Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12 жніўня 1399 году адбылася бітва на Ворскле


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 12 жніўня

12 жніўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваліся Сіла і Іван. У гэты дзень трэба было, скончыўшы жніво, пачаць сяўбу новага хлеба. Таму казалі: “Хто на Сілу жыта пасее – у таго на хлеб надзея”. Імя Івана з працамі ў полі ня зьвязвалі. Івану маліліся, каб дапамог адшукаць скрадзеныя рэчы і пакараць злодзеяў.

12 жніўня 1399 году адбылася бітва на Ворскле – паводле ацэнак гісторыкаў, самая няўдалая ў гісторыі беларускага сярэднявечча. Войскам Вялікага Княства кіраваў Вітаўт, а ардынскімі татарамі – хан Эдыгей. Сыйшліся дзьве арміі на рацэ Ворскла ў цяперашняй Украіне. Нашыя продкі пацярпелі сакрушальную паразу. На полі палегла дзьве траціны іхнага войска, у тым ліку 60 князёў-вайскаводцаў.

12 жніўня ў 1948 годзе ў Чэхаславаччыне савецкія карныя органы арыштавалі беларускую паэтку Ларысу Геніюш і яе мужа Янку. У Менскай турме НКВД Ларысу Геніюш дапытваў галоўны ў Беларусі чэкіст Цанава. Ён патрабаваў ад яе здачы архіваў БНР. У выніку паэтка была асуджаная на 25 гадоў канцлягераў. Цалкам яна не рэабілітаваная і дагэтуль.

12 жніўня 1893 году прыйшоў на сьвет Аляксандар Ружанцоў, беларускі палітык і гісторык, чалавек незвычайнага лёсу. Народжаны ў расейскай Вязьме, Ружанцоў стаў адным з галоўных беларускіх дзеячоў у міжваеннай Літве, а закончыў свой жыцьцёвы шлях у ЗША. У 1919 годзе Ружанцоў узначаліў беларускі батальён літоўскага войска. Ягоныя беларускія вершы, падпісаныя псэўданімам Алесь Смаленец, высока цаніў Максім Гарэцкі.

А яшчэ 12 жніўня ў розныя гады нарадзіліся амэрыканскі прадпрымальнік і філянтроп Джордж Сорас і беларускі паэт Леанід Галубовіч. Стваральнік закрытага цяперашнімі ўладамі Беларускага фонду Сораса прыйшоў на сьвет у 1930 годзе, а паэт – у 1950-м. Аўтар шасьці зборнікаў вершаў, Леанід Галубовіч прызнаны крытыкамі адным з найбольш праўдзівых паэтаў сучаснасьці, у якіх талент – не ад навукі, а ад Бога. Тым ня менш, некалькі гадоў таму Галубовіч пісаць вершы перастаў. Ён абвясьціў пра гэта публічна, а ў дадатак выдаў кніжку з красамоўнай назвай “Апошнія вершы Леаніда Галубовіча”. Цяпер паэт ператварыўся ў літаратурнага крытыка, а таксама ў аўтара лірычных мініятураў, якія ён публікуе пад агульнай назвай “Зацемкі зь левай кішэні”.
XS
SM
MD
LG