Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Allgemeine” піша пра беларусаў, якія трапілі ў Афіны зусім ня дзеля Алімпійскіх гульняў


Ул. інф. “Сьлёзы па Беларусі” — так называецца артыкул, зьмешчаны ў нямецкай “Frankfurter Allgemeine”. Афінскі карэспандэнт газэты расказвае пра дзьвюх немаладых жыхарак Бабруйску, якія апынуліся ў сталіцы Грэцыі ня дзеля таго, каб убачыць Акропаль ці Алімпійскія гульні.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, ёсьць у Афінах біржа, якую вельмі лёгка знайсьці, аднак пра якую грэкі амаль нічога ня ведаюць. На гарадзкіх мапах гэтае месца не пазначанае. Нават таксісты яго не заўсёды знойдуць. Што да звычайных афінскіх мінакоў, дык яны штодня праходзяць ля гэтага месца, не заўважаючы яго.

Гэтая біржа месьціцца недалёка ад плошчы Амонія, крыху больш за кілямэтар на поўнач ад Акропаля. На вялікай будаўнічай агароджы — дзясяткі аб’яваў выключна на расейскай мове кшталту “Вазьму два чалавекі на кватэру”, “Шукаю будаўніка. Аплата 50 эўра на дзень плюс пражываньне і харчаваньне”. І гэтак далей, і гэтак далей... Аб’явы разьлічаныя на тых, хто прыехаў у Афіны з Расеі, Украіны, Беларусі, Казахстану, Грузіі ды іншых постсавецкіх рэспублік.

Тут, у цэнтры грэцкай сталіцы, сотні грамадзянаў былога СССР атрымліваюць важную інфармацыю адносна працы, легалізацыі, а таксама пра тое, як зарыентавацца ў гэтых сапраўдных джунглях незнаёмага заходняга сьвету.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, усе гэтыя людзі трапляюць у Грэцыю дзеля таго, каб выжыць самім і падтрымаць сваіх блізкіх на радзіме.

Дзьве бабруйчанкі Людміла і Валянціна ў вольныя ад працы дні звычайна сустракаюцца непадалёк ад біржы, у невялікім сквэрыку побач з будынкам марскога вакзалу. Яны згадваюць сваё мінулае жыцьцё на радзіме. Абедзьве разьведзеныя. Тут, у Афінах, уладкаваліся на працу ў сем’ях. Большую частку заробленых грошай праз “Western Union” адсылаюць дадому, дзецям і бацькам. Людміла, якая тут ужо чацьверты год, зарабляе штомесяц 600 эўра. Сабе пакідае толькі сотню. У жанчыны дачка і два сыны. Іхныя фота яна пастаянна носіць пры сабе ў партманэ. Дачка ўжо замужам, і ня так даўно ў яе нарадзіўся сын. Унука Людміла ведае толькі па фатакартцы.

Адрозна ад Людмілы, Валянціна ў Грэцыі нядаўна. Яна нелегалка. У любы момант яе могуць арыштаваць і дэпартаваць праз Маскву дадому. Менавіта з Масквы яна прыбыла ў Грэцыю.

Калі яна прыляцела ў афінскі аэрапорт, у кішэні ў яе было ўсяго трыста даляраў. Яна ня ведала ні слова па-ангельску, толькі некалькі сказаў па-нямецку. “Я ня ведаю, што бы са мной было, калі б я не сустрэла ў аэрапорце таксіста з Адэсы”, — кажа яна. На пытаньне, чаму была абраная менавіта Грэцыя, жанчына адказвае: “Сюды лягчэй за ўсё атрымаць візу”. Сёньня самае вялікае жаданьне Валянціны — трапіць пад трэцюю хвалю эміграцыі. Некалькі год таму пад такую хвалю пашчасьціла трапіць Людміле. Сёньня яна мае легальны статус, а таксама мэдычную страхоўку і спадзяецца атрымаць у Грэцыі пэнсію. Паводле Валянціны, пасьля Алімпійскіх гульняў грэцкі ўрад мусіць штосьці зрабіць у гэтым кірунку. Пра гэта жанчына прачытала ў расейскамоўнай газэце “Афінскі кур’ер”.

На пытаньне карэспандэнта “Frankfurter Allgemeine”, як доўга зьбіраюцца жанчыны заставацца ў Афінах, Валянціна адказвае: “Што нам рабіць дома? У Беларусі ў нас няма ніякіх шанцаў пракарміць сем’і”. Людміла дадае: “Гэта цяжкае жыцьцё. Начамі мы плачам”.
XS
SM
MD
LG