Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Афіны едуць ня ўсе беларускія спартоўцы, якія маюць алімпійскія ліцэнзіі?


Уладзімер Глод, Менск Каб стаць удзельнікам Алімпійскіх гульняў, спартоўцам любой краіны неабходна атрымаць алімпійскія ліцэнзіі — гэта значыць, выканаць пэўныя нарматывы, зацьверджаныя Міжнародным алімпійскім камітэтам. Аднак нават ліцэнзія не заўсёды гарантуе ўдзел у Алімпіядзе. Амаль два дзясяткі спартоўцаў Беларусі, якія маглі бы выступаць у Афінах, застаюцца дома.

Існуюць дзьве асноўныя прычыны, якія перашкодзілі штангісту Генадзю Алешчуку, лёгкаатлетцы Алесі Туравай ды іншым беларускім спартоўцам паехаць у Грэцыю. Адна — ужываньне допінгу (гэта тычыцца трох-чатырох спартоўцаў), другая — нежаданьне везьці так званых алімпійскіх турыстаў, гэта значыць, атлетаў, якія аб’ектыўна могуць разьлічваць на месцы толькі пры канцы турнірнай табліцы.

Вершніца Ірына Ліс гэтым разам на Алімпіядзе выступаць будзе. А вось чатыры гады таму яе не павезьлі ў Сыднэй, бо, паводле разьлікаў адмыслоўцаў, дзяўчына магла заняць там месца толькі ў пятым дзясятку. Цяпер Ірыне прагназуюць месца ў трэцім дзясятку. Але, калі б вершніца ўжо мела алімпійскі досьвед, то і шанцы яе былі бы значна вышэйшыя, лічыць дзяржаўны трэнэр Натальля Юрганава:

(Юрганава: ) “Конны спорт, асабліва выездка — вельмі суб’ектыўны від. Надзвычай важна, што мы маем ліцэнзію і атрымалі права ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Плянуем заняць месца з 20 па 25. Важна трапіць у спаборніцтвы другога дня, так званую пераездку, дзе будуць вызначацца 25 найлепшых вершнікаў. Судзейства ў нас суб’ектыўнае, і тут колькасьць балаў шмат у чым залежыць і ад краіны, і ад судзьдзяў, ад таго, наколькі яны ведаюць спартоўца, і ад іншага”.

Супрацоўнік Нацыянальна алімпійскага камітэту Расеі Генадзь Швец гаворыць, што з падобнай праблемай сутыкнуліся і расейцы. Напрыклад, везьці ці не ў Афіны спрынтэраў, якія аб’ектыўна могуць разьлічваць на месцы толькі ў трэцім дзясятку:

(Швец: ) “Патрэбна даць магчымасьць рэалізаваць сябе. Калі яны такі цяжкі шлях прайшлі, столькі сіл паклалі… Для іх жа гэта такая мара! І раптам яе адсекчы. Гэта можа быць такой чалавечай драмай. Таму многія перакананыя, што трэба, каб было больш удзельнікаў. Няхай сёньня яны не абяцаюць нам мэдалёў. А раптам на наступных гульнях узыдуць на п’едэстал гонару?! Таму ня трэба быць залішне прагматычнымі. Варта заўжды рэагаваць на чалавека, на ягоную мару. За гэта потым ужо адплаціцца тым, хто гэтым працэсам кіруе, функцыянэрам, трэнэрам”.

Спартоўцы, якія ўжо ўдзельнічалі ў Алімпійскіх гульнях, вельмі адмоўна ставяцца да рашэньня ня везьці на Алімпіяду тых іхных калегаў, што выканалі алімпійскія нарматывы, але пакуль не прэтэндуюць на мэдалі. Вось што думае пра гэта трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч:

(Парфяновіч: ) “Я заўсёды казаў, што гэта вельмі дрэнна. Мы, алімпійскія чэмпіёны, удзельнікі гульняў, сёньня жывыя. Заўтра нас ня будзе. Але павінны быць тыя людзі, якія ўбачылі гэтыя спаборніцтвы, каб яны потым, калі будуць трэнэрамі, расказвалі нашым дзецям пра тое, як яны ўдзельнічалі ў гэтых спаборніцтвах, якія гэта спаборніцтвы, якая псыхалягічная нагрузка выпадае на спартоўцаў... Алімпійскія гульні нельга параўноваць ні зь якімі іншымі спаборніцтвамі. Гэта Алімпійскія гульні. І ўсё. І на гэтым кропка”.
XS
SM
MD
LG