Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БТ дбае найперш аб Лукашэнку, а не аб аматарах спорту


Ігар Карней, Менск Бальшыня беларусаў інфармацыю пра вынікі алімпійскіх спаборніцтваў, а таксама пра атмасфэру, у якой адбываюцца Гульні, даведваюцца з трансьляцыяў і адмысловых дзёньнікаў, што паказваюць два тэлеканалы – Першы нацыянальны і “Лад”. Але ўжо першыя рэпартажы выклікалі нараканьні і гледачоў, і адмыслоўцаў. Што ў паказах Гульняў Беларускім тэлебачаньнем выклікае крытыку?

Што тычыцца гэтак званай карцінкі, то беларусы бачаць тое самае, што і астатнія людзі плянэты, паколькі відэа даюць гаспадары Алімпіяды. А вось чуюць беларусы зусім іншае. Як ужо заўважыла недзяржаўная беларуская прэса, камэнтары айчынных журналістаў з Афінаў ужо ў першыя гадзіны Алімпіяды арганічна ўпісаліся ў звыклую танальнасьць БТ: вынікае, што Алімпіяду нібыта адмыслова прыдумалі для таго, каб Беларусь паведаміла ўсяму сьвету пра сваё сапраўднае месца пад сонцам.

Далей – болей: штодня ў дзёньніках гульняў і рэпартажах гучыць толькі крытыка арганізатараў імпрэзы. Пра што толькі не пачулі беларускія тэлегледачы ад журналісткі Інгі Хрушчовай – і пра тое, што прэзыдэнта Міжнароднага Алімпійскага Камітэту водзяць толькі там, дзе няма сьмецьця, і што старшыня аргкамітэту Гульняў так балявала, што ледзь горад не спаліла, і што амэрыканцы ў дні Алімпіяды ваююць. Чаму беларуская журналістка ня можа радавацца на ўсясьветным сьвяце, як гэта робяць ейныя калегі з іншых краінаў? Я задаў гэтае пытаньне спартоваму тэлежурналісту, былому вядучаму праграмы “Асілак” Уладзімеру Даўжэнку.

(Даўжэнка: ) “Яны, натуральна, будуць сьпяваць дыфірамбы, як толькі зьявіцца мэдаль. Увогуле, я не задаволены трансьляцыямі, камэнтарамі. Мне гэтыя камэнтары, усе гэтыя дзёньнікі вельмі нагадваюць досьвед мінулай, нават пазамінулай Алімпіядаў. Нічога новага. Усё вельмі аднастайна, не паказваюць нічога, дзе няма беларускага прадстаўніцтва. Але ж у нас ёсьць заўзятары валейболу, баскетболу, футболу… І не праблема заўзятараў, што нашыя спартоўцы не дарасьлі да алімпійскага ўзроўню. Па пяцібальнай сыстэме я б нашым камэнтатарам паставіў тройку. Склад іх павялічыўся, але “штыкі” засталіся адны і тыя ж. Ідуць па трафарэту, “ў кільватары”. Адкуль чакаць іншых камэнтароў? Таму настрой, відавочна, аднолькавы і ў камандзе, і ў камэнтатараў – на тры балы”.

У суботу, у першы дзень афіцыйных спаборніцтваў, Алімпіяда на БТ увогуле ператварылася ў другасную падзею. На першае месца выйшла гульня Лукашэнкі з вэтэранамі фінскага хакею. Матэрыялы пра забаву кіраўніка дзяржавы на бальшыні інтэрнэт-сайтаў некалькі дзён стаяць вышэй за вынікі алімпійцаў, а Беларускае тэлеграфнае агенцтва паведамляла пра ход гульні ў рэжыме он-ляйн. А ўвогуле ў Менску ўжо можна пачуць: хто мае кабэльнае ці спадарожнікавае тэлебачаньне, глядзяць Алімпіяду на “Эўраспорце”.

У дні чэмпіянату Эўропы ў футболе мы зьвярнулі ўвагу на мову тэлетрансьляцыяў з Партугаліі і адзначылі, што насуперак тэндэнцыі русыфікацыі БТ Павал Баранаў камэнтаваў матчы па-беларуску. І вось з Афінаў усе перадачы выходзяць па-расейску…

Тады, у чэрвені, Павал Баранаў сказаў мне, што абавязкова будзе імкнуцца да таго, каб камэнтаваць па-беларуску і Алімпійскія гульні. Адзіная перашкода, на якую ён спасылаўся – воля начальства.

(Баранаў: ) “Падчас чэмпіянату Эўропы быў дазвол начальства і мая асабістая ініцыятыва. І я ні на хвіліну не пашкадаваў, што перайшоў на беларускую мову. Хоць, самі разумееце, былі пэўныя цяжкасьці… Але, тым ня меней…”

Спадзяваньні, што і ў Афінах Павал будзе камэнтаваць спаборніцтвы на беларускай мове, ня спраўдзіліся. Пакуль я ня змог датэлефанавацца да Паўла ў Афіны, і зараз цяжка сказаць: чаго яму гэтым разам забракавала – дазволу начальства ці ўласнай ініцыятывы? Уся каманда беларускіх тэлежурналістаў выходзіць у эфір на расейскай мове. І гэта выглядае вельмі недарэчна, бо грэцкія рэдактары ў тытрах пішуць прозьвішчы беларускіх спартоўцаў лацінкай у беларускай транскрыпцыі – прыкладам, Алена Попчанка, Віталь Дзербянёў. Гэтак жа вымаўляюць іх і камэнтатары з усяго сьвету. А беларускія журналісты Інга Хрушчова і Павал Баранаў называюць іх – Елена Попченко, Виталий Дербенёв.
XS
SM
MD
LG