Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В. Завадзкая пра ўзнагароджаньне Паўлічэнкі праваслаўным ордэнам: “Мне плюнулі ў душу”


Алесь Дашчынскі, Менск Сваякоў зьніклых палітыкаў абурыў факт узнагароджаньня падпалкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнкі ордэнам Расейскай праваслаўнай царквы сьвятога раўнаапостальнага князя Ўладзімера трэцяй ступені.

У Менскай япархіяльнай управе патлумачылі, што такой высокай царкоўнай ўзнагароды падпалкоўнік Паўлічэнка ўдастоены за актыўны ўдзел у будаўніцтве храму на тэрыторыі вайсковай часткі, камандзірам якой ён зьяўляецца. Мітрапаліт Філарэт хадайнічаў перад Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем II, каб гэты ордэн далі менавіта Паўлічэнку. Настаяцель прыходу Аляксандар Яцкевіч патлумачыў, што Паўлічэнка “непасрэдна браў удзел у будаўніцтве, фізычна і маральна падтрымліваў”.

На маё пытаньне, ці вядома царкве, што імя Паўлічэнкі фігуруе ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса сярод асобаў, датычных да зьнікненьня вядомых у Беларусі апазыцыйных палітыкаў, бізнэсоўца і апэратара ОРТ Зьмітра Завадскага, айцец Аляксандар адказаў:

(а. Аляксандар: ) “Я абсалютна нічога ня ведаю, ні царква, ні наш прыход не прымаюць удзелу ні ў якіх палітычных акцыях, нічога агульнага мы з гэтым ня маем і ня ведаем нічога”.

Тое ж самае цьвердзіў і сакратар Менскай япархіі Мікалай Коржыч:

(Коржыч: ) “Інфармацыі мы ня маем, і наколькі яна праўдзівая — гэта ня наша кампэтэнцыя. Мы жывем сваім царкоўным жыцьцём, і царква знаходзіцца па-за палітыкай”.

Тым часам сваякі зьніклых абураныя тым фактам, што Расейская праваслаўная царква ўзнагародзіла Паўлічэнку. Жонка зьніклага палітыка Зінаіда Ганчар сказала:

(Ганчар: ) “Я нічога не разумею ў гэтай сытуацыі. Паўлічэнку падазраюць у жудасных злачынствах, гэта праходзіць па ўсіх дакумэнтах. У гэтай сытуацыі патрэбнае нейкае праясьненьне. У мяне такое ўражаньне, што мы знаходзімся ў дурдоме. Узнагароджваць людзей з заплямленай рэпутацыяй і тлумачыць гэта тым, што царква па-за палітыкай — гэта, прынамсі, глупства. Калі царква па-за палітыкай, то яна павінна быць і па-за хваробай”.

Вольга Завадзкая, маці зьніклага апэратара Зьмітра Завадзкага адзначыла:

(Завадзкая: ) “Гэта абуральна. Усё ж такі Філарэт асоба дзяржаўная. І каб так — не разабраўшыся ў сытуацыі, плюнуць людзям у душу, ва ўсякім разе — мне”.
XS
SM
MD
LG