Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патэнцыйны кандыдат з Амсьціслава заявіў аб уціску з боку ўладаў на сябраў ініцыятыўнай групы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Нацыянальнага сходу з Амсьціслава Аляксандар Галакціёнаў заявіў, што пад ціскам чыноўнікаў з райвыканкаму сябры ягонай ініцыятыўнай групы вымушаныя адмаўляцца ад удзелу ў зборы подпісаў.

Ініцыятыўная група Аляксандра Галакціёнава была зарэгістраваная ў камісіі 67-й Горацкай выбарчай акругі колькасьцю 19 чалавек. Аднак неўзабаве сябры групы сталі адмаўляцца ад удзелу ў ёй. На сёньня ў акруговую камісію, паводле Галакціёнава, паступіла дзесяць заяваў з просьбамі людзей выключыць іх са складу ініцыятыўнай групы. Гэта можа стаць падставай для скасаваньня рэгістрацыі, таму што, паводле закону, у ініцыятыўнай групе павінна быць не меней за 10 чалавек.

Аляксандар Галакціёнаў упэўнены, што гэта сытуацыя ёсьць вынікам дзеяньняў амсьціслаўскіх уладаў.

(Галакціёнаў: ) “Справа ў тым, што нейкім чынам сьпіс зборшчыкаў подпісаў трапіў у райвыканкам, і там арганізоўваецца праца па ціску на гэтых людзей, каб прымусіць іх пад пагрозамі пісаць заявы пра выхад з ініцыятыўнай групы”.

У групу Галакціёнава, які сам працуе настаўнікам у сельскай школе, уваходзяць у асноўным “бюджэтнікі” — пэдагогі й інжынэры. Паводле патэнцыйнага кандыдата, ім пагражаюць звальненьнем з працы.

(Галакціёнаў: ) “Прапануюць выбар: альбо ты пішаш заяву, альбо ў гэтым раёне ты больш ня знойдзеш сабе месца працы. Калі чалавек і ў такой сытуацыі не згаджаецца пісаць гэтую заяву, тады яму могуць, як бы ў выпадак, прапанаваць лепшае месца працы, літаральна так”.

Аляксандар Галакціёнаў называе канкрэтныя прозьвішчы чыноўнікаў, аднак у райвыканкаме інфармацыю патэнцыйнага кандыдата абвяргаюць. Вось што сказала ў гутарцы загадчыца ідэалягічнага аддзелу Людміла Касьцюк:

(Касьцюк: ) “У мяне шмат знаёмых, я шмат з кім магу размаўляць — і на асабістыя тэмы, і на грамадзкія. Але ніхто нідзе ніякія ганеньням… Ня ведаю, я лічу, што гэта нейкае непаразуменьне”.

Горацкая выбарчая камісія будзе абмяркоўваць пытаньне пра ініцыятыўную групу Галакціёнава найбліжэйшымі днямі, і сытуацыя на гэты момант застаецца няпэўная.

Між тым, лідэры магілёўскіх абласных арганізацыяў палітычных партыяў, якія ўваходзяць у кааліцыю “5+”, зьвярнуліся з адкрытым лістом да старшыні аблвыканкаму Барыса Батуры.

У лісьце зьвяртаецца ўвага на тое, што ў цяперашнюю кампанію ніводны апазыцыянэр не ўвайшоў у склад акруговых выбарчых камісіяў Магілёўскай вобласьці. Рэгіянальных лідэраў кааліцыі “абурае тое, што ў самым пачатку выбарчай кампаніі ўлады вобласьці не прымаюць меры, каб выбары былі справядлівымі, свабоднымі й празрыстымі”.
XS
SM
MD
LG