Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё Алімпіяды сталася ня толькі спартовай, але й культурнай падзеяй


Сьвятлана Курс, Менск Адкрыцьцё ХХVIII-х Алімпійскіх гульняў быццам злучыла алімпійскую традыцыю старой і новай эраў. У грандыёзным і густоўным шоў была прэзэнтаваная 3000-гадовая традыцыя алімпійскіх гульняў на Зямлі.

Алімпійская традыцыя – гэта больш чым спорт. Другой такой старой традыцыі немагчыма ўзгадаць, гаварылі мне вядомыя беларускія творцы. Я зьвярнулася да 20 вядомых людзей творчых прафэсіяў – мастакоў, літаратараў, рэжысэраў, музыкаў і сьпевакоў – бо менавіта людзьмі гэтых прафэсіяў рыхтавалася грандыёзнае шоў адкрыцьця 28 Алімпійскіх гульняў, якія злучыла тры тысячагодзьдзі. Якое ўражаньне на прадстаўнікоў беларускай творчай эліты стварыла адкрыцьцё Алімпійскіх гульняў? Гаворыць знаўца антычнай і францускай культураў, вядомы паэт Андрэй Хадановіч:

(Хадановіч: ) “Увесь гэты спэктакль са стылізацыяй пад антычныя статуі й клепсыдры! Каб жа нам навучыцца так культываваць гістарычнае сваё. З рымскіх часоў і глядыятарскіх цыркаў мала што зьмянілася – толькі што раней можна было саромецца сваіх зьвярыных інстынктаў, а цяпер гэтыя інстынкты вой як цывілізавалі! Спорт – важны складнік сусьветнай цывілізацыі й культуры”.

Сьпявачка й прадусар Кася Камоцкая глядзіць Алімпійскія гульні з 1980 году.

(Камоцкая: ) “Я вельмі рада, што гэтае адкрыцьцё прайшло не ў глябалісцкай краіне: арганізатары мысьлілі глябальна, але зусім не па-глябалісцку. Хаця гэта было вялікае масавае відовішча, але разьлічанае на разумнага, разумеючага гледача”.

Філёзаф і кіназнаўца Максім Жбанкоў называе адкрыцьцё Алімпіяды “супэрсучасным шоў, якое дае сапраўдны драйв”.

(Жбанкоў: ) “Карцінка, безумоўна, уражвае. Шэсьце, якое прадстаўляе гісторыю алімпійскай культуры – безумоўна, зьява эўрапейскай клясы. Зь іншага боку, шакаваў камэнтар БТ. Бессыстэмны, не адпавядаў карцінцы і паўтараўся шмат разоў. Калі я трэці раз пачуў з вуснаў спадарыні Хрушчовай, што Грэцыя – радзіма тэатру, філязофіі й навукі, мне зрабілася прыкра”.

Кінарэжысэр Віктар Корзун лічыць, што рэжысура шоў была бездакорнай і можа служыць мэтадычным матэрыялам для навучаньня арганізатараў масавых відовішчаў:

(Корзун: ) “Уразіла ўсё, да дробязяў. Там не было нічога выпадковага. Усё было падпарадкавана адной ідэі, рытму, закону. І незацягнута. Трэба беларусам вучыцца па гэтай пастаноўцы масавыя сьвяты рабіць”.

Аднак я адзначыла й іншую тэндэнцыю: вялікая частка беларускай мастацкай і інтэлектуальнай эліты лічыць спорт і зьвязаныя зь ім відовішчы нявартымі ўвагі. З 24 чалавек, якіх я запыталася пра ўражаньні, толькі трэцяя частка сказала, што цікавяцца спортам і будуць глядзець адкрыцьцё.

Гл. таксама • Дзень першы: 17 беларускіх спартоўцаў выступілі ў 8 відах спорту • Дзень другі: Беларусы пакуль ня маюць ніводнага мэдалю
XS
SM
MD
LG