Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: На вуліцы зь якой назвай вы хацелі б жыць?


Галіна Абакунчык, Менск Рашэньнем Менгарвыканкаму ў Менску перайменаваныя некалькі дзясяткаў вуліцаў прысталічных вёсак, якія сёлета ўвайшлі ў межы гораду. Перайменаваныя некаторыя іншыя менскія вуліцы і сквэры. На вуліцы зь якой назвай вы хацелі бы жыць?

Да назваў вуліцаў апытаныя сёньня мінакі выказвалі самае разнастайнае стаўленьне. Вось некаторыя адказы на пытаньне.

(Карэспандэнтка: ) “На вуліцы зь якою назвай вы хацелі бы жыць?”

(Спадар: ) “Напэўна, Міра”.

(Юначка: ) “Янкі Купалы — вельмі падабаецца. Тут і музэй Янкі Купалы, і парк вельмі прыгожы”.

(Спадар: ) “На вуліцы Лермантава. Падабаецца назва гэтай вуліцы”.

(Спадар: ) “Больш беларускіх назваў трэба каб было — Янкі Купалы, Якуба Коласа”.

(Спадарыня: ) “Ну, я натура, магчыма, рамантычная. Таму жыць хацела бы на вуліцы, якая насіла бы літаратурную, мастацкую назву, словам — рамантычную”.

(Юначка: ) “На вуліцы Максіма Багдановіча, канечне ж. Бо гэта славуты беларускі паэт, які хоць і пражыў усё сваё жыцьцё ў Расеі, але застаўся верны свайму народу і сваёй мове”.

Адметна, што многія суразмоўцы казалі, што ім падабаецца назва менавіта той вуліцы, дзе яны жывуць самі.

(Карэспандэнтка: ) “На вуліцы зь якою назвай вы хацелі бы жыць?”

(Спадарыня: ) “На Максіма Багдановіча, бо я там і жыву”.

(Юначка: ) “На вуліцы Цікоцкага. Бо мне вельмі падабаецца гэты раён, і назва вуліцы таксама. Добра гучыць, у прынцыпе”.

(Спадарыня: ) “На вуліцы Кісялёва, былой Захарава, частку яе назвалі Кісялёва. Там вельмі прыгожа, ціха, я там і жыву”.

(Спадар: ) “На вуліцы Пуліхава. Бо гэта быў рэвалюцыянэр, які адстойваў інтарэсы бедных слаёў насельніцтва. Ну й загінуў за гэтую ідэю. Я там і жыву”.

(Юнак: ) “На Прэабражэнскай. Рэч такая, што я цяпер жыву на Інтэрнацыянальнай вуліцы, але некалі яна называлася Прэабражэнская”.

(Спадарыня: ) “На якой-небудзь садовай, цьвяточнай. Вось я цяпер жыву на Садовай вуліцы, мне падабаецца гэтая назва”.

(Юнак: ) “Вельмі люблю вуліцу Якуба Коласа, абажаю гэты раён і гэтую сваю вуліцу Якуба Коласа”.

Гэта былі адказы мінакоў на пытаньне: на вуліцы зь якой назвай вы хацелі бы жыць?
XS
SM
MD
LG