Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Археалягічныя знаходкі пасоўваюць узьнікненьне Асьвеі на пяць стагодзьдзяў раней


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Летась Асьвея – самае паўночнае мястэчка Беларусі – адзначыла сваё 500-годзьдзе. Гэтая падзея сталася нагодай дзеля правядзеньня там археалягічных дасьледаваньняў з мэтаю высьветліць – ці супадаюць летапісныя зьвесткі з сапраўдным часам заснаваньня паселішча. Праўда, арганізаваць археалягічную экспэдыцыю давялося толькі сёлета. Узначаліў яе Дзяніс Дук – той самы археоляг, які ня так даўно вёў раскопкі ў Полацку і выявіў, што ў 12-м стагодзьдзі крыўская сталіца мела значна большыя памеры, чым меркавалася.

Паводле летапісных крыніцаў годам заснаваньня Асьвеі лічыцца 1503. Аднак археолягі гэтую дату абверглі, прычым самым рашучым чынам. Сталася так, што дагэтуль археалягічныя дасьледзіны ў мястэчку не праводзіліся, і таму дзеля раскопак была наўздагад абраная паўвыспа на беразе возера. Зрабіўшы некалькі шурфоў і невялічкі раскоп, археолягі адразу ж наткнуліся на культурны пласт 11-га стагодзьдзя. Распавядае кіраўнік экспэдыцыі археоляг Дзяніс Дук:

(Дук: ) “Сёлета ўпершыню былі праведзеныя археалягічныя дасьледаваньні ў гарадзкім пасёлку Асьвея. Быў ускрыты вельмі багаты на артэфакты культурны пласт з матэрыяламі, якія датуюцца сама меней 11-м стагодзьдзем. Трэба будзе яшчэ зрабіць шмат археалягічнай працы, каб удакладніць сапраўдную дату заснаваньня Асьвеі, але ўжо зараз можна казаць, што мястэчку не 500, а прынамсі 900 гадоў. Намі быў ускрыты пласт, у якім знаходзіліся побытавыя рэчы і вельмі рэдкая знаходка: сьвінцовая плёмба з графіці і літарамі. Зараз трэба працаваць, каб выявіць ейнае паходжаньне”.

Значыцца, калі руплівей пакапацца, дык можна панурыцца і ў больш старажытныя часіны? Пытаньне такое успрымаецца безь іроніі, бо, па сьведчаньні некаторых адмыслоўцаў, людзі на берагах Асьвейскага возера жылі з пракаветных часінаў. Так атрымалася, што саму Асьвею археолягі дагэтуль абміналі, а вось навакольную зямлю ўжо пальцамі перамацалі. Яшчэ ў 50-х гадох на высьпе, што ляжыць пасярод возера, было выяўлена старажытнае гарадзішча. Гаворыць Дзяніс Дук:

(Дук: ) “У 1956 годзе археолягам Шутам было адкрытае гарадзішча на востраве з матэрыяламі раньняга жалезнага веку. Можна казаць, што ў той час гэтыя мясьціны былі вельмі добра асвоены чалавекам. І я ўпэўнены, што далёка ня ўсе помнікі на востраве яшчэ адкрытыя”.

Выспа, пра якую ідзе гаворка – самая вялікая азёрная выспа ў Беларусі; ейная плошча дасягае пяцёх квадратных кілямэтраў. Дзеля параўнаньня: княства Манака мае тэрыторыю 1,9, а Гібральтар – крыху больш 6-цёх квадратных кілямэтраў. Да вайны і па вайне на высьпе жылі людзі, была вёска, але ў 1969 годзе апошні яе жыхар пераехаў у Асьвею. Такім чынам там, дзе жалезным векам віравала жыцьцё, сёньня поўная бязьлюднасьць і, адпаведна, занядбанасьць.
XS
SM
MD
LG