Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі запрасілі назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЭ


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня апошні дзень, калі можна падаць заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для збору подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. Рэгістрацыя закончыцца празь пяць дзён. На пачатку верасьня ў Менску чакаюць прадстаўнікоў АБСЭ, якія будуць весьці доўгатэрміновы маніторынг выбарчай кампаніі.

12 жніўня МЗС Беларусі накіраваў запрашэньне для доўгатэрміновага назіраньня прадстаўнікам Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Гэтае рашэньне з усёй відавочнасьцю сьведчыць пра цьвёрдую адданасьць беларускага боку правядзеньню адкрытых, вольных і дэмакратычных выбараў”.

Спадар Савіных зазначыў, што назіральнікаў ад АБСЭ чакаюць у Менску ўжо на пачатку верасьня. Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік зазначыў, што ягоная камісія падрыхтавалася да арганізацыі працы міжнародных назіральнікаў з улікам нормаў АБСЭ. Паводле спадара Лазавіка, у ягоную камісію паступаюць першыя скаргі. Яны зьвязаныя з падачай заявак на стварэньне ініцыятыўных групаў для збору подпісаў, якая завяршаецца сёньня.

Практычна ўсе дэмакратычныя партыі выкарысталі магчымасьць вылучэньня кандыдатаў шляхам збору подпісаў для дадатковых кантактаў з выбарцамі. Паводле кіраўніка перадвыбарчага штабу БНФ Віктара Івашкевіча, партыя стварыла больш за сорак такіх ініцыятыўных групаў па ўсёй Беларусі. У тым ліку пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю групаў лідэраў партыі Вінцука Вячоркі, Юрыя Хадыкі, Алеся Міхалевіча і Аляксея Янукевіча — усе яны вылучаюцца ў менскіх выбарчых акругах. Сам Віктар Івашкевіч з прычыны таго, што быў засуджаны за абразу Лукашэнкі, на працягу двух гадоў балятавацца ня мае права. Пачатак кампаніі збору подпісаў Віктар Івашкевіч ацаніў станоўча. Выбарцы, у прыватнасьці менчукі, рэагуюць на кандыдадатў ад БНФ прыхільна, кажа ён.

Ня можа асабіста балятавацца і экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір, з той жа прычыны. Ён зьбіраецца падтрымліваць кандыдатаў ад АГП. Гэтая партыя стварыла каля шасьцідзесяці ініцыятыўных групаў. Лідэры АГП Анатоль Лябедзька, Аляксандар Дабравольскі, Сяргей Альфер, Людміла Гразнова і Станіслаў Багданкевіч зьбіраюцца балятавацца ў Менску, Яраслаў Раманчук — у Горадні.

Старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч сваёй ініцыятыўнай групы не ствараў, ён разьлічвае на вылучэньне партыйным зьездам. А ў цэлым ягоная партыя падала дакумэнты на рэгістрацыю каля трыццаці ініцыятыўных групаў.

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін зарэгістраваў сваю групу ў Гомелі. Як паведаміў кіраўнік перадвыбарчага штабу ПКБ Валеры Ўхналёў, ягоная партыя стварыла каля сарака ініцыятыўных групаў. Некаторыя зь іх ужо адчулі ціск, у прыватнасьці, спадар Ухналёў паведаміў пра выпадак у Мастоўскім раёне:

(Ухналёў: ) “Пазаўчора вечарам усім сябрам ініцыятыўнай групы патэлефанавалі й ананімна сказалі, што, маўляў, мы ведаем, што вы працуеце на падтрымку вылучэньня Пудаўкіна, дык вось мы вас папярэджваем: калі вы будзеце далей працаваць, то кантракт з вамі ня будзе падоўжаны”.

БСДП “Народная грамада” падала заяўкі на рэгістрацыю каля шасьцідзесяці групаў. Лідэр партыі Мікалай Статкевіч зьбіраецца балятавацца ў Менску, не выключана, што ён будзе канкурэнтам Юрыя Хадыкі з БНФ і дзейнага дэпутата Вольгі Абрамавай.

Паводле Івана Пашкевіча, са 109 дзейных дэпутатаў толькі 17 заявілі пра свой няўдзел у цяперашніх выбарах. Астатнія зноў вылучаюцца. Але Сяргей Скрабец кажа, што, паводле ягонай інфармацыі, мала каго зь іх падтрымлівае адміністрацыя А.Лукашэнкі. Сам Сяргей Скрабец балятуецца ў сваёй ранейшай акрузе ў Лідзе. Ён кажа, што прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі тройчы спрабавалі спыніць ягоную размову з працаўнікамі лідзкай абутковай фабрыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG