Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 11 жніўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў 11 жніўня

“Витебские губернские ведомости”, 1894 год:

“Нядаўна ў Панявежы ў жаночым сельскагаспадарчым інстытуце баранэсы Будбэрг адбыліся іспыты. Інстытут гэты адзіны ў Расеі, дзе жанчыны могуць вывучаць розныя галіны сельскай гаспадаркі. Утрыманьне яго каштуе каля 10 тысяч рублёў на год. Акрамя лекара й вэтэрынара, якія выкладаюць асноўныя правілы гігіены й лекаваньня жывёл, настаўніцкі пэрсанал складаецца з 8 асоб. Большасьць жанчын, што заканчваюць курсы, атрымліваюць добрыя месцы… Графіня Плятэр-Зыбэрг, якая прысутнічала на іспытах, мяркуе адкрыць такую ж установу блізу Варшавы”.

“Віцебскі пролетарый”, 1934 год. Пастанова ЦВК і СНК Саюзу ССР:

“Прапанаваць урадам саюзных рэспублік дапоўніць крымінальныя кодэксы рэспублік артыкулам наступнага зместу: 1. абважваньне, абмерванне пакупнікоў, карыстанне пры продажу нявернымі вагамі, гірамі і іншымі няправільнымі вымяральнымі прыборамі; 2. парушэнне ўстаноўленых рознічных цэн на тавары шырокага спажывання ў магазінах, крамах, ларках, сталовых, буфетах і т.п., продаж тавараў ніжэйшага гатунку па цане вышэйшага, сакрыццё ад пакупнікоў прэйскурантных цэн тавараў — караюцца, як абкраданне спажыўца і ашуканства совецкай дзяржавы, пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 год”.

“Чырвоная змена”, 1964 год:

“У дзень, калі святкавалася 20-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па беларускім радыё прагучала новая песня Юрыя Семянякі “Веры Харужай”. Словы да гэтай песні напісала вучаніца 10 класа Парэцкай сярэдняй школы Яўгенія Янішчыц. А нядаўна кампазітар прыслаў ёй цёплае пісьмо, пажаданні поспехаў у вучобе і паэзіі. У пісьмо былі ўкладзены ноты”.
XS
SM
MD
LG