Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме выставілі фатаздымкі й рэчы целаахоўніка Сталіна


Алесь Дашчынскі, Менск Агляд сьвежых нумароў незалежных рэгіянальных газэт

Газэта “Биржа информации” піша пра адносіны паміж Гарадзенскай вобласьцю і цэнтрам. Паводле аўтара артыкула, вядомага эканаміста Яраслава Раманчука, Горадня ня мае сваёй рэгіянальнай палітыкі і, адрозна ад Магілёва, ня мае сваіх патрыётаў у органах рэспубліканскай улады. Адным з самых багатых рэгіёнаў Беларусі кіруюць прызначэнцы – “временщики”, якія сваімі дзеяньнямі ператвараюць Гарадзеншчыну ў камунальную кватэру, дзе ніхто толкам ні за што не адказвае. “Больш за тое”, піша газэта, “менавіта палітыка афіцыйнага Менску стварае пагрозы для жыхароў беларускага Захаду ў цэлым і для Горадні асабліва”. У выніку самаізаляцыі рэгіён недаатрымлівае 10-15 тысяч новых працоўных месцаў ў год і сотні мільёнаў даляраў інвэстыцый.

“Биржа информации” таксама падае, што тытуляваныя гарадзенскія прыгажуні фактычна адлучаныя ад конкурсу “Міс Беларусь-2004”. Прычына – у раптоўнай перамене правілаў конкурсу. Гарадзенскія ўлады атрымалі ліст ад Савета міністраў з прапановай выкарыстоўваць міжнародныя стандарты, абмежаваць узроставыя рамкі ўдзельніц– ад 18 да 24 гадоў. Пры гэтым рост дзяўчат можа быць не меншы за 175 см. Яны павінны мець беларускае грамадзянства, ня быць замужам і ня мець дзяцей.

Яшчэ “Биржа информации” распавядае пра незвычайны выпадак у вёсцы Шчорсы. Шаравая маланка ўдарыла па крыжы мясцовай царквы, а потым зь вялікай хуткасьцю паляцела ў бок сельскага савета, дзе і выбухнула. Старшыня сельсавета распавёў, што маланка танцавала ў яго на стале, потым пачуўся выбух і яго быццам палкай па руцэ ўдарылі. Памяшканьне сельсавета пацярпела ад пажару.

Газэта “Iнфа-Кур’ер” піша пра пляны будаўніцтва ў Слуцку праваслаўнага сабора ў цэнтры горада. Мітрапаліт Філярэт пад час свайго візыту на Случчыну патлумачыў прычыны затрымкі будаўніцтва. Паводле мітрапаліта Філярэта, археолягі патрабуюць правесьці раскопкі на гэтай тэрыторыі, а ў прыхода няма грошай. Другая прычына – у інэртнасьці сьвецкіх уладаў.

Яшчэ “Iнфа-Кур’ер” распавядае пра двух грамадзянаў, якія трэці год запар жывуць у бэтоннай трубе, каля прамысловай пляцоўкі першага рудаўпраўленьня. Як піша газэта, гэтую трубу бяздомныя лічаць сваім лецішчам, а ўзімку перабіраюцца ў склеп. Гэтае мейсца яны ўлюбілі, бо непадалёк знаходзяцца гаражы, а іх гаспадары часам ахвяруюць што-небудзь.

“Калі ўзяў – вярні” – у артыкуле пад такім назовам “Местная газета” піша пра даволі рэдкі выпадак. Сям’я Глушко з Ваўкавыску выселена з кватэры за тое, што цягам паўгода несвоечасова плаціла за крэдыт, атрыманы паводле прэзыдэнцкага ўказа. Кватэру ўжо перадалі новым уладальнікам, а сям’я Глушко засталася ў выніку без жыльля. Затрымкі з аплатай крэдыту яна тлумачыла цяжкім матэрыяльным становішчам.

Газэта “Телевестник” зьвяртае ўвагу на тое, што пасьля рэканструкцыі прывакзальнай плошчы ў Воршы, там ліквідаваныя практычна ўсе гандлёвыя шапікі, а ў адзіным буфэце зьявіліся чэргі.

“Газэта Слонімская” паведамляе пра выставу ўнікальных фотаздымкаў, асабістых рэчаў і дакумэнтаў, якія належалі галоўнаму целаахоўніку Сталіна Мікалаю Ўласіку. Яго называлі сталінскім анёлам-абаронцам №1. Уласік даўжэй за астатніх пратрымаўся ў ягонай ахове. Частку цяперашніх экспанатаў падарыла дачка Ўласіка. Выстава працуе ў Слонімскім краязнаўчым музэі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG