Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апошнія навіны Алімпіяды – 13 жніўня


RFE/RL Апошнія навіны з Афінаў на вечар 13 жніўня: Некалькі атлетаў не зьявіліся на допінг-кантроль. На адкрыцьці Алімпіяды засьпявае Б’ёрк. Футбольная зборная Іраку перамагла партугальцаў 4:2. Гішпанцы трэніраваліся голымі. Карэйскія спартоўкі ўжо ўсталявалі сусьветны рэкорд.

Залаты мэдаліст алімпійскіх гульняў 2000 году ў Сыднэі, спрынтэр Костас Кэнтэрыс, які быў адным з найбольш сур’ёзных кандыдатаў на запаленьне алімпійскага агню, не зьявіўся ўчора на допінг-кантроль. На допінг-кантроль не зьявілася і Кацерына Тханоў – ўладальніца срэбнага мэдалю з гульняў у Сыднэй, таксама спрынтэр і таксама кандыдатка на запаленьне алімпійскага агню.

Сам спартоўцы паведамілі, што нязначна пацярпелі калі ўпаў матацыкл, на якім яны ехалі. Пры гэтым ніякіх іншых сьведкаў выпадку не было.

Цяпер высьвятленьнем справы займаецца адмысловая камісія. Калі акажацца, што спартоўцы наўмысна не зьявіліся на допінг-кантроль, іх чакае дыскваліфікацыя на 2 гады і выключэньне з гульняў.

У часе цырымоніі адкрыцьця алімпіяды ў Афінах засьпявае знаная сьпявачка з Ісьляндыі Б’ёрк. На алімпійскім стадыёне прагучыць адмыслова напісаная песьня “Акіянія”.

Арганізатары гульняў прадалі ўжо 2 мільёны 600 тысячаў білетаў – амаль палову з агульнай колькасьці квіткоў, а ў дзень іх цяпер прадаецца прыкладна 100 тысячаў.

Адзіны замежнік у польскай алімпійскай зборнай мае беларускае паходжаньне. Баксёр Андрэй Лічык нарадзіўся ў 1977 годзе ў крымскім мястэчку Феадосія, ягоны бацька – беларус. Два гады таму спартовец зьмяніў украінскае грамадзянства на польскае.

Футбалісты з Іраку зрабілі першую неспадзяванку ў футбольным турніры алімпіяды. У першым матчы групы “Д” ірацкія футбалісты перамаглі партугальцаў зь лікам 4:2.

Камандзе Партугаліі не дапамог нават адзін зь герояў сёлетняга чэмпіянату Эўропы Крысьціяна Ранальда, які таксама выступіў за алімпійскую зборную сваёй краіны.

Карэйскія спартоўкі – стралкі з луку ў часе кваліфікацыйнага турніру ўстанавілі два сусьветныя рэкорды.

Польскі журналіст з “Gazety Wyborczej” Радэк Ленярскі прабег учора разам са спартоўцамі маратонскую дыстанцыю – 42 кілямэтры 195 мэтраў. Калі 2494 гады таму з Маратону ў Афіны прыбег легендарны Філіпід, ён змог сказаць толькі “Мы перамаглі”, дык польскі журналіст здолеў прашаптаць “Божа, як у мяне ўсё баліць!”. Натуральна, што ў адрозьненьне ад Філіпіда, спадар Ленярскі не памёр.

Сябры зборнай Гішпаніі ў баскетболе некаторы час былі вымушаныя трэніравацца голымі. Справа ў тым, што іхная спартовая форма не адпавядала патрабаваньням арганізатараў гульняў – на ёй ня толькі не было лягатыпаў афіцыйных спонсараў алімпіяды, але былі фірмовыя знакі канкурэнтаў фірмаў-спонсараў.

Калі гэта заўважыў мэнэджэр у справах маркетынгу, дык загадаў спартоўцам неадкладна распрануцца. Цягам наступных 20 хвілінаў, пакуль ім не даставілі новую форму, баскетбалісты, каб не губляць каштоўны час, трэніраваліся без адзеньня.

Між тым у цырымоніі адкрыцьця алімпіяды ня возьмуць удзелу шэраг вядомых спартоўцаў. Сярод іх дзьве найвялікшыя зоркі ў плаваньні – амэрыканец Майкл Фэлпс і аўстраліец Іан Торп. Гэтыя спартоўцы, як і сотні іншых, адмовіліся ад удзелу ў цырымоніі, бо будуць выступаць ужо ў суботу.
XS
SM
MD
LG