Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стварэньне дружынаў у памежных тэрыторыях – вяртаньне да савецкіх мэтадаў аховы парадку ў краіне


Казімір Яноўскі, Гомель У памежных з Украінай раёнах Гомельскай вобласьці вядзецца фармаваньне добраахвотных дружынаў спрыяньня ахове дзяржаўнай мяжы. Дзеля чаго ствараюцца гэтыя дружыны?

Нельга сказаць, што памежнікі не спраўляюцца са сваёй задачай, і экстрэмальнай сытуацыі на мяжы з Украінай няма. Куды болей праблемаў спараджае суседняя Расея, дзе няма памежнікаў: адтуль бесьперашкодна едуць у Беларусь нелегалы, крымінальнікі і наогул усе, каму заўгодна.

Але дружыны ствараюць на памежных з Украінай тэрыторыях. Днямі ў Хойніках адразу 53 рабочыя і спэцыялісты Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка атрымалі пасьведчаньні дружыньнікаў і адмысловыя адзначкі. Дакумэнты ўручалі намесьніца старшыні райвыканкаму Натальля Васілеўская і начальнік Гомельскага памежнага атраду Ігар Чэрнель.

Паводле інфармацыі памежнікаў, пасьведчаньні дружыньнікаў маюць ужо звыш 200 жыхароў паўднёвых раёнаў. На выраб пасьведчаньняў і адзначкаў аблвыканкам выдаткаваў памежнаму атраду 10 мільёнаў рублёў.

Усе гэтыя дружыны ствараюцца на падставе ўказу кіраўніка дзяржавы №224 пра дадатковыя меры дапамогі памежным войскам у ахове дзяржаўнай мяжы. Выглядае, што стварэньне дружынаў у памежных тэрыторыях – гэта вяртаньне да былых савецкіх мэтадаў аховы парадку ў краіне.

Я пацікавіўся ў памежнікаў, а што наогул павінны рабіць дружыньнікі ў справе аховы мяжы: хадзіць уздоўж мяжы, сядзець у дазоры? Памежнікі адказвалі, што дружыньнікі мусяць тлумачыць насельніцтву, што такое “памежная зона”, якія ў ёй парадкі.

Ахоўнікі мяжы прыгадалі, што ў Добрускім раёне дружыньнікі дапамаглі выявіць групу нелегалаў з азіяцкіх краінаў, якія хацелі перабрацца ва Ўкраіну: на дзьве зь лішкам сотні памочнікаў гэта, як кажуць, ня густа.

У савецкія часы дружыньнікі мелі тры дадатковыя дні адпачынку. Ці прадугледжаны нейкія меры заахвочваньня цяперашніх памежных дружыньнікаў? Начальнік аддзелу аховы мяжы Гомельскага атраду, маёр Эдуард Хадановіч адказаў на гэта вось што:

(Хадановіч: ) “Заахвочваньне ўскладзена на райвыканкамы, аблвыканкам, карацей, на мясцовыя органы ўлады. Ад нас могуць быць граматы, грашовыя заахвочваньні і нагрудныя знакі: “За здатнасьць у ахове мяжы”.

Што датычыцца дадатковага адпачынку, то для цяперашніх дружыньнікаў яго не прадуглежана:

(Хадановіч: ) “Гэта было раней, падчас Савецкага Саюзу. Цяпер такога стымулу няма”.
XS
SM
MD
LG