Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінкавічах маладых настаўнікаў падзялілі на "палітычна надзейных" і "ненадзейных"


Казімер Яноўскі, Калінкавічы Аддзел адукацыі Калінкавіцкага райвыканкаму падзяліў маладых пэдагогаў, сёлетніх выпускнікоў вышэйшых навучальных установаў, на палітычна надзейных і ненадзейных. Апошнім цяжка атрымаць працу ў школе.

Дзяніс Рабянок з Калінкавічаў скончыў сёлета Мазырскі пэдунівэрсытэт з чырвоным дыплёмам. Атрымаў прафэсію настаўніка беларускай мовы і літаратуры.

5 жніўня паводле разьмеркаваньня малады настаўнік прыйшоў у раённы аддзел адукацыі па накіраваньне на працу. Загадчыца Людміла Башылава спачатку ўзрадавалася такому адмыслоўцу. Далёка ня ўсе выпускнікі маюць дыплёмы з адзнакаю. Спадарыня Башылава паведаміла Дзянісу Рабянку, што 11 жніўня ён ужо мусіць прыйсьці па загад наконт прызначэньня яго настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Дудзіцкую сярэднюю школу.

Учора спадар Рабянок, як і патрабавалася, прыйшоў у аддзел адукацыі, але паводзіны загадчыцы, паводле маладога настаўніка, зьмяніліся.

(Рабянок: ) “Загадчыца раённым аддзелам адукацыі Башылава сказала адкрытым тэкстам: яна даведалася, што я такі заўзяты антыдзяржаўны нацыяналіст, і таму не атрымаю прапанаванай раней працы. Яна заявіла, што для тых, хто займаецца антыдзяржаўнай дзейнасьцю, добрай працы няма. Проста мне наогул ня будзе добрай працы, таму што я займаюся палітычнай дзейнасьцю”, — распавёў выпускнік унівэрсытэту Дзяніс Рабянок.

Загадчыца была не задаволеная тым, што на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах спадар Рабянок зьбіраў подпісы за альтэрнатыўнага кандыдата, быў у сваёй роднай школе падчас галасаваньня назіральнікам ад Партыі БНФ. Да таго ж малады настаўнік рэдагуе невялічкую незалежную беларускамоўную газэту “Калінка” накладам 299 асобнікаў. Відавочна, усё гэта і сталася асноўнаю прычынаю пераменаў у стаўленьні да Дзяніса Рабянка.

Я зьвязаўся па тэлефоне са спадарыняй Башылавай і папрасіў патлумачыць: у чым палягае нацыяналізм і антыдзяржаўная дзейнасьць маладога настаўніка? І як наогул можна адмаўляць яму ў працы паводле палітычных поглядаў?

(Башылава: ) “Ніхто яго не абвінавачвае. Паслухайце, я ўпершыню ад вас чую, што абвінавачваюць у нацыяналізьме. Да 15 жніўня разьмеркаваньне, і наймальнік мае права вырашаць пытаньне. Іншыя абставіны зьявіліся. Гэта проста надуманая сытуацыя, і я адмаўляюся даваць якісьці камэнтар. Усё, выбачайце”.

Сёньня ж малады настаўнік Дзяніс Рабянок падаў адмысловую заяву калінкавіцкаму пракурору, у якой дзеяньні загадчыцы аддзелу адукацыі лічыць не адпаведнымі Канстытуцыі й працоўнаму заканадаўству.
XS
SM
MD
LG