Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Брагіне зборшчыкаў подпісаў за дэмакратычных прэтэндэнтаў не бяруць на працу


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ленід Судаленка, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты парлямэнту ў Хойніцкай выбарчай акрузе №49, зьвярнуўся сёньня ў Цэнтарвыбаркам і місію АБСЭ ў Менску з прычыны ўціску на сяброў сваёй ініцыятыўнай групы.

У выбарчую акругу №49, апрача Хойнікаў, уваходзіць і Брагінскі раён. Акурат у Брагіне чыноўнікі райвыканкаму і сталі аказваць ціск на некаторых сяброў групы збору подпісаў прэтэндэнта ў кандыдаты Леаніда Судаленкі. Вось што распавёў нашаму радыё спадар Судаленка:

(Судаленка: ) “Сябру маёй ініцыятыўнай групы Натальлі Цалуйка патэлефанавалі з райвыканкаму і папярэдзілі, што калі яна будзе зьбіраць подпісы ў маю падтрымку, то не атрымае абяцанай працы. Натальля Цалуйка вымушана была здаць пасьведчаньне сябра маёй ініцыятыўнай групы. Апрача таго, ад начальніка мэтэастанцыі спадарыні Нікіценкі, дзе працуе другая сяброўка маёй групы, намесьнік старшыні райвыканкаму Гануш запатрабаваў тлумачэньня, як яна дапусьціла, што яе падначаленыя зьбіраюць подпісы за вылучэнца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі”.

Загадчык арганізацыйна-кадравай работы Брагінскага райвыканкаму Пётра Голік адмаўляе які бы то ні было ўціск на сяброў групы спадара Судаленкі.

(Голік: ) “Я нават ня ведаю. У нас усё нармалёва, спакойна. Ініцыятыўная група зарэгістравана ў Хойніцкай акруговай камісіі. Яны працуюць. Ад нашага кандыдата Куліка, цяперашняга дэпутату парлямэнту, таксама група зарэгістраваная. Ніхто з Натальляй Цалуйкай, ні зь іншымі ня гутарыў. Нам якая розьніца, хто будзе дэпутатам. На гэта ёсьць воля народу. Каго выберуць, таго выберуць. Дай Бог”, — сьцьвярджае прадстаўнік Брагінскага райвыканкаму спадар Голік.
XS
SM
MD
LG