Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбная дзецям ідэалёгія?


Сьвятлана Курс, Менск Засталося два тыдні да пачатку новага навучальнага году. У школу пойдуць 1 мільён 400 тысячаў дзяцей. У школах Беларусі з 2005 года пачнецца выкладаньне ідэалёгіі й спэцкурс аб “перамозе савецкага народу ў вялікай айчыннай вайне”, заявіў днямі Аляксандар Лукашэнка. Як гэта адаб’ецца на дзецях?

На менскай вуліцы я спаткала 9-гадовую Караліну, навучэнку 23-й менскай гімназіі. І спрабавала высьветліць, што яна ведае з ідэалёгіі.

(Карэспандэнтка: ) “Што ты ведаеш пра Леніна?”

(Караліна: ) “Ведаю, што ён памёр”.

(Карэспандэнтка: ) “Што ты веданш пра Вялікую Айчынную вайну?”

(Караліна: ) “Ну, нейкі фільм там паказвалі”.

(Карэспандэнтка: ) “А вэтэранаў прыводзілі вам у школу?”

(Караліна: ) “Гэтага не было”.

(Карэспандэнтка: ) “Што ты ведаеш пра герб і сьцяг Рэспублікі Беларусі?”

(Караліна: ) “Герб называюць капустаю. А сьцягу ня ведаю”.

Бацькі Караліны ў разгубленасьці: яны вучылі дачку шанаваць бел-чырвона белы сьцяг і “Пагоню”. Ці ня будзе дзяўчынка перажываць пэўную раздвоенасьць? Гаворыць псыхоляг Павел Урбановіч.

(Урбановіч: ) “З гэтага можа вырасьці канфлікт паміж бацькамі й дзецьмі, калі дзіця скажа: вы гаворыце мне адно, а там гавораць іншае. Дзіцяці ня трэба распавядаць пра палітычнае становішча ў краіне. З 12 год толькі можна казаць: “Ведаеш, мне здаецца, гэтая ўлада – ня тое, што патрэбна нам з табой”. Хай дзіця разьбіраецца само”.

Спадар Урбановіч прапануе сваю ідэалёгію – проста любіць Беларусь.

(Урбановіч: ) “Трэба рабіць, каб дзіця ведала: гэта мая краіна, яна такая, вось гэта ў ёй ёсьць, а гэтага няма. Гэта не палітыка, гэта проста патрыятызм”.

Размаўляю з 11-гадовым менчуком Косьцем.

(Карэспандэнтка: ) “Што ты ведаеш пра партызанскую вайну?”

(Косьця: ) “Ну, нам у школе пра гэта распавядалі. Немцы хацелі захапіць ня толькі Беларусь. Яны палілі многа вёсак. Захоплівалі шмат дзяўчат, зь імі пілі. Дзяўчаты іх напаілі, і немцы заснулі, а дзяўчаты іх спалілі. Многа немцаў згарэла”.

(Карэспандэнтка: ) “А што ты ведаеш пра такіх людзей, як Сталін ды Ленін?”

(Косьця: ) “Я толькі ведаю, што яны былі яшчэ раней. За 10 гадоў да нашай эры”.

(Карэспандэнтка: ) “Ну, да нашай эры дзе ж табе помніць. А пра піянэраў помніш?”

(Косьця: ) “Гэта школьнікі, для якіх робяць канцэрты і гульні, спэцыяльна для іх”.

Непакой Аляксандра Лукашэнкі й Аляксандра Радзькова наконт ідэалягічнага стану дзіцячых розумаў зразумелы. У пляне ідэалёгіі беларускія дзеці – проста tabula rasa. Аднак сваю краіну дзеці шануюць.

(Карэспандэнтка: ) “А ты ўвогуле Беларусь любіш сваю?”

(Косьця: ) “Так. Яна прыгожая”.

Выслоўе “Мая ідэалёгія – любоў да Беларусі” гучыць крамольна ў сёньняшняй Беларусі, дзе ўлада патроху падмяняе любоў да радзімы на адданасьць дзяржаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG