Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя вакол фірмы “ IНKO-FOOD” можа нэгатыўна паўплываць на беларуска-польскую эканамічную супрацу


Алесь Дашчынскі, Менск Агляд сьвежых нумароў незалежных беларускіх газэтаў

Буйнейшы польскі інвэстар у Беларусі – фірма “ IНKO-FOOD”, якая займаецца перапрацоўкай мяса, даведзена беларускімі ўладамі да банкруцтва. “Белорусская деловая газета” піша: па выніках праверкі Берасьцейскай мытні суд вырашыў канфіскаваць тавар гэтай фірмы амаль на два мільёны даляраў. Акрамя таго, прадпрыемства павінна выплаціць штраф каля 6 мільёнаў даляраў. Мытнікі цьвердзяць, што польскія бізнэсоўцы парушылі рэжым свабоднай мытнай зоны. У спрэчку ўмяшаліся польскія ўлады. Прызначаныя сустрэчы польскіх дыпляматаў, бізнэсоўцаў з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі. Як піша “Народная воля” віцэ-прэм’ер польскага ўраду накіраваў ліст да беларускага віцэ-прэм’ера Кабякова. У ім польскі бок заяўляе, што сытуацыя вакол фірмы “ IНKO-FOOD” можа нэгатыўна паўплываць на пэрспэктывы беларуска-польскай эканамічнай супрацы. “Брестский курьер” зьмяшчае на гэтую тэму артыкул пад назовам “Мясная падножка для польскага інвэстара”. “Брестская газета” піша, што фірма не прызнала сваёй віны, а яе працаўнікі просяць не зачыняць прадпрыемства, каб не застацца без працы. Польскі бок зробіць высновы, і верагодна, што пасол Беларусі ў Варшаве можа быць выкліканы ў польскі МЗС. “Мяркуючы па тым, як разгортваюцца падзеі, гісторыя вакол фірмы “ IНKO-FOOD” не завершана і будзе мець далейшае разьвіцьцё”, піша “Брестская газета”.

“Жарсьці на мяжы вакол “зялёнай” карты” – у артыкуле пад такім назовам “Брестский курьер” распавядае пра акцыю пратэсту грамадзянаў на памежным пераходзе “Варшаўскі мост”. Уладальнікі аўтамабіляў паводле прэзыдэнцкага ўказа могуць патрапіць за мяжу толькі пры ўмове набыцьця транспартных страхавых полісаў, так званых “зялёных” картак. У беларускіх страхавых кампаній яна каштуе 82 даляры і дзейнічае цягам месяца. Аднак, грамадзяне абураныя тым, што ім ад 13 жніўня, магчыма, давядзецца набываць яшчэ і польскую картку, калі ўлады Польшчы прымуць адпаведнае рашэньне.

Газэта “Вольнае Глыбокае” падае, што Глыбоччына нагадвае сёньня вялікую рамонтна-будаўнічую пляцоўку: узводзяцца новыя платы і агароджы, рамантуюцца дарогі. Адначасова тут пракладаюць газаправод, які цягнецца з-пад Ушачаў. На вялікай адлегласьці будоўля трасы суправаджаецца суцэльнымі ляснымі высечкамі. Газэта мяркуе, што мясцовыя ўлады рыхтуюцца да прыезду прэзыдэнта Лукашэнкі. Як адзначае газэта, на Глыбоччыне Лукашэнка ня быў ніводнага разу. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што па выніках прэзыдэнцкіх выбараў на некаторых сельскіх участках Лукашэнка быў ня тое, што другім, пасьля Пазьняка, а нават – трэцім.

Тым часам мясцовыя дзяржаўныя газэты намагаюцца падняць свае тыражы, піша “Вольнае Глыбокае”. Да прыкладу, рэдакцыя газэты “Пастаўскі край” разыграла сярод тых, хто аформіў падпіску, шэраг прызоў, сярод якіх – парася і цяля.

Газэта “Витебский курьер” аналізуе сытуацыю, зьвязаную з праблемай суіцыду. Паводле дадзеных за мінулы год, менавіта на Віцебшчыне самагубстваў было больш, чым у іншых рэгіёнах краіны. Фактычна штодня ў вобласьці сканчалі самагубствам па два чалавекі.

Газэта “Капитал” падае вынікі праверкі грамадзкіх і асабістых калодзежаў Слуцкага раёна. Сытуацыя несуцяшальная: случчане п’юць ваду, якая не адпавядае санітарным нормам па бактэрыялягічных і гігіенічных паказьніках. Амаль 190 узятых пробаў пітной вады, а гэта значна больш за палову, не адпавядаюць мэдычным патрабаваньням. У вадзе значнай колькасьці калодзежаў нітраты перавышаюць норму ў два-тры разы.

“Рэгіянальная газета” распавядае, што сёлета чакаецца багаты ўраджай грыбоў. Паводле спэцыялістаў лясной гаспадаркі, дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю сёлета зьявяцца нават рыжыкі, якіх ледзь было не занесьлі да ліку відаў, што зьніклі. Аднак мэдыцынскія ўстановы папярэджваюць, што нават у Маладзечанскім раёне можна знайсьці грыбы, забруджаныя радыяцыяй.
XS
SM
MD
LG