Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сэнс штабоў у справе асьвятленьня Алімпійскіх гульняў?


Ігар Карней, Менск Зь ініцыятывы міністэрства спорту і турызму, сёньня ва ўсіх упраўленьнях фізычнай культуры абласных і гарадзкіх выканкамаў пачынаюць працаваць адмысловыя штабы ў справе асьвятленьня Алімпійскіх гульняў. Што ўяўляюць сабой гэтыя штабы? Чым яны будуць займацца? Мо, пашыраць сярод насельніцтва нейкую эксклюзіўную інфармацыю з Афінаў?

Наўрад ці гэта будзе так, бо, найперш, прадстаўнікоў магілёўскага ці гомельскага аблвыканкамаў у Грэцыі няма, а па-другое, супрацоўнікі на хуткую руку створаных штабоў самі не хаваюць, што будуць спраўджваць інфармацыю пра выступы спартоўцаў толькі пасьля таго, як яна зьявіцца на сайтах Нацыянальнага алімпійскага камітэту і міністэрства спорту і турызму. Таму апэратыўнасьць, мякка кажучы, спрэчная. Супрацоўніца алімпійскага штабу Гомельскага аблвыканкаму, якая прадставілася як Натальля Віктараўна, так патлумачыла місію новага ўтварэньня.

(Натальля Віктараўна: ) “Вы можаце атрымаць любую інфармацыю альбо затэлефанаваўшы, альбо прыйшоўшы сюды. Ва ўпраўленьні спорту стаіць кампутар, у нас ёсьць выхад у інтэрнэт. Уся інфармацыя пра алімпійцаў у нас маецца таксама, так што любыя зьвесткі пра любога спартоўца вы можаце ў нас атрымаць. Таксама ёсьць усе сьпісы: калі хто выступае, расклад на ўсе алімпійскія дні ажно да кожнай гадзіны. Але вынікі будзем даваць толькі пасьля таго, як зьвесткі зьявяцца на сайце міністэрства спорту альбо на сайце Міжнароднага алімпійскага камітэту. У нас у вэстыбюлі будуць вывешвацца вынікі”.

Наколькі я памятаю, падобных “штабоў” падчас папярэдніх Алімпійскіх гульняў не існавала. Здаецца, што тут выглядае на чарговую ўсенародную мабілізацыю. Гэтая дзяржаўная ініцыятыва паўстала адразу ж пасьля пажаданьня Аляксандра Лукашэнкі, які на сэлектарым сходзе фактычна абвясьціў пачатак спаборніцтваў паміж спартоўцамі-алімпійцамі і вяскоўцамі. Крыху раней у краіне былі створаныя штабы ўборачнай кампаніі, каб усім сьветам сабраць пажаданыя Лукашэнкам 7 мільёнаў тон зерня. Цяпер вось усім сьветам давядзецца здабываць 25 алімпійскіх мэдалёў.

Днямі інфармацыйнае агенцтва БелТА распаўсюдзіла прапагандысцкае паведамленьне наступнага зьместу. Браты-камбайнэры Герыловічы з калгасу “Советская Беларусь” Рэчыцкага раёну, якія першыя ў вобласьці намалацілі 1000 тонаў збожжа, кідаюць выклік беларускім алімпійцам. Маўляў, мы працоўны подзьвіг ажыцьцявілі, чарга за вамі. Пра што, уласна кажучы, і напісалі ў тэлеграме да Лукашэнкі. Лукашэнка, трэба думаць, у гэтай спрэчцы будзе галоўным арбітрам. Вось толькі на якія адзінкі будзе ісьці спаборніцтва – на “тонамэтры” ці “зернесекунды” – папярэдне не паведамляецца. У алімпійскіх штабах пра гэта таксама ня ведаюць.

Працаваць у гэтых штабах будуць не адмыслова падрыхтаваныя людзі, а звычайныя супрацоўнікі упраўленьняў фізычнай культуры і спорту. У тым жа Гомельскім аблвыканкаме трымаць руку на алімпійскім пульсе будуць тры чалавекі. Як яны самі расказваюць, дзеля забесьпячэньня рытмічнай дзейнасьці штабу плянуецца перайсьці на падоўжаны рэжым працы. Таксама будзе наладжанае дзяжурства на “гарачым тэлефоне”. Праўда, удакладнілі: падчас працы інтэрнэту лінія будзе занятая. Але падаецца, што гэтыя штабы ўвогуле ня будуць запатрабаваныя, бо на тэлеэкранах, у радыёэтэры, у тым жа інтэрнэце інфармацыя пра Алімпіяду будзе першачарговай і ў бальшыні выпадкаў у рэжыме “он-ляйн”. І наўрад ці хто будзе марнаваць час, шукаючы патрэбную інфармацыю ў кабінэтах аблвыканкамаў.
XS
SM
MD
LG