Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сэксуальным жыцьці беларускія мужчыны больш стэрэатыпныя за жанчын


Юлія Шарова, Менск Паводле падлікаў адмыслоўцаў, прыкладна 10 адсоткаў беларускіх мужчын маюць часовыя ці сталыя сэксуальныя разладжаньні. Але вельмі нязначная частка мужчын зьвяртаецца па дапамогу сэксолягаў. Чым тлумачыцца такая абыякавасьць беларусаў да ўласных інтымных праблемаў?

Прыкладна 250 тысяч мужчын у Беларусі могуць мець тыя ці іншыя сэксуальныя разладжаньні, лічыць сэксоляг Дзьмітры Капусьцін. Пры гэтым адмыслоўца сыходзіць з усясьветнай статыстыкі: у іншых краінах да 10 адсоткаў мужчынскага насельніцтва маюць такія праблемы. Між тым у Беларусі да спэцыялістаў зьвяртаецца ня болей за 5 тысяч мужчын. Чаму гэтак адбываецца – для сэксоляга вялікая загадка, але наўрад ці такая статыстыка сьведчыць пра тое, што беларускія мужчыны самыя моцныя ў сьвеце палюбоўнікі.

У той жа час спадар Капусьцін адзначае рост колькасьці зваротаў да сэксолягаў з боку жанчын. Гэтак, у Менскі сэксалягічны цэнтар яны зьвяртаюцца ў чатыры разы часьцей, чым пятнаццаць год таму, на самым пачатку “сэксуальнай рэвалюцыі”.

(Капусьцін: ) “Атрымліваецца так, што жанчыны цяпер больш раскаваліся, а мужчыны сталі ў гэтай сытуацыі больш пасіўнымі. І ўзьнікае такі вось дысананс. Жанчына “прачынаецца”, псыхалягічна гатовая да пошуку нечага, а мужчыны ў прынцыпе аказаліся да гэтага папросту негатовымі. Таму баюся, што выйсьцем з гэтай сытуацыі стане значнае павелічэньне пазашлюбных сувязяў, з боку жанчын у першую чаргу”.

Дзьмітры Капусьцін таксама адзначае вялікі недахоп сэксолягаў: на ўсю дзесяцімільённую Беларусь такіх адмыслоўцаў пяць. Зразумела, што ў такіх умовах пра сэксуальнае здароўе і сэксуальную культуру нацыі казаць цяжка.

Чаму ўсё ж у гэтак званай “сэксуальнай рэвалюцыі” мужчыны сталі адставаць ад жанчын? Псыхоляг Вольга Андрэева лічыць, што беларускія мужчыны больш стэрэатыпныя і не настолькі гатовыя нешта мяняць – ні ў сацыяльным, ні ў сэксуальным жыцьці. Жанчыне ж дагэтуль навязваецца падначаленая роля, яна вымушаная падладжвацца пад мужчыну, які, да таго ж, схільны вінаваціць яе ў сваіх сэксуальных няўдачах.

(Андрэева: ) “Некаторыя жанчыны гэтае пачуцьцё віны прымаюць, яно ў іх фармуецца пад маніпулятыўным узьдзеяньнем мужчын. І жанчына задае пытаньне: як я магу даставіць найбольшую асалоду мужчыне? То бок яна сябе ўспрымае як інструмэнт, прызначаны дагаджаць мужчыне, а ня як раўнапраўнага партнэра”.

Менавіта з гэтай прычыны жанчыны часьцей прыходзяць да сэксоляга самі, бо іхныя партнэры ня бачаць сэнсу ў тым, каб несьці свае праблемы да чужога чалавека. Спадарыня Андрэева лічыць, што павінна мінуць яшчэ шмат часу, каб стаўленьне беларускага грамадзтва да сэксуальных стасункаў зьмянілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG