Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ад вагі цяжарнай маці залежыць здароўе бдучага дзіцяці і новы сродак прадухіленьня хваробы Альцгаймэра


Сяргей Абламейка, Прага Навукоўцы адной з Барсэлёнскіх клінік у Гішпаніі задаліся мэтай вывучыць, як дыябэт цяжарных жанчынаў уплывае на іх будучае патомства. Вынікі дасьледаваньня сталі сэнсацыяй. Аказваецца, значна больш, чым дыябэт, на здароўе немаўлятаў уплывае вага іх маці ў пэрыяд цяжарнасьці. Аб гэтым інфармуе чытачоў газэта Daily Telegraph.

Яшчэ з 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя лекары ведалі, што хворыя на цукроўку жанчыны мелі значна большую рызыку нарадзіць дзіця з прыроджанымі дэфэктамі. Было вядома таксама, што высокі ўзровень цукру ў крыві маці праз плацэнту мог аказваць шкоднае ўзьдзеяньне на фармаваньне ўнутраных органаў эмбрыёна на раньніх стадыях цяжарнасьці. Разам з тым лекары ведалі, што дыябэт, які разьвіваецца падчас другой паловы цяжарнасьці – так званы гестацыйны дыябэт, выклікае значна меншыя прыроджаныя дэфэкты або не выклікае іх наогул.

Група каталёнскіх мэдыкаў вывучала сувязь паміж узроўнем цукру ў крыві і здароўем будучых немаўлятаў у больш чым дзьвюх тысяч жанчынаў, хворых на гестацыйны дыябэт. Яны чакалі знайсьці выразную сувязь паміж сур’ёзнасьцю дыябэту і прыроджанымі дэфэктамі. Замест гэтага яны знайшлі, што найбольш на здароўе дзяцей уплывае ступень атлусьценьня маці.

Мы знайшлі, што вага цела зьяўляецца галоўным фактарам для прадказаньня будучага прыроджанага дэфэкту, і звычайна атлусьценьне маці выклікае дэфэкты сэрца ў іх дзяцей, – заявіла кіраўніца каманды навукоўцаў, доктарка Роза Каркой.

Аўтары адкрыцьця прапанавалі яго наступнае тлумачэньне. Яны лічаць, што атлусьценьне зьяўляецца індыкатарам, колькі энэргіі і карысных рэчываў атрымвае эмбрыён. Празьмерная колькасьць энэргіі і карысных рэчываў, а не ўзровень цукру ў крыві якраз і выклікае прыроджаныя калецтвы. У гэтай сувязі доктарка Роза Каркой сказала, што пры плянаваньні цяжарнасьці будучыя маці павінны зьвяртаць увагу на сваю вагу і дадала, што адначасова было б не пажадана, каб жанчына рэзка схуднела перад цяжарнасьцю.

***

Людзі зь нязначнымі парушэньнямі памяці, якія могуць прывесьці да хваробы Альцгаймэра, маюць магчымасьць адкласьці надыход гэтай хваробы пры дапамозе шырока вядомага лякарства – яно называецца Арыцэпт і звычайна прымяняецца тады, калі чалавек ужо хворы на хваробу Альцгаймэра. Паведамленьне аб гэтым зрабіў доктар Рональд Пэтэрсан з амэрыканскага гораду Рочэстар на канфэрэнцыі ў Філядэльфіі.

Важны вынік дасьледаваньня, праведзенага камандай доктара Пэтэрсана, палягае ў тым, што Арыцэпт здольны адкласьці наступленьне хваробы, але не прадухіліць яе. Падчас трохгадовага экспэрымэнту мэдыкі назіралі 769 чалавек зь нязначнымі парушэньнямі памяці ў некалькіх дзясятках мэдычных цэнтраў ЗША. Людзі былі падзеленыя на тры групы. Пацыенты з адной групы рэгулярна бралі Арыцэпт, з другой – вітамін Е, а з трэцяй – таблеткі-імітатары лекаў, так званыя плэсыбо. Пасьля палутара гадоў лекары знайшлі, што ў пацыентаў, што бралі Арыцэпт, больш сур’ёзныя праблемы з памяцьцю наступілі прыблізна на 6 месяцаў пазьней, чым у пацыентаў зь іншых групаў. Аказалася таксама, што насупера распаўсюджанаму меркаваньню вітамін Е ніяк не ўплывае на хваробу Альцгаймэра. Разам з тым, праз тры гады аказалася, што на хваробу Альцгаймэра захварэла аднолькавая колькасьць ва ўсіх трох групаў. Гэта значыць, што Арыцэпт здольны толькі адкласьці наступленьне хваробы, але ня здольны яе прадухіліць. Тым ня менш, лекары згодныя ў тым, што патрэбныя дадатковыя экспэрымэнты. Знойдзены эфэкт Арыцэпту можа дапамагчы знайсьці і іншыя мэтады лячэньня, якія будуць больш эфэктыўныя.

Хвароба Альцгаймэра – даволі сур’ёзная праблема для сусьветнай мэдыцыны. Толькі ў ЗША на яе хварэюць каля чатырох з паловай мільёнаў чалавек. Агулам лічыцца, што ад 10 да 15 працэнтаў людзей, старэйшых за 65 гадоў, раней ці пазьней захварэюць на яе.

***

Гаворыць Радыё Свабода. Вы слухаеце перадачу Жывеце доўга. Новае ў сучаснай мэдыцыне. На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1.

Багатая на расьлінную клятчатку гародніна асабліва карысная для мужчын. Падчас нядаўняга дасьледаваньня высьветлілася, што мужчыны, якія шмат ядуць гародніны, маюць на 18 працэнтаў меншую рызыку захварэць на рак прастаты ў параўнаньні з тымі, хто гароднінай клятчаткі спажывае мала. Самая багатая на клятчатку гародніна, гэта капуста і гарох. Таму RealAge нагадвае, што калі вы будзеце 5 разоў на дзень спажываць расьлінную ежу, ваш рэальны біялягічны ўзрост можа стаць на 4 гады маладзейшым.

2.

Калі вы спрабуеце змагацца з аб’яданьнем, пазьбягайце раздражняльных гукаў і шуму. Падчас нядаўняга дасьледаваньня жанчын прасілі вырашыць матэматычную задачу. Адна група працавала пад узьдзеяньнем шуму, а іншая ў цішыні. Высьветлілася, што шум замінае чалавеку ня толькі працаваць, але і трымаць сябе пад кантролем. Аказалася таксама, што радражнёныя шумам жанчыны часьцей імкнуцца пад’есьці. Такія жанчыны, дарэчы, і часьцей зазнаюць расчараваньне. RealAge у гэтай сувязі нагадвае, што клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабціь ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG