Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Посьпехі беларускіх алімпійцаў на спаборніцтвах будуць мацаваць дыктатарскі рэжым”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 12 жніўня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Добрай раніцы, Свабода! Меў магчымасьць сёньня праслухаць вашую праграму ў ранішнім эфіры. Як і ў ранейшых праграмах сачу за тым, як ідзе падрыхтоўка да выбараў, дакладней сачу за тым, як рэжым рыхтуецца ашукаць народ чарговы раз. І як пачуў з вашых паведамленьняў, гэта ідзе даволі пасьпяхова. І наш народ у чарговы раз атрымае падман. Але справа ня ў гэтым. Асабіста я гэтага чакаў, асабіста я ў гэтым быў упэўнены – іншага ня можа быць. Пытаньне ў іншым: калі адумаецца апазыцыя, я ня ведаю, сілкуючы свае нейкія амбіцыі ці што, даказваючы нешта чалавеку, які нікога ня слухае і нікога ня будзе слухаць. Людзі дарагія! Чаму вы заклікаеце народ ісьці на гэты падман і саміх сябе падманваць, ашукваць? Чаму вы як тая Эўропа гатовыя падпісваць пустыя пагадненьні зь бязглуздым гэтым рэжымам? Людзі дарагія! Трэба дачакацца таго моманту, калі гэта магчыма будзе рабіць, а ня зараз ісьці на гэты рэфэрэндум і даваць яму трэці тэрмін. Што вы робіце, апазыцыя? Дзякуй”.

(Слухач: ) “Усім вядома, што беларуская спартыўная дэлегацыя, накіраваная на алімпійскія гульні ў Грэцыі, прадстаўляе не Беларусь як краіну, а пануючы рэжым на Беларусі, рэжым дыктатарскі. Посьпехі на беларускай арэне на спаборніцтвах будуць мацаваць дыктатарскі рэжым, будуць апраўдваць усе яго злачынствы, яго нахабства, дзяржаўны лад усіх тых, хто падаўляе свабоду, дэмакратыю і незалежнасьць, заахвочвае хлусьню і насаджае страх, хто завёў Беларусь у міжнародную ізаляцыю, дзе людзей зьбіваюць дубінкамі за іншадумства, дзе зьнішчана нават нацыянальная сымболіка”.
XS
SM
MD
LG