Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 жніўня 1945 году да Польшчы адышла амаль уся Беластоцкая вобласьць


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 16 жніўня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

Дзень 15 жніўня 1068 году стаў паваротным у жыцьці легендарнага полацкага князя Ўсяслава. Захоплены ў кіеўскі палон, ён сядзеў у вязьніцы, калі акурат 15 жніўня кіеўляне паўсталі супраць свайго князя Ізяслава, скінулі яго з пасаду і абралі на пасад Усяслава. Славуты палачанін княжыў там 7 месяцаў, а ўрэшце вырашыў вярнуцца дадому, у Полацак.

15 жніўня 1913 году ў Радашкавічах адбылася прэм’ера знакамітай п’есы “Паўлінка”. Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Фларыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар – Янка Купала.

15 жніўня 1972 году ў Менску пры нявысьветленых абставінах быў забіты мастак, лідэр нацыянальнага адраджэнскага руху Лявон Баразна. Непасрэдна перад забойствам ён рыхтаваў акцыю пратэсту супраць разбурэньня гістарычнага цэнтру Менску.

Сярод знакамітых людзей сьвету, што нарадзіліся 15 жніўня, прыгадаем францускага імпэратара Напалеона Банапарта і ангельскага пісьменьніка Вальтэра Скота, беларускага мовазнаўцу Аляксандра Крывіцкага. А яшчэ 15 жніўня ў 1960 годзе нарадзіўся лідэр і вакаліст гурта “Крама” Ігар Варашкевіч. Калі ж казаць пра папулярную музыку, дык нельга не прыгадаць, што 15 жніўня 1990 году загінуў у аўтааварыі кумір савецкай моладзі Віктар Цой.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

16 жніўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Антон. Імя гэтага сьвятога ў народзе зьвязвалі зь вятрамі, якія называлі “Антоны-віхравеі”. Лічылася, што моцныя вятры ў гэты дзень абяцаюць сьнежную зіму.

16 жніўня 1945 году, згодна з дамовай паміж СССР і Польшчай, ад Беларусі да Польшчы адышла амаль уся Беластоцкая вобласьць у складзе 17 раёнаў з абласным цэнтрам і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. У межах польскай дзяржавы апынулася значная колькасьць беларускага насельніцтва. Цяпер беларусы ў Польшчы – адна з самых вялікіх нацыянальных меншасьцяў.

16 жніўня 1903 году прыйшоў на сьвет Мікола Абрамчык – будучы прэзыдэнт Беларускай Народнай Рэспублікі. Нарадзіўся ён у вёсцы Сычавічы цяперашняга Маладзечанскага раёну. Вучыўся ў Празе. Стаў адным зь лідэрам беларускае эміграцыі. Раду БНР узначальваў з 1947 году да самае свае сьмерці – у 1970-м.
XS
SM
MD
LG