Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжы і авантуры Саламеі Русецкай


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае пісьменьніца Вольга Іпатава (на фотаздмыку).

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Пані Гісторыя звычайна любіць адзначаць падзеі палітычныя — змовы, рэфэрэндумы, паўстаньні, узыходжаньні на трон. Як пры гэтым ламаюцца альбо ўзвышаюцца лёсы гэтак званых простых людзей, мы амаль ня ведаем, калі ад іх не застаецца водгукаў сучасьнікаў, лістоў ці дзёньнікаў. Але, на шчасьце, дзёньнікі пішуцца і захоўваюцца. І тады перад намі паўстаюць незабыўныя ў сваёй незвычайнасьці прыгоды звычайных, здавалася б, людзей”.

(Вольга Іпатава: ) “Вось і ў нас у Беларусі цяпер стала амаль што добра вядомым імя Саламеі Русецкай — наваградчанкі, што лячыла царыц і наложніц султана, рабаўнікоў і бэяў, вяльможных Радзівілаў і простых пецярбургскіх мяшчанаў, якую нястомная прага падарожжаў кідала то ў Стамбул, то ў Нясьвіж, то ў Пецярбург, то ў Сафію, Рыгу, Любляну і мноства іншых, ня менш цікавых месцаў”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — пісьменьніца Вольга Іпатава. Вы сказалі, спадарыня Вольга, што наваградчанка Саламея Русецкая лекавала царыц, сустракалася з султанамі... А болей канкрэтна — якіх асобаў?”

(Іпатава: ) “Яны ўсе ў ейных дзёньніках. Сапраўды, падсьвечаныя яе гумарам і вострай назіральнасьцю, перад намі паўстаюць вялікія гэтага сьвету, што пакінулі сьляды ў гісторыі людзтва: расейская царыца Ганна Іванаўна, князь Міхал Радзівіл Рыбанька, сваяк усемагутнага Бірона Людольф-Аўгуст Бісмарк, пасол турэцкага султана ў Вене Джаны Алі-бэй, прыдворныя малдаўскага гаспадара Канстанціна Маўракардата, прускі кароль Фрыдрых ІІ, кандыдат на вугорскі трон Йожэф Ракачы…”

(Ракіцкі: ) “Я зьвяртаю ўвагу, што ў гэтым сьпісе пераважаюць мужчыны. Яна была прывабнай для іх? Зьнешне? Розумам? Характарам?”

(Іпатава: ) “Прынамсі яна магла ўгаварыць мужчыну зрабіць тое, што ёй трэба. Прыкладам, у 1743 годзе яна, пераапрануўшыся ў сялянку, вырашыла прыехаць у Расею, у Кіеў. Угаварыла фурмана, каб ён яе туды прывёз. Яна ўгаварыла капітана варты, каб яе туды прапусьцілі. Урэшце, кінуўшыся ў ногі генэрал-губэрнатару Кіева Міхаілу Лявонцьеву — ваяку, панураму, злому, строгаму да жорсткасьці — угаварыла і яго. І ён, які хацеў пакараць і фурмана, і капітана, але не пакараць Русецкую, ня змог гэтага зрабіць, бо яна іх ня выдала”.

(Ракіцкі: ) “Наколькі небясьпечнымі былі авантуры гэтай жанчыны? Наколькі сама Саламея Русецкая разумела небясьпечнасьць сваіх авантураў? Што рухала ёю?”

(Іпатава: ) “Я думаю, што ёю рухала прага прыгодаў і новых падарожжаў. А прыгоды заўсёды небясьпечныя. Ёжэф Ракачы — кандыдат на вугорскі трон, дарэчы, сыграў у ейным жыцьці ракавую ролю: заляцаючыся да маладой жанчыны, што лячыла яго на загад вялікага візыра Асманскай імпэрыі (менавіта туркі й падтрымлівалі кандыдатуру Ракачы на вугорскі трон), ён атрымаў ад яе, як кажуць, гарбуза і быў надта абражаны. Як жа — ён кандыдат у манархі, а яна — дваццацігадовая ўдава нейкага дробнага лекара Гальпіра! І што з таго, што яна навучылася мэдыцыне ня толькі ў свайго мужа, які з Наваградку адразу павёз чатырнаццацігадовую жонку ў Стамбул, але і ў італьянца, які лекаваў мальтыйскіх рыцараў — а тыя самі былі найбольш дасьведчанымі ва ўсім хрысьціянскім сьвеце ў галіне мэдыцыны і эзатэрычных ведаў. Што з таго, што гэтая маладая лекарка на свае вочы пабачыла колькі месяцаў таму, у 1737 годзе, страшнае трохдзённае вынішчэньне туркамі балгараў і сэрбаў, ад чаго душа яе была спакутаванай і сьціснутай у балючы камяк! Ён, гэты вяльможны мужчына, абвінаваціў яе ў тым, што яна — аўстрыйская шпіёнка! І толькі таму, што яна выкупіла ў туркаў чатырох аўстрыйскіх афіцэраў, чым выратавала ім жыцьці”.

(Ракіцкі: ) “І як жа яна ўратавалася?”

(Іпатава: ) “Калі добрыя людзі, якім яна дапамагала, шапнулі пра гэты данос, Саламея, нават не забраўшы пашпарту ў пашы, кінулася ўцякаць. Але далёка ёй уцячы не давялося — у найбліжэйшай турэцкай крэпасьці Рушчук (па-баўгарску “Русе”) яе арыштавалі. Выратавалі яе ўменьне і вопыт — з турмы, адкуль яна наўрад ці выйшла бы, яе паклікалі лячыць маладога сына скарбніка, які раптоўна цяжка захварэў і якога не маглі вылечыць усе тры русенскія лекары. І жанчына трыюмфальна паказала, на што яна здольная — на трэці дзень хлопец падняўся, тым уратаваўшы жыцьце ёй самой…”

(Ракіцкі: ) “І ці шмат такіх сьмяротных небясьпек здаралася ў ейным жыцьці?”

(Іпатава: ) “Гэта была ня першая сьмяротная небясьпека ў ейным жыцьці: у Стамбуле яе спрабавалі забіць янычары, якія прыйшлі прасіць дапамагчы сваяку. Але задумка ў іх была іншая: ведаючы, што жанчыны, выходзячы з хаты, чапляюць на сябе ўсе упрыгожаньні, яны спадзяваліся, што з заможнай лекаркі можна будзе добра пажывіцца. Лёс уратаваў Саламею — яна адчула нешта нядобрае і адмовілася ад прапановы, а суседка-лекарка, якая вызвалася пайсьці зь янычарамі, была забітая і абрабаваная”.

(Ракіцкі: ) “А ці толькі лёс ёй дапамагаў? А мо і людзі, якім яна дапамагала? А мо і сама ад авантуры да авантуры набіралася досьведу ў тым, як выйсьці сухой з вады?”

(Іпатава: ) “Перш за ўсё ёй дапамагала ейнае ўмельства. Натуральна, каб яна не была выдатнай лекаркай, язык бы яе не ўратаваў. У горадзе Філіпбэй (цяпер Плоўдзіў) раптоўна памерла сямігадовая дачка камэнданта гораду, якая выпіла перад тым мікстуры, што прыгатавала Саламея. І калі яе зьбіраліся кінуць у страшны зіндан, адкуль таксама не было выйсьця, лекарка зьмякчыла сэрца бацькі толькі тым, што сама выпіла рэшткі мікстуры і тым даказала, што не яна вінаватая ў той сьмерці.

Такіх выпадкаў і пасьля было мноства. Зайздрасьць супернікаў-лекараў, войны, якія абрушваліся на мясьціны, дзе яна жыла і падарожнічала, няміласьць высокіх асобаў (альбо, наадварот, празьмерная міласьць, якая таксама выклікала зайздрасьць) і, нарэшце , каханьне — усё гэта кружыла яе ў сваіх вірах, зь якіх яна заўсёды выходзіла пераможцай, хаця і страчвала пры гэтым то блізкіх, то маёмасьць, то, урэшце, сваю прыгажосьць… Але толькі не аптымізм. Ён ніколі не пакідаў наваградчанку”.

(Ракіцкі: ) “Калі чытаеш дзёньнікі Саламеі Русецкай, то бачыш, што ў яе былі тры вялікія страсьці: каханьне, ейная прафэсія, мэдыцына, і падарожжы...”

(Іпатава: ) “А я налічыла яшчэ больш... Чацьвертую страсьць я назвала бы проста хобі (зноў жа гаворачы па-сучаснаму) альбо снабізмам — як каму падабаецца. Гэта імкненьне да знаёмстваў з высокімі асобамі, уменьне ім падабацца. А яшчэ — дзеці (іх у яе было трое), яшчэ — паліглёцтва (яна ведала некалькі моваў), яшчэ — стральба (яна была даволі цэлкім стралком, і аднойчы пасьля суду, калі выкуплены ёю сіпах, турэцкі афіцэр, не хацеў аддаваць належных ёй грошай, яна змагла так прыгразіць яму, выхапіўшы пісталеты, што ён тут жа зразумеў, што жывым дадому ня дойдзе і аддаў даўгі). Дарэчы, імпэратар Карл VI у Вене не аддаў таго, што належала атрымаць ёй за службу мужа, і тут давялося зьмірыцца, бо яму не выпадала пагражаць пісталетам… Яна затое напоўніцу карысталася і іншай зброяй — напрыклад, красамоўствам і ўменьнем падаць сябе”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Вольга, як вы лічыце: ці жыцьцё Саламеі Русецкай, поўнае прыгодаў, стварыла ейны паўнакроўны, шматаблічны, супярэчлівы воблік — ці, наадварот, менавіта характар стварыў такое жыцьцё? Як мне падаецца, гэтая жанчына пражыла жыцьцё ня вельмі характэрнае для жанчын ейнага часу, 18 стагодзьдзя?”

(Іпатава: ) “Тут і характар, і жыцьцё спляліся. Яна была ў сваім часе. Саламея Русецкая не тулілася за мужчынскімі плячыма, а, наадварот, была іхнай выратавальніцай і апякункай. Яна выратавала першага мужа, Якуба Гальпіра, якога абвінаваціў у сьмерці пацыента ягоны канкурэнт, доктар Фансека. Яна правяла дазнаньне і публічна даказала, што Фансека прысутнічаў пры прыгатаваньні лекаў і сам падмяшаў у лекі атруту.

Русецкая выратавала і другога мужа, аўстрыйскага афіцэра Піхельштэйна (або Пільштэйна), выкупіўшы яго ў туркаў у той час, калі тыя ўжо страцілі надзею атрымаць выкуп і гатовыя былі зьнішчыць палоньнікаў. Яна ратавала ад розных няшчасьцяў і ўтрымлівала на свае заробкі і каханка, альбо “амарата”, які зашыфраваны ў ейным дзёньніку як І.М.С.Z.”.

(Ракіцкі: ) “Самаахвярная асоба... Але ці былі тыя мужчыны ўдзячныя ёй?”

(Іпатава: ) “Усе яны адплацілі ёй чорнай няўдзячнасьцю: Гальпір ня мог зьмірыцца з тым, што жонка аказалася больш таленавітаю лекаркай,чым ён сам. Ён пакідаў яе адну і ўрэшце зьехаў у іншую краіну, дзе пасьля і памёр. Ёзаф Пільштэйн, славенскі дваранін з Камны Горыцы (альбо Піхельштэйн), урэшце кінуў яе у самы горкі час — менавіта тады, калі ў Камянец-Падольску камэндант замку генэрал Дамінік Бякерскі, не жадаючы аддаваць пазыкі, узятай у лекаркі, пасадзіў яе пад хатні арышт з тым, каб пасьля выслаць у Белую Царкву ў пажыцьцёвае зьняволеньне. Ёй было тады 25 гадоў, і яна змагла ўцячы, пераапрануўшыся ў чужое адзеньне. Але ня муж дапамагаў ёй, а зноў жа тыя людзі, якіх яна лячыла і вяртала да жыцьця… З “амаратам” канчаткова разьвіталася тады, калі ён разам зь сябрам прыехаў у Кіеў, дзе яна жыла, каб аддаць сына ў навуку пры Акадэміі навук, абакраў яе і зьнік на яе ж санях. Пагоня нічога не дала, яна зноў засталася адна…”

(Ракіцкі: ) “І ўсё ж… Што давала ёй найбольш шчасьця? Што яна спраўдзіла ў жыцьці?”

(Іпатава: ) “Думаю, што найперш — каханьне, хаця яно здраджвала ёй і дало шмат горычы. Але ўменьне па-сапраўднаму кахаць — гэта Божы дар, які даецца ня ўсім людзям. Яна ўмела гэта рабіць, умела аддаваць сябе ўсю, да рэшты, не шукаючы, як сказана ў апостала Паўла, свайго, не імкнучыся браць і мець нешта матэрыяльнае ад свайго пачуцьця. Яна хацела толькі ўзаемнасьці й вернасьці, але не даравала здрады.

Моцная духам, таленавітая і прыгожая, яна проста не знайшла сабе роўні, здольнага па-сапраўднаму ацаніць і ейны талент, і ейны характар. Але яна ўпарта шукала шчасьця”.

(Ракіцкі: ) “А яшчэ яна спраўдзіла Дарогу. Дарогу, якая давала ёй бясконцыя прыгоды і авантуры, якая карміла і абараняла, пагражала і ратавала, якая бурліла ў крыві, наталяючы прагу спазнаньня сьвету і прагу ўласнага самасьцьверджаньня. І якая, урэшце, дала ёй літаратурную славу, а значыць, і несьмяротнасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG