Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнае назіраньне ахопіць чвэрць выбарчых участкаў


Валер Каліноўскі, Менск Незалежнае назіраньне падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі сёлета арганізоўвае грамадзкая ініцыятыва “Партнэрства”. Яе лідэры заяўляюць пра намер вылучыць тры з паловай тысячы назіральнікаў і ахапіць чвэрць выбарчых участкаў ва ўсіх акругах. Яны лічаць, што гэта дастаткова для таго, каб зрабіць выснову наконт дэмакратычнасьці выбараў.

Каардынатар кампаніі незалежнага назіраньня парлямэнцкіх выбараў з грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” Мікола Астрэйка кажа, што іх структура пазапартыйная: яна ня будзе вылучаць і падтрымліваць кандыдатаў у дэпутаты, каб быць цалкам аб’ектыўнымі. “Партнэрства” — блёк зарэгістраваных рэгіянальных грамадзкіх арганізацыяў, мэта — стварэньне грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнага прававога і палітычнага ладу Беларусі.

(Астрэйка: ) “Нашая структура назіраньня ідзе ў два этапы. Першы — доўгатэрміновае назіраньне, якое ўжо пачалося, яно будзе ісьці на працягу чатырох месяцаў ад прызначэньня даты выбараў і да абвяшчэньня іх вынікаў. Другі этап — гэта назіраньне непасрэдна на выбарчых участках. Там будуць знаходзіцца два назіральнікі “Партнэрства” на ўчастку. На жаль, мы ня здолеем ахапіць усе 100 адсоткаў выбарчых участкаў, у нас будуць назіральнікі на кожным чацьвертым участку”.

Мікола Астрэйка кажа, што ініцыятыва “Партнэрства” аб’ядноўвае намаганьні розных непалітычных арганізацыяў. Назіральнікаў ужо вылучаюць ад грамадзкіх аб’яднаньняў і шляхам збору подпісаў. Спадар Астрэйка спадзяецца прыцягнуць да незалежнага назіраньня тры з паловай тысячы чалавек. Акрамя таго, “Партнэрства” супрацоўнічае зь іншымі арганізацыямі, якія зацікаўленыя ў справядлівых выбарах. У іх ліку спадар Астрэйка назваў ТБМ, Свабодны парфсаюз, Арганізацыю працоўных жанчын.

Паводле вынікаў першага этапу выбарчай кампаніі “Партнэрства” падрыхтавала справаздачу, асноўныя палажэньні якой агучвае Мікола Астрэйка:

(Астрэйка: ) “Першая выснова ў тым, што ціск на асобы і арганізацыі, якія абвесьцілі пра свой удзел у выбарах, узмацняецца, выкарыстоўваюцца як судовыя захады, напрыклад, ліквідацыя партыі, так і незаконныя, нават гвалтоўныя мэтады, як зьнішчэньне маёмасьці пагрозы фізычнай расправы. Другая выснова: акруговыя выбарчыя камісіі былі, на нашую думку, сфармаваныя з парушэньнем прынцыпу роўнасьці й справядлівасьці. Мы лічым, што прадстаўнікі апазыцыйных партыяў маглі б атрымаць больш месцаў. Яны атрымалі ўсяго толькі 2 адсоткі месцаў у акруговых выбарчых камісіях. Трэцяя выснова пра тое, што многія патэнцыйныя кандыдаты пачалі весьці актыўную кампанію яшчэ да іх афіцыйнай рэгістрацыі”.

На мінулых выбарах актыўны ўдзел у незалежным назіраньні брала праваабарончая арганізацыя “Вясна”, якая нядаўна была закрытая ўладамі. Цяпер у “Вясны” іншая пазыцыя. Актывіст гэтай арганізацыі Ўладзімер Лабковіч лічыць, што трэба спадзявацца перш за ўсё на назіраньне ад дэмакратычных кандыдатаў і партыяў:

(Лабковіч: ) “Таму што ва ўмовах дыктатуры і фальсыфікацыяў, у якіх мы, на жаль, знаходзімся, назіраньне з мэтай толькі выяўленьня тых парушэньняў, якія чыняцца камісіямі, іх аналізу і накіраваньня скаргаў у АБСЭ, не прыводзіць да вынікаў зьмены сытуацыі ў краіне. І не прыводзіць да хаця бы мінімальнай дэмакратызацыі выбараў у наступным. Таму мы лічым, што назіраньне павінна быць актыўным, скіраваным на тое, каб назіральнікі патрабавалі выкананьня заканадаўства, каб яны рабілі ўсё магчымае для таго, каб мінімізаваць магчымасьці фальсыфікацыяў”.

У апазыцыйных кааліцыях таксама гавораць пра прыярытэт партыйнага назіраньня пад час сёлетняй кампаніі.

Паводле сакратара Цэнтарвыбаркаму Мікалая Лазавіка, у беларускіх назіральнікаў дастаткова правоў для выкананьня сваіх задачаў.

(Лазавік: ) “Скажу вам нават болей, што ўнутраныя назіральнікі сёньня па нашым выбарчым заканадаўстве валодаюць большай свабодай дзеяньняў, большымі правамі, чым міжнародныя назіральнікі паводле інструкцыі АБСЭ”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік зазначыў, што ён інструктаваў сябраў акруговых выбарчых камісіяў працаваць у цесным кантакце з назіральнікамі й рэагаваць на іх дзеяньні толькі ў рамках закону.

(Лазавік: ) “У цэлым нашая пазыцыя такая: назіральнік — гэта памочнік камісіі ў рэалізацыі выбарчага права грамадзянаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG