, касмэтыка вядомых фірмаў, kitekat сёньня вырабляюць у Польшчы.

У Беларусі такога і блізка няма. У Горадні сёньня затавараныя склады пальчаткавай, тытунёвай, абутковай фабрыкаў, гарэлачнага заводу. Але спадар Шаўцоў гаворыць, што ўлады пераканаліся: сёньня праблема прадаць, а ня вырабіць... У Maksimus’e тым часам спадзяюцца прывабіць пакупнікоў якасьцю і цаной.

(Шаўцоў: ) “У нас павялічаная вытворчая частка, дзе будзе мяса разрабляцца, птушка, гародніна, будзе пякарня. Усё гэта будзе тут вырабляцца і выдавацца ў гандлёвую залу. Паводле попыту ўсё і рыхтуецца. Таму яно сьвежае і, натуральна – таньнейшае”.

Спадар Шаўцоў дадае, што сыстэма гандлю будзе як у замежжы: калі тавар залежваецца, цану скідаюць. Што датычыць таго, ці ўдасца дагнаць Auchon па колькасьці тавараў – да 120 тысячаў назваў, сёньня яшчэ ня скажа ніхто. У Auchon гарадзенцы езьдзяць таму, што ежа там таньнейшая, чымся тут. Але другі месяц дзейнічае прэзыдэнцкі ўказ, якім увоз прадуктаў моцна абмежаваны. Таму хочаш ня хочаш, а гарадзенцам давядзецца купляць у сваім супэрмаркеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG