Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску не зарэгістравалі ініцыятыўныя групы праваабаронцы Шчукіна ды іншых апазыцыйных кандыдатаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск У Віцебску незарэгістраванымі засталіся ініцыятыўныя групы вядомага праваабаронцы Валерыя Шчукіна, старшыні абласной арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Аляксея Гаўруцікава, а таксама дэпутаткі гарсавету Вольгі Карач. Яны патрабуюць перагледзець рашэньне камісіяў, прынятае, на іхную думку, з парушэньнем Выбарчага кодэксу.

Паводле меркаваньня патэнцыйных кандыдатаў, выказанага ў часе сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі для мясцовых журналістаў, акруговыя камісіі №19 і №20, не зарэгістраваўшы іхныя ініцыятыўныя групы, парушылі Выбарчы кодэкс, у прыватнасьці 42-і артыкул гэтага дакумэнту, дзе гаворыцца пра тое, што акруговыя камісіі мусяць спрыяць вылучэньню кандыдатаў. Бо ніводная з гэтых камісіяў не паведаміла патэнцыйным кандыдатам пра прэтэнзіі да складу ініцыятыўных групаў, якія сталіся падставай для адмовы ў рэгістрацыі.

Так, акруговыя камісіі высьветлілі, што ў ініцыятыўную групу Валерыя Шчукіна трапіў грамадзянін Расеі, і што ў складзе ініцыятыўнае групы Вольгі Карач ёсьць няпоўнагадовая дзяўчына, якой 18 год споўніцца толькі праз тыдзень.

Што да ініцыятыўнае групы Аляксея Гаўруцікава, то два чалавекі адмовіліся ад працы за некалькі гадзінаў да рэгістрацыі. На думку прэтэндэнтаў на вылучэньне, гэтыя акалічнасьці ня мусілі стаць перашкодаю, бо нават пасьля выключэньня са сьпісаў пералічаных асобаў, колькасьць астатніх сябраў ініцыятыўных групаў усё адно перавышала неабходны для рэгістрацыі мінімум – 10 чалавек.

Гаворыць дэпутатка гарсавету Вольга Карач:

(Карач: ) “Я сапраўды лічу, што было зроблена ўсё, каб “зьняць” мяне з рэгістрацыі. І гэта ня толькі маё меркаваньне – гэта і меркаваньне маіх калегаў. У маёй ініцыятыўнай групе было 46 чалавек. І выключыць няпоўнагадовую дзяўчыну можна было без праблемаў! А па-другое, у акруговай камісіі было 4 дні – дастаткова часу, каб мяне папярэдзіць і каб я змагла перарабіць паперы. Цяпер я напісала скаргу у ЦВК на неправамоцныя дзеяньні акруговай камісіі № 19”.

Падобную скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію падрыхтаваў і Валеры Шчукін.

Старшыня абласной арганізацыі “Народнай Грамады” Аляксей Гаўруцікаў прыняў рашэньне вылучацца ад партыі.

Паводле словаў старшыні акруговай выбарчай камісіі №20 Тацяны Трушанінай, якая не зарэгістравала ініцыятыўную групу Аляксея Гаўруцікава, ад супрацоўніцтва з патэнцыйным кандыдатам адмовіліся адразу 2 чалавекі.

(Трушаніна: ) “У Гаўруцікава адна дзяўчына адмовілася – яна напісала заяву, што яе ўключылі ў склад ініцыятыўнае групы без ейнага ведама. А другая адмовілася па тэлефоне. Праўда, калі чальцы камісіі прыехалі да яе дахаты, яна не адчыніла дзьверы, і давялося складаць акт пра ейную адмову з-за дзьвярэй”.

Паводле актывістаў “Народнае Грамады”, падобныя выпадкі адмоваў у самы апошні момант набылі на Віцебшчыне масавы характар: з прычыны пагрозаў ад уласнага кіраўніцтва адмовіліся супрацоўнічаць у ініцыятыўных групах адразу некалькі дзесяткаў чалавек – у Віцебску, Пастаўскім ды Глыбоцкім раёнах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG