Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца назіральнікаў ад АБСЭ прыедзе ў Беларусь з Іраку, чакаецца да 300 назіральнікаў


Юры Сьвірко, Менск Місію назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ ачоліць былая дырэктарка БДІПЧ брытанка Одры Главэр, якая цяпер працуе ў Іраку. Яна разам зь першай групай назіральнікаў прыедзе ў Менск 30 жніўня. Бюро АБСЭ запрасіла назіраць за беларускімі парлямэнцкімі выбарамі больш за 300 чалавек.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ (БДІПЧ), якое знаходзіцца ў Варшаве, пацьвердзіла, што атрымала ад беларускага Міністэрства замежных справаў запрашэньне ўзяць удзел у назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі. Гэта адбылося ў той жа дзень, калі пра запрашэньне абвясьціла МЗС Беларусі ў Менску. Бюро АБСЭ прыняло запрашэньне й паінфармавала беларускую амбасаду ў Польшчы, што накіруе групу назіральнікаў ужо ў гэтым месяцы.

Супрацоўніца аддзелу АБСЭ ў справе назіраньня за выбарамі Халі Рутраф распавяла Радыё Свабода:

(Рутраф: ) “Мы накіруем сяброў нашай галоўнай каманды — тае каманды, якая арганізоўвае місію ды робіць аналіз усіх перадвыбарчых падзеяў. Гэтыя экспэрты будуць накіраваныя ў Менск 30 жніўня”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле спадарыні Рутраф, гэта каманда будзе працаваць у Беларусі да канца выбараў. А колькі будзе назіральнікаў ад АБСЭ?”

(Рутраф: ) “Мы запрасілі ад дзяржаваў-сяброў 300 кароткачасовых назіральнікаў і 30 доўгачасовых. Але гэта запрашэньне, якое бюро АБСЭ даслала дзяржавам-сябрам АБСЭ”.

Аплачваць выдаткі назіральнікаў мусяць самі краіны, таму колькасьць сяброў місіі назіраньня будзе, відавочна, меншай за 300 чалавек, паведаміла Халі Рутраф. Яна дадала, што ўвосень адбываецца даволі шмат выбараў у краінах СНД — у Казахстане парлямэнцкія, ва Ўкраіне прэзыдэнцкія й гэтак далей. Але паколькі Беларусь — важная краіна для АБСЭ, то, як спадзяецца спадарыня Рутраф, колькасьць назіральнікаў будзе блізкай да колькасьці разасланых запрашэньняў.

(Карэспандэнт: ) “Ці вядома ўжо, хто будзе ачольваць місію назіральнікаў ад АБСЭ ў Беларусі?”

(Рутраф: ) “Кіраўніцай місіі будзе амбасадарка Одры Главэр”.

Спадарыня Главэр, грамадзянка Вялікай Брытаніі, была дырэктарам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ з 1994 да 1997 году, таму мела магчымасьць сачыць за абодвума рэфэрэндумамі ў Беларусі ды выбарамі ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня.

Пазьней яна прадстаўляла Вялікую Брытанію ў камісіі правоў чалавека ААН. Сёлета спадарыня Главэр атрымала вядомасьць у Іраку, дзе стала галоўнай дарадцай міністэрства правоў чалавека й пераходнай юстыцыі ў Багдадзе. Одры Главэр займалася праблемай забесьпячэньня адвакатамі тых, хто сядзіць у ірацкіх турмах. У Іраку яна заявіла: “Культура правоў чалавека будзе разьвівацца, але гэта ня можа адбыцца за адны суткі”. Одры Главэр дае парады ў справе стварэньня ў Іраку мэханізмаў абароны правоў чалавека, у тым ліку вывучэньня ірацкімі чыноўнікамі міжнародных дамоваў аб правах чалавека, якія падпісаў Багдад. Як чакаецца, спадарыня Главэр прыедзе ў Менск на пачатку верасьня.
XS
SM
MD
LG