Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пачаліся выпрабаваньні новай вакцыны супраць раку


Сяргей Абламейка, Прага Фармацэўтычная кампанія, разьмешчаная ў Лэксынгтоне – паўночным прыгарадзе Бостану, пачала выпрабаваньні антыракавай вакцыны, якая можа распачаць новую эру ў лячэньні сьмяротнай хваробы. Парадаксальным чынам гэтае адкрыцьцё зьвязанае са старажытнымі акамянеласьцямі. Падрабязнасьці сэнсацыі падае амэрыканская газэта “Boston Globe”.

У 1979 годзе малады студэнт палеанталёгіі зь Індыі Прамод Срывастава вывучаў з дапамогай электроннага мікраскопа паверхню акамянелых расьлінаў. Побач зь ім іншы студэнт вывучаў пры дапамозе звычайнага мікраскопа ракавыя клеткі мышэй. І вось паглядзеўшы празь яго плячо ў аб’ектыў мікраскопа, Срывастава заўважыў, што зьнешне ракавыя клеткі вельмі адрозьніваюцца ад нармальных.

Малады індыец зацікавіўся гэтым і стаў назіраць ракавыя клеткі праз мікраскоп. У гэты ж час яму патрапілася на вочы дасьледаваньне, у якім сьцьвярджалася, што пухліны паражаных ракам мышэй маглі быць выкарыстаныя, каб уключыць іх уласную імунную сыстэму для барацьбы з ракам. І вось тут Срываставу прыйшла ў галаву думка, што і чалавечыя ракавыя клеткі могуць мець на сваёй паверхні пэўныя асаблівасьці. Гэтыя асаблівасьці імунная сыстэма магла б запамінаць і, адпаведна, выпрацоўваць патрэбныя антыцелы. Цяпер сам Прамод Срывастава заяўляе, што тады яму дапамагло яго дылетанства – ён быў палеантолягам і нічога не разумеў у біялёгіі і мэдыцыне, ён проста гуляўся.

Навуковы інтарэс перамог, Срывастава перавёўся на біялягічны факультэт і сёр’ёзна заняўся біялёгіяй раку. Праз 10 гадоў, зрабіўшы безьліч спробаў і памылак, Срывастава здолеў знайсьці на паверхні ракавай клеткі бялок, які выклікаў імунны адказ у мышэй.

Далей трэба было пачынаць шукаць такі бялок і ў чалавечых ракавых клетках. Гэта патрабавала вялікіх фінансаў. У выніку ў прыгарадзе Бостану Лэксынгтоне з удзелам зацікаўленых банкіраў узьнікла кампанія Antigenics. Сам біёляг Срывастава ў ёй не працуе і застаецца супрацоўнікам мэдычнай школы ўнівэрсытэту ў штаце Канэктыкут.

І вось цяпер кампанія, заснаваная дзякуючы дасьледваньням Срываставы, падыйшла да рубікону – у канцы 2004-га году павінен скончыцца маштабны экспэрымэнт з удзелам 650-ці пацыентаў, хворых на рак нырак. Іх лечаць спэцыяльнай вакцынай, створанай для лчэньня менавіта раку нырак.

Адначасова ў кампаніі працягваюцца дасьледаваньні. Навукоўцы бяруць шматлікія ўзоры розных ракавых пухлінаў, зьмяняюць іх з дапамогай геннай інжынэрыіі і спрабуюць выклікаць імунны адказ. Адметнасьць новых вакцынаў палягае на тым, што яны дзейнічаюць тады, калі чалавек ужо хворы. Звычайныя ж вакцыны, як вядома, ужываюцца для прадухіленьня хваробы, а не для яе лячэньня.

Зусім нядаўна ў Лэксынгтоне пачаліся экспэрымэнты з удзелам хворых на рак грудзёй і на рак лёгкага. Агулам у дасьледаваньні, зьвязаныя з выпрацоўкай новай вакцыны супраць раку паводле мэтаду Прамода Срываставы, сёньня ўжо ўлучаныя дзясяткі ўнівэрсытэтаў і фармацэўтычных камапніяў Злучаных Штатаў Амэрыкі.

***

Гаворыць Радыё Свабода. Вы слухаеце перадачу “Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне”. На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1.

Калі вы ясьцё рыбу, каб палепшыць стан вашага сэрца, адмоўцеся ад сэндвічаў з рыбай і аддавайце перавагу рыбнаму філе. Падчас нядаўняга дасьледаваньня высьветлілася, што людзі, якія хаця б раз у тыдзень елі запечаную на вагні ці у духоўцы рыбу, мелі значна меншую рызыку захварэць на сардэчную арытмію. У тых жа, хто еў смажаную на патэльні рыбу ці рыбныя сэндвічы, рызыка атрымаць сардэчную хваробу не зьмяншалася. У гэтай сувязі RealAge нагадвае, што адна порцыя рыбы у тыдзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост амаль на тры гады маладзейшым.

2.

Калі вы здольныя захаваць спакой падчас напружанай сытуацыі, гэта можа азначаць, што пазьней у жыцьці вы не захварэеце на гіпэртанію. Нядаўна былі падведзеныя вынікі шматгадовага дасьледаваньня. У яго ўдзельнікаў кантралявалі крывяны ціск падчас вырашэньня складаных задачаў. Праз гады аказалася, што тыя, у каго ціск падвышаўся падчас хваляваньня ў маладосьці, пад старасьць былі найболей схільныя да гіпэртаніі. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце трымаць свой ціск на ўзроўні 115/76, ваш рэальны біялягічны ўзрост будзе на 12 гадоў маладзейшым.

3.

Калі вы хутка стамляецеся, праверце сваю дыету. Нядаўна навукоўцы знайшлі, што дэфіцыт магнія можа выклікаць у людзей хуткае стамленьне падчас фізычных нагрузак. Падчас экспэрымэнтаў з удзелам жанчынаў высьветлілася, што нізкія ўзроўні магнія ў арганізме выклікаюць падвышаную патрэбу жаночых целаў у кіслародзею. Гэта, у сваю чаргу, спараджае падвышаную патрэбу цягліцаў у энэргіі і прымушае іх хутчэй стамляцца. Асабліва багатыя на магній гарэхі і зялёны гарошак. RealAge сьцьвярджае, што адэкватнае спажываньне магнія – а гэта 400 міліграмаў для жанчын і 333 міліграмы для мужчын – можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост амаль на год маладзейшым.
XS
SM
MD
LG