Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі з выканкамаў стварылі “штабы” і зьбіраюцца сачыць за Алімпіядай празь інтэрнэт


Ігар Карней, Менск Ад сёньняшняга дня з ініцыятывы Міністэрства спорту і турызму ва ўсіх упраўленьнях фізкультуры абласных і гарадзкіх выканкамаў пачынаюць працаваць адмысловыя штабы дзеля асьвятленьня Алімпійскіх гульняў. Што ўяўляюць сабой гэтыя штабы і чым яны будуць займацца?

Працаваць у алімпійскіх штабах будуць не адмыслова падрыхтаваныя адмыслоўцы, а звычайныя чыноўнікі ўпраўленьняў фізкультуры і спорту. Прыкладам, у Гомельскім аблвыканкаме да гэтай справы далучылі трох супрацоўнікаў. Плянуецца перайсьці на падоўжаны рэжым працы, а таксама наладзіць дзяжурства на “гарачым тэлефоне”.

Супрацоўніца алімпійскага штабу Гомельскага аблвыканкаму так патлумачыла місію новага ўтварэньня:

(Супрацоўніца штабу: ) “Вы можаце атрымаць любую інфармацыю альбо затэлефанаваўшы, альбо прыйшоўшы сюды. Ва ўпраўленьні спорту стаіць кампутар, у нас ёсьць выхад у інтэрнэт. Уся інфармацыя пра алімпійцаў у нас ёсьць таксама, так што любыя зьвесткі пра любога спартоўца вы можаце ў нас атрымаць. Таксама ёсьць усе сьпісы: калі хто выступае, расклад на ўсе алімпійскія дні ажно да кожнай гадзіны. Але вынікі будзем даваць толькі пасьля таго, як зьвесткі зьявяцца на сайце Міністэрства спорту альбо на сайце Міжнароднага алімпійскага камітэту. У нас будуць вывешвацца вынікі”.

Падобных штабоў падчас папярэдніх Алімпійскіх гульняў у Беларусі ніколі раней не існавала. На тэлеэкранах, у радыёэфіры, у інтэрнэце інфармацыя пра Алімпіяду і без чыноўнікаў зьяўляецца ў рэжыме рэальнага часу.

Дзяржаўная ініцыятыва паўстала адразу ж пасьля пажаданьня Аляксандра Лукашэнкі, які на сэлектарнай нарадзе 5 жніўня фактычна абвясьціў пачатак спаборніцтваў паміж спартоўцамі-алімпійцамі й вяскоўцамі. А літаральна днямі інфармацыйнае агенцтва БелТА распаўсюдзіла паведамленьне наступнага зьместу. Браты-камбайнэры Герыловічы з калгасу “Советская Беларусь” Рэчыцкага раёну, якія першыя ў вобласьці намалацілі 1000 тонаў збожжа, кідаюць выклік беларускім алімпійцам. Маўляў, мы працоўны подзьвіг зьдзейсьнілі — чарга за вамі. Пра што і напісалі ў тэлеграме да Лукашэнкі. Вось толькі на якія адзінкі будзе ісьці спаборніцтва — на “танамэтры” ці “зернесэкунды” — у алімпійскіх штабах ня ведаюць.

Сябра Асацыяцыі спартовай прэсы Беларусі, журналіст Сяргей Шчурко так камэнтуе чарговыя ідэалягічныя захады дзяржавы:

(Шчурко: ) “Я падазраю, што нават у мэханізатараў ёсьць тэлевізары ці, ва ўсялякім разе, радыёкропкі, і яны пра ўсё даведаюцца зь першакрыніцаў. Што тычыцца сацыялістычных спаборніцтваў паміж спартоўцамі й мэханізатарамі. Мне здаецца, Лукашэнка пажартаваў, а яго ня так зразумелі. Я ня ведаю, як гімнасткі могуць спаборнічаць з трактарыстамі. Але калі нашым мэханізатарам так хочацца паспаборнічаць, то ёсьць сэнс выклікаць на бой калегаў-фэрмэраў. Памятаеце сэрыі савецкіх і канадыйскіх хакеістаў у 1972 годзе? Дык чаму бы не правесьці супэрсэрыю беларускіх і амэрыканскіх трактарыстаў? Забілі бы адразу двух зайцоў: паказалі б перавагу нашага ладу жыцьця і разрэклямавалі б сваю тэхніку”.
XS
SM
MD
LG