Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Спорт — гэта свабода”. Магілёўцы гавораць пра Алімпіяду і выступленьне беларускіх спартоўцаў


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Распачынаюцца Алімпійскія гульні ў Афінах. Якую цікавасьць выклікае гэтая падзея ў Беларусі? Ці будуць людзі сачыць за выступленьнем беларускіх алімпійцаў і якіх вынікаў чакаюць ад іх?

(Карэспандэнтка: ) “Сёньня ў Афінах пачынаюцца Алімпійскія гульні. Скажыце, калі ласка, ці вам гэта цікава і ці будзеце сачыць за падзеямі на Алімпіядзе?”

(Спадарыня: ) “Канечне, цікава”.

(Спадарыня: ) “Абавязкова буду сачыць. Вельмі цікава”.

(Спадар: ) “Спортам захапляюся, так што мне будзе цікава паглядзець”.

(Спадар: ) “І тэлевізар буду глядзець, і чытаць буду. Вельмі прыемна, што нашыя на Алімпіядзе выступаюць”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, зь якіх крыніцаў вы будзе браць інфармацыю пра Алімпіяду?”

(Спадар: ) “У мяне ёсьць антэна спадарожнікавая. Так што я буду глядзець тэлебачаньне”.

(Спадарыня: ) “Я ўжо глядзела, што Беларускае тэлебачаньне будзе паказваць — там ня ўсё, але, мяркую, будзе і на іншых каналах”.

(Спадар: ) “Будзем глядзець Eurosport, Euronews. Ну і БТ часам паглядзім”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці хацелася б вам пачуць у рэпартажах з Алімпійскіх гульняў беларускую мову?”

(Спадар: ) “Канечне, рэпартажы з такіх мерапрыемстваў павінны ісьці па-беларуску. Але, іншая справа, што нашыя спартовыя камэнтатары, па-мойму, ня ведаюць беларускай мовы, слухаць іх вельмі нецікава, хочацца ўвогуле выключыць гук. Вось калі б у нас былі такія камэнтатары, якія бы і ў спорце былі абазнаныя, і беларускую мову цудоўна ведалі!”

(Спадарыня: ) “Калі выступае наша алімпійская зборная, каб неяк падняць нацыянальны дух, мо і трэба”.

(Спадар: ) “Няхай выйграюць! Перамагаюць, мэдалі прывозяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Аляксандар Лукашэнка паставіў перад беларускімі спартоўцамі задачу заваяваць 25 мэдалёў. Як вы лічыце, ці варта даводзіць алімпійцам такія пляны?”

(Спадар: ) “Гэта 100 адсоткаў, што ня трэба было. Мне падаецца, што гэта бессэнсоўна. Можна замовіць і 50 — ад гэтага ж нічога ня зьменіцца. Колькі змогуць, столькі заваююць. Будуць імкнуцца”.

(Спадар: ) “Гэтыя пляны, якія на іх спусьцілі зьверху — сам прэзыдэнт, проста грузам лішняй адказнасьці націскаюць на нашых спартоўцаў, і ад гэтага вынікі могуць толькі стаць горшымі”.

(Спадар: ) “Таму што спорт — гэта свабода. Гэта ўсё ідзе ад душы чалавека. Тут немагчыма нейкіх межаў ставіць: маўляў, сёньня ты павінен падняць 25 кіляграмаў, а калі не падымеш, я цябе звольню. Ну што гэта такое? Гэта няправільна”.

(Спадар: ) “Гэта ж спорт, а не палітыка, правільна?”

(Спадар: ) “25 мэдалёў не прывязуць. Два дзясяткі, мяркую, усё ж такі прывязуць”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што ўсё ж гэта нерэальна для нашай каманды. Усё ж канкурэнцыя ў іх вялізная”.

(Спадар: ) “Таму 25 мэдалёў — наўрад ці. Мэдалёў 10–15 будзе”.

(Спадар: ) “Будзем спадзявацца, што больш выйграюць. Няхай ім пашанцуе”.
XS
SM
MD
LG