Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 верасьня ўсе канцэрты ў Беларусі — толькі з дазволу цэнзуры


Валянціна Аксак, Менск У Міністэрстве культуры распрацаваны праект пастановы, у выпадку прыняцьця якой для правядзеньня канцэртаў патрэбны будзе дазвол адпаведных камісіяў мясцовых ці рэспубліканскіх уладаў. Паводле неафіцыйных крыніцаў, новаўвядзеньне пачне дзейнічаць з 1 верасьня.

Паводле распрацаванага праекту, зьмены ў арганізацыі канцэртнай дзейнасьці прадугледжваюцца ў фінансавай і рэпэртуарнай сфэрах. Дагэтуль бясплатна ладзілі канцэрты Палац рэспублікі, канцэртная заля “Менск” і яшчэ некалькі дзяржаўных структураў. Астатнія, нават Белдзяржфілярмонія, мусілі купляць ліцэнзію на кожны канцэрт. Хоць і плацілі за яе ў дваццаць разоў менш, чым недзяржаўныя структуры.

Цяпер усе дзяржаўныя агенцыі, згодна з праектам, будуць вызваленыя ад платы за канцэртныя ліцэнзіі. Адпаведна плянуецца яшчэ ўзьняць і без таго высокую плату за дазвол на кожны канцэрт, які ладзяць незалежныя структуры. Пра гэта ў інтэрвію нашаму радыё сказаў Уладзімер Шаблінскі, кіраўнік недзяржаўнае канцэртнае агенцыі “Лінія гуку”, якая найбольш актыўная ў наладжваньні гастроляў па краіне беларускіх музыкаў. Спадар Шаблінскі сказаў:

(Шаблінскі: ) “Якія яшчэ будуць зьмены, я шчыра скажу, ня ведаю, — трэба чакаць 1 верасьня і глядзець, што адбудзецца. Але нічога добрага я ад гэтага не чакаю”.

“Лінія гуку” плянуе распачаць чарговы канцэртны сэзон восеньскімі турамі “Крамбамбулі” і “NRM”. Ці адбудуцца яны, прагназаць цяжка, бо ўжо цяпер чыноўнікі на месцах кажуць, што, маўляў, беларуская музыка забароненая. З гэтым сутыкнуўся кіраўнік групы “Беларуская музычная альтэрнатыва” Віталь Супрановіч. Арганізоўваны ім на 28 жніўня канцэрт “Крамбамбулі” ў вёсцы Новыя Доктаравічы, што на Копыльшчыне, пад пагрозай зрыву.Спадар Супрановіч кажа, што паводле праэкту мясцовыя чыноўнікі будуць мець паўнамоцтвы фактычнае цэнзуры канцэртных праграмаў.

(Супрановіч: ) “У гэтым праекце пастановы напісана, што могуць стварацца камісіі, якія будуць праглядаць і праслухоўваць праграмы канцэртаў, перад тым, як даць дазвол на іх. Могуць нават сказаць, што мы павінны даць перад імі канцэрт. Яны паглядзяць і ўжо потым скажуць, ці варта яго паказваць на публіку”.

З прыняцьцём гэтае пастановы праблемаў у арганізацыі канцэртаў беларускіх гуртоў, кажа спадар Супрановіч, стане яшчэ болей, чым цяпер, а многія не адбудуцца з прычыны простае перастрахоўкі мясцовых чыноўнікаў. А вось Арына Вячорка, аўтарка праекту гістарычнае музыкі “Легенды Вялікага княства”, глядзіць на сваю справу больш аптымістычна:

(Вячорка: ) “Што тычыцца мяне і маёй праграмы “Легенды Вялікага Княства”, то яна будзе дзейнічаць незалежна ад цэнзуры, таму што я супрацоўнічаю з Моладзевым тэатрам эстрады. Ён уваходзіць у сетку Міністэрства культуры — гэта такая паддзяржаўная арганізацыя, якая, я думаю, будзе ўладжваць усе пытаньні сама”.

Спадарыня Вячорка таксама лічыць, што калі фінансавым і цэнзурным мэтадам дзяржаве ўдасца задушыць дзейныя беларускія канцэртныя структуры, то на іх месцы непазьбежна паўстануць новыя.

(Вячорка: ) “Спроба дзяржавы неяк так паставіць нашу прыватную дзейнасьць на дзяржаўныя рэйкі — яна ў іх не атрымаецца”.

***

У чэрвені падчас канцэрту ў Віцебску вядомы расейскі рок-музыка Юры Шаўчук выканаў песьню “Родина”, прысьвяціўшы яе Васілю Быкаву. Перад выкананьнем Шаўчук, зьвяртаючыся да залі, сказаў, што для яго Быкаў зьяўляецца самай знакавай асобай у Беларусі. У той жа дзень у Віцебску Аляксандар Лукашэнка праводзіў сэмінар для кіруючых кадраў і некаторыя ўдзельнікі сэмінару прысутнічалі на канцэрце Шаўчука.

На наступны дзень урачыстага канцэрту ўсе 22 выступы выканаўцаў былі папярэдне ўзгодненыя й зацьверджаныя ў віцебскім аблвыканкаме.
XS
SM
MD
LG