Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму італьянскі вучань Віктара Сідзяка стаў алімпійскім чэмпіёнам, а беларус Зьміцер Лапкес застаўся без мэдаля?


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія алімпійцы працягваюць засмучаць заўзятараў. Нацыянальная зборная ў Афінах ўсё яшчэ застаецца без узнагародаў. Між тым, чакалася, што якраз у першыя дні беларускія спартоўцы заваююць тры “плянавыя” мэдалі. Нагадаем, усяго такіх мэдалёў, заплянаваных Аляксандрам Лукашэнкам, мусіць быць дваццаць пяць.

Паводле плянаў Міністэрства спорту, адкрыць лік заваяваным мэдалям на цяперашняй Алімпіядзе павінны былі беларускія стралкі. Меркавалася, што стралок з пнэўматычнага пісталета Канстанціна Лукашыка атрымае прынамсі бронзавы мэдаль. Але спадзяваньні ня спраўдзіліся. Гарадзенскі спартовец, які ў 1992 годзе ў Барсэлёне стаў алімпійскім чэмпіёнам, гэтым разам расчараваў. У першы дзень Алімпіяды ў так званых кваліфікацыйных спаборніцтвах Лукашык заняў 13-е месца і не патрапіў у фінал. У гэтым відзе стральбы няўдача напаткала і яшчэ аднаго вядомага беларускага спартоўца Ігара Басінскага, які на папярэдніх Алімпіядах заваяваў 4 мэдалі. Ён таксама ня патрапіў у фінал.

Наколькі лягічныя гэтыя спартовыя вынікі ў Афінах Лукашыка і Басінскага? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да вядомай беларускай спартоўкі Ірыны Шылавай, якая ў 1988 годзе на Алімпійскіх гульнях у Сэуле стала алімпійскай чэмпіёнкай у стральбе з пнэўматычнай вінтоўкі:

(Шылава: ) “Я гэтых хлопцаў вельмі люблю і ўпэўненая ў іх на 100 працэнтаў. Але на ўчорашні дзень, што яны заваююць мэдаль, я бы не паставіла”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Шылава: ) “Калі б рыхтавалі гэты алімпійскі сэзон нармалёва, то гэтыя мэдалі былі б. Калі ўзяць вынікі спаборніцтваў, то там бачны спад. Спад вялізны. Гэты спад быў усе чатыры гады. Але проста на яго ніхто не зьвяртаў увагі”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы думаеце наконт вынікаў выступаў Юліі Аліпавай і Вікторыі Чайкі, якія таксама не патрапілі ў фінал у стральбе з пнэўматычнага пісталета?”

(Шылава: ) “Шчыра кажучы, з гэтымі вынікамі яны і ехалі туды”, — лічыць алімпійская чэмпіёнка 1988 году Сэулу Ірына Шылава.

Бронзавы мэдаль мусіў атрымаць у Афінах цяжкаатлет Віталь Дзербянёў. Аднак гэты штангіст, які выступаў у другі дзень спаборніцтваў, быў усяго чацьвертым.

Таксама бронзавая ўзнагарода была заплянавана фэхтавальніку Зьмітру Лапкесу. Ён — шабліст. Як і Дзербянёў, завяршыў спаборніцтвы на чацьвертым месцы. Ёсьць розныя меркаваньні наконт выступу Лапкеса. Адны заўзятары лічаць яго ўдалым, нягледзячы на тое, што беларус застаўся без узнагароды. Рэч у тым, што ў чвэрцьфінале Лапкес перамог чатырохразовага алімпійскага чэмпіёна расейца Станіслава Пазьнякова. З іншага боку, у паўфінале Зьміцер саступіў будучаму алімпійскаму чэмпіёну італьянцу Альта Мантану, якога трэніраваў у свой час у Італіі чатырохразовы алімпійскі чэмпіён зь Беларусі Віктар Сідзяк:

(Сідзяк: ) “Вядома, з Мантана ў яго бой праваліўся. Псыхалягічна ён проста ня быў падрыхтаваны да гэтага бою. Абсалютна. Рэч у тым, што ён паехаў практычна адзін туды біцца. Што гэта такое — два чалавекі паехалі ад фэхтаваньня?! Усяго. Потым, я ж працаваў з Мантана. Я трэніраваў Мантана ў Ліворна сем гадоў. Мантана — гэта мой вучань. Італьянцы па тэлебачаньні перадалі пра гэта. Беларусы мне не тэлефанавалі, а Мантана напярэдадні баёў патэлефанаваў. Ён на парад не пайшоў, сказаў мне: “Віктар, я заўтра змагаюся”. Але ўрэшце: я ж у гэтай краіне жыву, выступаў за гэтую краіну. Яны маглі зьвярнуцца да мяне з просьбай паспрыяць”.

Пасьля спаборніцтваў гімнастаў у кваліфікацыі Беларусь тэарэтычна захоўвае шанец на бронзавы мэдаль Алімпіяды. Нагадаю, ён быў заплянаваны Івану Іванкову ў выступе на кольцах. І хаця ў гэтым відзе Іванкоў праваліў пляны, ён рэабілітаваў сябе ў спаборніцтвах на брусах, дзе выступіць у фінале. Прынамсі, яго партнэр па мужчынскай камандзе Дзяніс Савянкоў страціў і такую магчымасць, бо ягоны вынік — 42-е месца. Цяперашняя Алімпіяда засьведчыла працяг заняпаду беларускай школы жаночай гімнастыкі. Толькі 59-ы вынік паказала ў Афінах беларуская спартоўка Юлія Тарасенка. Вядомы айчынны трэнэр Рэнальд Кныш, які ў свой час падрыхтаваў алімпійскую зорку беларускай гімнастыкі Вольгу Корбут, так пракамэнтаваў выступ гімнасткі, што цяпер абараняе гонар Беларусі:

(Кныш: ) “Дык гэтага і варта было чакаць. Недальнабачна было яе везьці на Алімпійскія гульні. У яе нават поўных камбінацыяў няма. Гэта абсалютна непадрыхтавана да вялікіх спаборніцтваў чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы думаеце наконт выступу Іванкова?”

(Кныш: ) “А Іванкову таксама далі рыхтаваць чатыры снарады да гэтых Алімпійскіх гульняў. Далі бы адзін, каб ён адпрацаваў да бляску. Я бачыў ягоную камбінацыю на брусах. Там памылак шмат. Я ў яго налічыў каля пяці памылак. На якое дзіва можна было спадзявацца?!” — лічыць Рэнальд Кныш, вядомы беларускі трэнэр па спартовай гімнастыцы.
XS
SM
MD
LG