Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабрабыт беларускіх алімпійцаў: гульня бяз правілаў


Севярын Квяткоўскі, Менск У адрозьненьне ад суседніх краінаў, Беларусь адзначае сваіх алімпійскіх чэмпіёнаў аднаразовымі прэміямі. Сёлета за золата, срэбра й бронзу беларускія алімпійцы могуць разьлічваць адпаведна на 60, 30 і 20 тысяч даляраў. А таксама на атрыманьне прэзыдэнцкай стыпэндыі: ад тысячы да паўтары даляраў... да наступнай Алімпіяды.

Алімпійскі чэмпіён – герой нацыі, прычым пажыцьцёвы. Гэта – волат, які праслаўляе родную зямлю. Алімпіец – замена ваяра, магчымасьць праслаўляць сябе й свой народ бяз гвалту. Так было і ёсьць у кожнай краіне. Але адносна нядаўна алімпіец пачаў асацыявацца са словам “прафэсіянал”, а сама Алімпіяда – зь вялікім бізнэсам. Бізнэс – гэта грошы, Алімпіяда – вялікія грошы. Пра зямное – грошы – крыху пазьней. А пакуль што пра вечнае – пра славу.

* * * Афіцыйны сайт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі вядзе гісторыю беларускіх алімпійцаў ад 1952 году, калі СССР першы раз узяў удзел у Гульнях. У 1960-м у Рыме першымі алімпійскімі чэмпіёнамі з Савецкай Беларусі сталі дужаньнік Алег Караваеў, весьляры Леанід Гейштар і Сяргей Макаранка, фэхтавальшчыца Тацяна Самусенка. З таго часу Беларусь дала 59 алімпійскіх чэмпіёнаў. За паўстагодзьдзя яны здабылі 85 залатых мэдалёў. Але... Гэтаксама як гісторыя Беларусі пачынаецца не з 1917 году, гэтак і гісторыя беларускіх алімпійцаў пачынаецца не з 1952-га ці 1960-га.

Даведка: першым беларускім алімпійцам стаў гарадзенец Караль Румель, афіцэр войска Расейскай імпэрыі. У 1912 годзе ў Стакгольме вершнік Караль Румель атрымаў залаты мэдаль за мужнасьць. На апошніх мэтрах перад фінішам конь падмяў пад сябе вершніка, але той знайшоў сілы дапаўзьці да запаветнай рысы. У 1928-м на Гульнях у Амстэрдаме Румель заваяваў бронзавы мэдаль, выступаючы ўжо за зборную Польшчы. Яшчэ адзін гарадзенскі коньнік, Адам Крулікевіч, у 1924-м прывёз бронзавы мэдаль з Алімпіяды ў Парыжы – таксама ў складзе польскай зборнай. А вось жыхар Гальшанаў Міхал Вярсоцкі быў звычайным вяскоўцам. У 1936 годзе яму ня толькі пашэнціла трапіць на Алімпіяду ў Бэрліне, але і ўвайсьці ў дзесятку найлепшых стралкоў зь пісталета.

Мы знайшлі дачку Міхала Вярсоцкага тамсама – у Гальшанах. Спадарыня Алена Букштыновіч добра памятае аповеды бацькі:

(Букштыновіч: ) “Гаворыць, далі мне абойму патронаў і браўнінг у рукі – страляй, Міхал. Казаў, што й Гітлера бачыў на трыбуне. Як немцы перадавалі эстафэтную палачку, адна выпусьціла, кажа, ён аж, бедны, прыпадняўся – Гітлер за сваю каманду таксама перажываў”.

Алена Букштыновіч гаворыць, што вялікага матэрыяльнага прыбытку ўдзел у Алімпійскіх гульнях бацьку ня даў. Адно славу й павагу навакольных людзей.

(Букштыновіч: ) “Ён плаваў ад аднаго мосту да другога. Гэта была вялікая адлегласьць, ледзь не кілямэтар. Людзі стаялі на адным мосьце праводзілі, а тут каля млына сустракалі. Дык ён першы прыплываў, яму мэдалі давалі. Лятаў на плянэры – “szybowiec” па-польску, на шыбоўцы лятаў... Ёсьць і фатаграфіі, дзе ён і на лыжах... Ну, карацей, быў разьвіты чалавек”.

Міхал Вярсоцкі дажыў да 1979 году, працаваў вэтэрынарам у Гальшанах і карыстаўся папулярнасьцю й павагай мясцовых жыхароў. Няма нічога дзіўнага ў тым, што бэрлінскі алімпіец не зарабіў на Гульнях грошай: ад пачатку Алімпіяда была задуманая выключна як аматарская, непрыбытковая ініцыятыва.

* * * Аднак цягам апошняй чвэрці стагодзьдзя Алімпійскія гульні сталіся самым вялікім бізнэсовым праектам у сьвеце. У яго полі ў якасьці удзельнікаў і гледачоў – прадстаўнікі амаль усіх краінаў плянэты, усе куткі, дзе займаюцца спортам і глядзяць тэлевізар. Бюджэт сёлетняй Алімпіяды роўны прыблізна шасьці з паловай мільярдам даляраў. Прыбыткі ад продажу рэклямы й тэлетрансьляцыяў складуць шматкроць болей. А вось прыбыткі ўдзельнікаў і пераможцаў будуць рознымі: у залежнасьці ад краіны, якую рэпрэзэнтуе спартсмэн.

(Гімнаст: ) “У Амэрыцы вялікае значэньне мае проста ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Незалежна ад таго, якое месца ты зоймеш, гэта прыдасца і ў навучаньні, і ў працы, там ільготныя моманты ёсьць. А калі ты прызёр Алімпіяды ці пераможца, ты сябе забясьпечваеш цалкам – на ўсё астатняе жыцьцё”.

Гэта словы прадстаўніка беларускае Фэдэрацыі спартовай гімнастыкі.

Калі ад 1970-х заходнія алімпійцы пачалі зарабляць прыстойныя, а часам вялікія грошы, дык спартоўцы сацлягеру працавалі за граматы, ільготы, у найлепшым выпадку – за аўтамабілі ці кватэры. З падзеньнем камуністычнай сыстэмы сытуацыя зьмянілася. Хіба толькі Беларусь засталася за ўсіх бліжэйшая да рысы апошняй Алімпіяды савецкай эпохі – алімпіяды 1988 году ў Сэуле.

Рэч у тым, што ў Беларусі няма пажыцьцёвых стыпэндыяў для алімпійскіх прызёраў. Для параўнаньня: і ў Польшчы, і ў Расеі, і ва Ўкраіне былыя алімпійскія чэмпіёны маюць такія стыпэндыі. У Польшчы штомесячная сума стыпэндыі роўная прыблізна дзьвюм з паловай тысячам даляраў, у Расеі – пяцістам далярам, ва Ўкраіне – блізкая да двухсот даляраў. Аналягічная карціна і ў іншых усходнеэўрапейскіх краінах, і ў краінах СНД. Але беларускія экс-алімпійцы звычайна застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.

(Газаў: ) “27 гадоў я аддаў спорту, і вось цяпер наагул ніяк, нічога – ні капейкі. Нікуды не запрашаюць, ні на якія падзеі, мерапрыемствы й так далей. На парад запрашалі – за ўсе гады першы раз”.

Залаты мэдаліст манрэальскай Алімпіяды 1976 году Аляксандар Газаў не хавае, што ў душы прытаілася крыўда на дзяржаву: 27 гадоў аддаў стралковаму спорту, выступаў за СКА, чэмпіён – і што з таго? Цяпер жыве ў вёсцы Калодчына Вялейскага раёну толькі за кошт вайсковай пэнсіі: прыблізна сто пяцьдзясят даляраў. Аляксандар Газаў не спадзяваўся, што Беларусь памяняе сваё стаўленьне да былых алімпійскіх чэмпіёнаў:

(Газаў: ) “Пісалі зварот да Прэзыдэнта – у нас летась быў зьлёт старых алімпійцаў. Цяпер, калі парад быў, там прысутнічалі прадстаўнікі НАКу. Мы ім задавалі пытаньне. Тыя кажуць – ляжыць, маўляў, у Лукашэнкі пад сукном, але ўсё гэта адпала”.

Многія алімпійцы ды пераможцы міжнародных спаборніцтваў даўно не чакаюць дапамогі ад радзімы, але рэалізоўваюцца за мяжой. Гутару з прадстаўніком Фэдэрацыі спартовай гімнастыкі.

(Гімнаст: ) “Даволі шмат ад’яжджаюць, у асноўным у Амэрыку. Кучкуюцца там, адзін аднаго выклікаюць... Ну, ёсьць такая тэндэнцыя, ёсьць”.

Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што Аляксандар Лукашэнка плаціць удалым дзейным спартоўцам пэрсанальную стыпэндыю з асобнага прэзыдэнцкага фонду. Для алімпійскіх прызёраў яна дасягае паўтары тысячы даляраў штомесяц і выплочваецца... да чарговых спаборніцтваў, дзе стыпэндыят павінен пацьвердзіць свае заслугі, каб атрымліваць грошы і надалей.

А колішнія чэмпіёны, якія пакінулі спорт? Алена Марфель, шматразовая чэмпіёнка сьвету ў стральбе з лука, нават занесеная ў кнігу рэкордаў Гінэса, двойчы заваёўвала для зборнай пуцёўку на Алімпіяду. Пяць гадоў таму Алена Марфель пакінула вялікі спорт. Кажа, абрыдлі ўнутраныя інтрыгі.

(Марфель: ) “Чамусьці прафэсіяналаў-спартоўцаў пасьля спорту ня хочуць дапускаць да спорту. Таму што там ужо ўсё падзеленае. Ува ўсіх відах і ня відах – мастацтва, музыкі, на тэлевізіі, на радыё існуе сытуацыя, калі чыноўнік сядзіць і баіцца, каб яго ня зьняў, не прыйшоў малады, пэрспэктыўны, які гарыць жаданьнем рабіць”.

Сёньня Алена Марфель – эфэктная энэргічная кабета, якая працуе рыелтарам, то бок агентам у продажы нерухомасьці.

(Марфель: ) “Цяперашняя работа мне надта падабаецца. Яна нечым нагадвае спорт. Тут сам ставіш мэту, і сам ідзеш да яе. Атрымалася, я сьцьвердзіла сябе ва ўласных вачах. Няпраўда, калі кажуць, што спартоўцы – вузкаскіраваныя людзі. І што яны больш ні на што ня здатныя. Калі таленавіты чалавек... Талент шматгранны, трэба ведаць, дзе яго адкрыць”.
XS
SM
MD
LG