Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як тэлевізія ўплывае на здароўе дзяцей?


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. Сёньня – пра новыя дасьледаваньні амэрыканскіх мэдыкаў аб шкодным уплыве тэлевізіі на фізычнае і псыхічнае здароўе дзяцей.

Шматгадзіннае сядзеньне дзяцей перад тэлевізарам непазьбежна прывядзе да разумовых і фізычных стратаў. Гэта – вынікі некалькіх буйных дасьледаваньняў, праведзеных амэрыканскімі мэдыкамі. Наогул, тэлевізар глядзець штораз болей дзеці ва ўсіх частках сьвету, але амэрыканскія лічбы ўражваюць і могуць паказаць пэрспэктыву для іншых краінаў.

Сярэдняе амэрыканскае дзіця глядзіць тэлевізар чатыры гадзіны ў дзень і кожны год бачыць дзясяткі тысяч камэрцыйных ролікаў, дзе рэклямуецца нездаровая ежа з высокім утрыманьне тлушчаў, цукру і солі. Таксама за год перад вачыма дзіцяці прабягаюць тысячы эпізодаў гвалту, піцьця алькаголю і неадпаведных яго ўзросту сэксуальных сцэнаў.

Да таго часу, як амэрыканскі падлетак закончыць сярэднюю школу, ён амаль у два разы болей правядзе часу ля тэлевізіі, чым ў клясным пакоі. Амаль 60% амэрыканскіх дзяцей ва ўзросьце 8-16 гадоў маюць тэлевізары ў сваіх спальнях. Палова амэрыканскіх сем’яў маюць у дамах па тры і болей тэлевізары, абсалютная большасьць (прычым, незалежна ад узроўню даходу) ня менш за два.

Даўно прызнаны й пацьверджаны шматлікімі дасьледаваньнямі факт – яго называюць факт №1: дзіця, якое сядзіць ля тэлевізара, мала рухаецца, спальвае менш калёрыяў і больш есьць. Пры гэтым эфэкт вельмі малога спальваньня калёрыяў назіраецца у такіх дзяцей падчас любой дзейнасьці, апрача сну.

Скарачэньне часу перад тэлевізарам, – заявіў доктар Уільям Дайц з Амэрыканскага цэнтру кантролю й прадухіленьня хваробаў – самы эфэктыўны сродак зьменшыць вагу дзяцей.

У Дзіцячай клініцы Сыэтлу правялі дасьледаваньне з удзелам дзьвюх з паловай тысяч дзяцей. У выніку аказалася, што чым болей тэлевізар дзіця глядзіць да трох гадоў, тым болей праблемаў з канцэнтрацыяй увагі ў яго будзе ва ўзросьце 7 гадоў. Дасьледаваньне функцыі мозгу паказваюць, што калі дзіця глядзіць тэлевізар, у яго разьвіваецца так званая залежнасьць розуму, і адначасова павялічваецца агрэсіўнасьць, паніжаецца ўзровень цярпімасьці і памяншаецца ўвага. Усе гэтыя працэсы ідуць замест разьвіцьця ў левым паўкулі моўных цэнтраў.

Яшчэ адзін неабвержны факт – дзіця, якое шмат глядзіць тэлевізар, мае праблемы са сном і большую верагоднасьць пачаць курыць. Дасьледаваньне ў Цэнтры дзіцячага здароўя ў горадзе Сан-Дыега паказала, што дзеці ва ўзросьце 10-15 гадоў, якія глядзелі тэлевізар 5 ці болей гадзінаў у дзень, у 6 разоў больш схільныя пачаць курыць, чым тыя, хто глядзіць тэлевізар меней за 2 гадзіны штодзень.

У сувязі зь відавочна шкодным уплывам тэлевізіі на здароўе й разумовае разьвіцьцё дзяцей, амэрыканская Акадэмія пэдыятрыі распрацавала спэцыяльныя рэкамэндацыі для бацькоў.

1. Вырашыце, колькі часу і калі вашае дзіця можа глядзець тэлевізар кожны дзень – лепш, каб гэта была адна гадзіна, але ў кожным выпадку ня болей за дзьве. Не забараняйце дзецям глядзець тэлевізар, выкарыстоўваючы словы: “Табе нельга глядзець тэлевізар...” Прапануйце дзецям па-сяброўску выключыць тэлевізар, каб разам пачытаць кнігу, праехацца на ровары, або пагуляць зь сябрамі. Калі вы ўсталюеце ліміт, прытрымвайцеся яго.

2. Не выкарыстоўвайце тэлевізію як узнагароду ці пакараньне – гэта толькі павялічыць яе каштоўнасьць у вачах дзіцяці. Не дазваляйце вашым дзецям глядзець тэлевізар падчас ежы або выкананьня хатняга заданьня. Калі менавіта ў гэты час трансьлюецца любімая праграма, запішэце яе на відэа для пазьнейшага прагляду.

3. Не выкарыстоўвайце тэлевізар як часовую няньку, якая зойме ўвагу дзіцяці на патрэбны вам час. Калі вы патрабуеце спакойны час, каб, скажам, прыгатаваць абед, вы можаце якраз тады прызначыць прагляд выбраных праграмаў. Для іншых гаспадарчых працаў выкарыстоўвайце і дзяцей, даручайце ім разьвешваць бялізну, мыць посуд і прыбіраць у хаце.

4. Плянуйце час прагляду тэлевізіі, добра вывучыўшы расклад перадач, і выключайце тэлевізар адразу пасьля заканчэньня выбранай праграмы. Вельмі карысна выкарыстоўваць дзіцячае відэа з салёну пракату відэакасэт. Абмяркоўвайце зь дзецьмі ўсё, што яны бачаць па тэлевізары, пераканайцеся, што яны разумеюць прыдуманы, нерэальны характар тэлепэрсанажаў.

5. Не дазваляйце дзецям глядзець мультфільмы, праграмы й выпускі навінаў, а таксама камэрцыйныя перадачы са сцэнамі гвалту і сэксу. Тлумачце дзецям, што рэклямныя перадачы пакліканы, каб прымусіць чалавека купіць рэч, у якой ён, магчыма, ня мае патрэбы. Падавайце добры прыклад, абмежаваўшы і свой час ля тэлевізара. Будзе вельмі добра, калі вы адзін дзень у тыдзень усёй сям’ёй адмовіцеся ад прагляду тэлепраграмаў – назавіце гэты дзень “днём бяз тэлебачаньня”.
XS
SM
MD
LG