Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 жніўня – адкрыцьцё Алімпійскіх гульняў у Афінах


Аляксей Дзікавіцкі, Прага У Афінах канчаюцца апошнія прыгатаваньні да цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў, што адбудзецца ў пятніцу. Сталіца Грэцыі мае намер уразіць сьвет цырымоніяй адкрыцьця і добрай падрыхтоўкай, асабліва што тычыцца бясьпекі гульняў – першых у Грэцыі больш чым за 100 гадоў.

Старажытныя алімпійцы, напэўна, не пазналі б ні сёньняшніх Афінаў, ні сучасных алімпійскіх гульняў. Першыя гульні што адбыліся ў 776 годзе да нашай эры былі звычайным, як бы цяпер сказалі, лёгкаатлетычным кросам.

У гульнях, якія будуць урачыста адкрытыя заўтра ўвечары, возьмуць удзел 10,500 атлетаў з 202 краінаў, якія будуць змагацца за 301 залаты мэдаль у 28 відах спорту.

Кіраўнік арганізацыйнага камітэту гульняў Джыяна Ангелопалус-Даскалакі ўпэўненая, што гледачы ва ўсім сьвеце будуць уражаныя відовішчам, якое будзе прадстаўленае ў часе адкрыцьця алімпіяды.

(Ангелопалус-Даскалакі: ) “У часе цырымоніі адкрыцьця будзе паказаная гісторыя старажытнай Грэцыі й гісторыя ўзьнікненьня алімпійскіх гульняў пры дапамозе музыкі, танцаў, шыкоўных дэкарацыяў. Відовішча захопіць і ўразіць людзей ва ўсім сьвеце”.

Арганізатары спрабавалі ўтрымаць дэталі відовішча ў сакрэце, аднак грэцкія рэпарцёры змаглі шмат пра якія зь іх даведацца.

Прыкладам вядома, што наперадзе традыцыйнага параду атлетаў са сьцягам Грэцыі будзе ісьці вядомы грэцкі штангіст Пырас Дзімас, а падлога стадыёну будзе залітая вадой і ператворыцца ў вялікае мора. Вогненная камэта ўпадзе ў гэтае мора і запаліць пяць алімпійскіх кольцаў.

Аднак як скончыцца цырымонія адкрыцьця Алімпійскіх гульняў у Афінах ня ведае ніхто і гэта будзе, як запэўніваюць арганізатары, вялікай неспадзяванкай.

Грэкі ўклалі ў падрыхтоўку алімпійскіх гульняў больш за 6 мільярдаў эўра, прычым немалая частка гэтых грошай пайшла на беспрэцэдэнтныя захады ў бясьпецы. Сёлетнія летнія гульні – першыя пасьля замахаў 11 верасьня 2001 году. Гульні будуць ахоўваць каля 7 тысячаў паліцыянтаў і жаўнераў з усяго сьвету.

***

На Алімпіяду ў Афінах прыехалі амаль 150 беларускіх спартоўцаў, якія будуць змагацца за мэдалі. На мінулай алімпіядзе ў 2000 годзе ў Сыднэі беларусы заваявалі 17 мэдаляў (3 – залатыя, 3 – срэбныя, 11 – бронзавых). У 1996 годзе ў Атлянце беларусы заваявалі 15 мэдалёў (адну залатую, 6 – срэбных, 8 – бронзавых).

***

Беларуская служба Радыё Свабода будзе паведамляць пра апошнія падзеі з Афінаў. Сачыце за спэцыяльным разьдзелам навінаў – Афіны-2004: Гульні са “Свабодай”!

Гл. таксама • Навіны Алімпіяды - 13 жніўня
XS
SM
MD
LG