Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны Алімпіяды – Дзень другі: Беларусы пакуль ня маюць ніводнага мэдаля


RFE/RL Сёньня, у другі дзень спаборніцтваў, на алімпійскіх гульнях ў Афінах беларусы ніводнага мэдаля не здабылі.

Сёньня беларускі тэнісіст Максім Мірны выйшаў у другі раунд алімпійскага тэніснага турніру у Афінах. Ён выйграў у 1/32 фіналу ў аргентынца Хуана Ігнасіё Чэлы – 3:6, 7:6 (7:0), 6:4. Гульня была вельмі напружанай, першы сэт выйграў аргентынец. У 1/16 фіналу супернікам Максіма Мірнага будзе Ярка Ніемінэн з Фінляндыі.

Іншы беларускі тэнісіст Уладзімір Ваўчкоў у першым раундзе прайграў Нікаласу Кіфэру зь Нямеччыны і выбыў з турніру. Але ён яшчэ будзе ўдзельнічаць у парным разрадзе з Максімам Мірным.

Алена Попчанка, чэмпіёнка сьвету у плаваньні 2003 году, выйшла у фінал на дыстанцыі 100 мэтраў стылем батэрфляй, але ў фінале заняла толькі сёмае месца. Беларускія трэнэры маюць найбольшыя спадзяваньні адносна выступу Алены Попчанкі на дыстанцыі 200 мэтраў вольным стылем.

Беларускія майстры у акадэмічным веславаньні сёньня выйшлі у паўфінал алімпійскіх спаборніцтваў у Афінах. Двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў акадэмічным веславаньні Кацярына Карстэн, якая выступае за каманду Беларусі, патрапіла учора ў паўфінал. У часе чатырох папярэдніх заездаў беларуска заняла трэцяе месца сярод чатырох спартовак, што возьмуць удзел у паўфінальных стартах.

Сёньня адбыўся фінал у стральбе з пнэўматычнага пісталету на 10 м. у жанчынаў. Беларускія спартоўкі Юлія Аліпава й Вікторыя Чайка ў фінальную васьмёрку ня трапілі і занялі адпаведна 10-е і 16-е месцы.

Напярэдадні беларускія стралкі Канстанцін Лукашык, чэмпіён Алімпіяды-92 у Барселоне, і Ігар Басінскі, неаднаразовы алімпійскі прызёр, ня здолелі ўвайсьці ў фінальную васьмёрку мацнейшых і занялі толькі 13 і 11 месцы.

Алімпійскія спаборніцтвы яхтсмэнаў перанесеныя з панядзелку на аўторак у сувязі з неспрыяльным прагнозам надвор’я. У панядзелак у Афінах чакаецца моцны вецер і магчымая навальніца. Беларусь у гэтай спартовай галіне упершыню на алімпійскіх гульнях будзе прадстаўляць Тацяна Драздоўская.

Сёньня былі разыграныя некалькі камплектаў узнагародаў у цяжкай атлетыцы. У вагавой катэгорыі да 56 кг беларус Віталь Дзербянёў заняў 6-е месца. У жанчын у вагавой катэгорыі да 53 кг беларуска Настасься Новікава таксама заняла толькі 6 месца.

Жаночая вэлягонка таксама не прынесла мэдалю беларускай камандзе. Зінаіда Стагурская прыехала 19-й, а Вольга Гаева – 45-й.

Гл. таксама • Навіны Алімпіяды – Дзень першы: 17 беларускіх спартоўцаў выступілі ў 8 відах спорту
XS
SM
MD
LG