Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны Алімпіяды – Дзень першы: 17 беларускіх спартоўцаў выступілі ў 8 відах спорту


RFE/RL Сёньня, у першы дзень спаборніцтваў, на алімпійскіх гульнях ў Афінах стартуюць 17 беларускіх спартоўцаў у васьмі відах спорту.

Двухразовая алімпійская чэмпіёнка ў акадэмічным веславаньні Кацярына Карстэн, якая выступае за каманду Беларусі, патрапіла сёньня ў паўфінал. У часе чатырох папярэдніх заездаў беларуска заняла трэцяе месца сярод чатырох спартовак, што возьмуць удзел у паўфінальных стартах.

Беларускі жаночы экіпаж у акадэмічным веславаньні выйшаў у Афінах у фінал. Беларускія спартоўкі – Юлія Бычык і Натальля Гелах – ў часе папярэдніх заездаў паказалі найлепшы час, адарваўшыся ад вясьлярак з Румыніі.

Неспадзяванку зрабіў беларускі шабліст Зьміцер Лапкес, які ў чвэрцьфінальнай сустрэчы ўпэўнена перамог аднаго з фаварытаў турніру, чатырохразовага алімпійскага чэмпіёна Станіслава Пазьнякова з Расеі. У паўфінале беларус сустрэнецца з італьянскім шаблістам Альда Мантана.

Беларускія стралкі Канстанцін Лукашык і Ігар Басінскі, якія выступалі ў спаборніцтвах у стральбе з адлегласьці 10 мэтраў з пнэўматычнага пісталету, ня здолелі ўвайсьці ў фінальную васьмёрку мацнейшых і занялі толькі 11 і 13 месцы.

Не атрымалася патрапіць у лік мацнейшых і ў беларускіх дзюдаістаў. Тацьцяна Масквіна заняла 7 месца, а Сяргей Новікаў – 17.

А першыя мэдалі ў Алімпійскіх гульнях ужо атрымалі жанчыны – стралкі з пнэўматычнай вінтоўкі з адлегласьці 10 мэтраў. Перамагла кітайская спартоўка Лі Ду, “серабро” заваявала прадстаўніца Расеі, а бронзавы мэдаль – спартоўка з Чэхіі. Дарэчы, у 1988 годзе ў Сэўле ў гэтай дысцыпліне беларуска Ірына Шылава заваявала залаты мэдаль.

Двухразовы чэмпіён сьвету у дзюдо Араш Мірэшмаэлі, адмовіўся выступаць на алімпіядзе пасьля жэраб’ёўкі, калі аказалася, што ён мусіць сустрэцца са спартоўцам з Ізраілю.

Справа ў тым, што ад часу ісламскай рэвалюцыі ў Іране ў 1979 годзе, Іран не прызнае існаваньня дзяржавы Ізраіль.

Іранец быў адным з галоўных кандыдатаў на залаты мэдаль у Афінах.

Украінскі баксёр Ігар Пашчук не дапушчаны да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях з-за таго, што ён не зрабіў самай простай рэчы – не прайшоў мэдычнага агляду і таму быў дыскваліфікаваны.

Амэрыканская бягуньня Торы Эдвардс, якая была дыскваліфікаваная на два гады за ўжываньне допінгу, падала апэляцыю. Адна з галоўных прэтэндэнтак на залаты мэдаль у бегу на 100 мэтраў спадзяецца ўсё ж выступіць у Афінах.

Эдвардс сьцьвярджае, што недазволены сродак – нікетамід – патрапіў у яе арганізм памылкова. Паводле словаў спартоўкі, яна купіла ў Францыі лек, але, паколькі ня ведае французскую мову – не ўбачыла, што я го склад уваходіць забаронены сродак.

На алімпіядзе прысутнічаюць і шэраг знаных палітыкаў, сярод якіх прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр, які з’явіўся на турніры ў веславаньні ў афіцыйнай алімпійскай форме брытанскай зборнай. Блэр заявіў, што хоча пабачыць, “як абудзіць у краіне энтузіязм да спорту”. Лёндан ёсьць адным з галоўных прэтэндэнтаў на правядзеньне алімпійскіх гульняў у 2012 годзе.
XS
SM
MD
LG