Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік: "Нейкія іншыя патрабаваньні звыш тых, якія запісаны ў законе, акруговыя камісіі прад’яўляць не правамоцныя”


Міхал Стэльмак, Менск 12 жніўня завяршаецца падача заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў асобамі, якія зьбіраюцца вылучыцца кандыдатамі ў Палату прадстаўнікоў – нагадаю, гэтыя выбары адбудуцца 17 кастрычніка. Якая сытуацыя складваецца на гэтым этапе выбарчай кампаніі?

Ініцыятыўныя групы, як вядома, фармуюць асобы, якія зьбіраюцца вылучацца ў Палату прадстаўніком шляхам збору подпісаў. Ці шмат ахвотнікаў стаць кандыдатамі ў дэпутаты менавіта гэткім шляхам, і як ідзе працэс рэгістрацыі іх ініцыятыўных групаў?

Паводле апошніх зьвестак Цэнтрвыбаркаму, у акруговыя камісіі ўжо паступіла звыш трох соцень заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Частка гэтых заяваў ужо разгледжана, і звыш ста груп зарэгістравана. Чакаецца, што сёньня гэтыя лічбы зьменяцца, бо ёсьць асобы, якія ўсё адкладваюць на апошні дзень, і падача заяваў, як лічаць назіральнікі – не выключэньне.

З другога боку, некаторыя патэнцыйныя кандыдаты пасьля шэрагу выпадкаў з адмовай у рэгістрацыі ў некаторых рэгіёнах, дзе меў месца адміністрацыйны ціск на сяброў ініцыятыўных груп, больш адказна падышлі да іх пэрсанальнага складу. А менавіта – узялі тайм-аўт, каб яшчэ раз прааналізаваць склад груп ды пакінуць у іх найперш тых, хто больш устойлівы да такога ціску.

Асабліва ўважліва да якаснага складу сваіх ініцыятыўных груп пачалі ставіцца прадстаўнікі апазыцыі. Паколькі, на іх думку, падчас разгляду пытаньня пра рэгістрацыю менавіта да іх ініцыятыўных груп мае месца павышаная ўвага. Вось, напрыклад, што паведаміла мне на гэты конт намесьніца старшыні Беларускай партыі працы Тацяна Ваніна, якая зьбіраецца балятавацца ў Дзяржынскай акрузе №80:

(Ваніна: ) “Заяву прыняць прынялі, але калі я здавала заявы, то мне сказалі, што ў пятніцу будзе паседжаньне акруговай камісіі і будзе ўжо вядома: ці зарэгіструюць ініцыятыўную групу.”

(Карэспандэнт: ) “У вашай акрузе вылучаецца прадстаўнік ці прадстаўнікі ўладаў?”

(Ваніна: ) “Вядома. На сёньняшні момант пададзена тры чалавекі. Але яшчэ невядомая кандыдатура ад улады. Я так думаю, што гэта будзе той жа самы кандыдат Міхал Баравы – міністар транспарту і камунікацыяў”.

(Карэспандэнт: ) “Ён таксама будзе вылучацца шляхам збору подпісаў і рэгістрацыі ініцыятыўнай групы альбо іншым шляхам?”

(Ваніна: ) “Думаю, што хутчэй за ўсё ён будзе ісьці ад працоўнага калектыву, бо ўлада яму гэта арганізуе”.

Спадарыня Ваніна лічыць, што ў яе акрузе прадстаўнік уладаў наўрад ці будзе рэгістраваць ініцыятыўную групу ды зьбіраць галасы ў сваю падтрымку.

А як у іншых акругах? Больш пэўна на гэты конт, відавочна, можна будзе меркаваць толькі пасьля сёньняшняга дня, калі завершыцца падача заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Але сытуацыя, на якую зьвяртала ўвагу Тацяна Ваніна, трэба сказаць, назіраецца і ў іншых акругах. Прадстаўнікі ўладаў, насамрэч, ня вельмі рупяцца ствараць такія ініцыятыўныя групы. Больш таго, паводле меркаваньня дэмакратаў, у такіх прадстаўнікоў няма адпаведнага досьведу жывой працы з выбарцамі – калі, напрыклад, сябрам ініцыятыўных груп трэба будзе хадзіць па кватэрах ды зьбіраць подпісы. Вось чаму ўжо зараз можна казаць, што ініцыятыўныя групы ствараюць найперш прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў, а таксама незалежныя асобы. Як, напрыклад, Валеры Шчукін, які зьбіраецца балятавацца ў віцебскай акрузе №20. Вось што ён паведаміў нашаму радыё:

(Шчукін: ) “Я не зьяўляюся сябрам нейкай партыі. Таму вылучацца па партыйных сьпісах не магу. А вылучацца ад працоўнага калектыву не магу ў прынцыпе. Паколькі любы дырэктар, які рызыкне правесьці сход ды вылучыць Шчукіна, назаўтра згубіць пасаду”.

(Карэспандэнт: ) “Як складваецца ў вас сытуацыя з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы?”

(Шчукін: ) “Я падаў заяву. Зараз апытваюць сяброў маёй ініцыятыўнай групы: ці добраахвотна яны пагадзіліся быць у складзе гэтай групы? Між тым, выбарчы кодэкс не прадугледжвае нейкай праверкі ініцыятыўнай групы.”

Спадар Шчукін сьцьвярджае, што акруговыя камісіі, што правяраюць сяброў ініцыятыўных груп, робяць гэта незаконна. Цэнтрвыбаркам, як вынікае з тлумачэньня яго прадстаўнікоў, паінфармаваны пра масавыя праверкі ініцыятыўных груп акруговымі камісіямі. Ад удзельнікаў выбарчай кампаніі паступаюць сыгналы, што гэта стала досыць масавай зьявай. Аднак мушу зазначыць, што Цэнтрвыбаркам на такія праверкі пакуль аніяк не адрэагаваў. У прыватнасьці, вось што ў гутарцы са мной зазначыў на гэты конт сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Выбарчым законам агавораны патрабаваньні, якія прад’яўляюцца як да самога кандыдата, так і да сяброў ініцыятыўных груп. Мы правялі інструктыўныя нарады па ўсіх абласьцях і ў горадзе Менску і на гэтых нарадах мы сфармулявалі патрабаваньні, якія вызначаюцца нашым заканадаўствам для рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Патрабаваньні да сяброў ініцыятыўнай групы – гэта павінны быць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам. Нейкія іншыя патрабаваньні звыш тых, якія запісаны ў законе, акруговыя камісіі прад’яўляць не правамоцныя”.

***

* Першапачатковы загаловак да гэтага артыкулу не дакладна перадаваў словы спадара Лазавіка.
XS
SM
MD
LG