Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое чалавек пагражалі сябрам ініцыятыўнай групы Сяргея Салаша


Падрыхтаваў Алесь Дашчынскі Агляд сьвежых нумароў беларускіх незалежных газэтаў

Пінская газэта “Мясцовы час” піша пра канфлікт пэнсіянэраў з гарадзкімі ўладамі. Прадметам спрэчкі стаў адпачынак: духавому аркестру забаронена граць на цэнтральнай вуліцы Пінску, дзе зьбіраліся дзесяткі пэнсіянэраў. Пасьля канцэрту яны звычайна ішлі ў гарадзкі Дом культуры на вечарыну для тых, хто ня лічыць гады. Цяпер аркестру дазволена граць у гарадзкім парку. Вэтэранам гэта нязручна, бо туды цяжка дабірацца і там горшыя ўмовы. Пэнсіянэры спадзяюцца на дапамогу газэты.

Яшчэ ў “Мясцовым часе” распавядаецца пра сэмінар “Шляхамі Палесься”, у якім бяруць удзел вядучыя турфірмы Беларусі. Яны плянуюць распрацаваць вандроўкі па беларускім Палесьсі. Найперш гэта будзе маршрут з Пінска да Турава па Прыпяці. Пінчукі ўжо ведаюць, што замежных турыстаў вабіць багацейшая некранутая прырода Палесься.

Цяпер у Пінску знаходзяцца дзьве дэлегацыі зь Нямеччыны. Як піша “Мясцовы час”, студэнты Дрэздэнскага ўнівэрсытэта за свой кошт рамантуюць Асьнежыцкую школу. Другая дэлегацыя зь нямецкага горада Альтэны аказвае гуманітарную дапамогу некаторым гарадзкім установам. Але яны вырашылі ня везьці сюды грузы, бо стаміліся ад беларускіх мытнікаў, а купілі ўсё неабходнае ў Беларусі.

Былы намесьнік старшыні пінскага гарвыканкама Серафім Страхаў напісаў для “Мясцовага часу” артыкул “Дом без гаспадара”. Ён выкрывае некаторыя сакрэты камунальнай гаспадаркі. Паводле яго, камунальнікі заганяюць у плату за кватэру свае недахопы і сваю негаспадарлівасьць.

Нарэшце на гадзіньнікавай вежы палаца-паркавага ансамбля ў Нясьвіжы будаўнікі пачалі ўсталёўваць купал. Газэта “Нясьвіскі час” распавядае, што гэтая вежа найбольш пацярпела ў часе пажару на каталіцкія Каляды 2002 года. Наогул, праца па аднаўленьні палаца вядзецца марудна. Таксама пяты год вядзецца рэканструкцыя гарадзкой ратушы.

“Нясьвіскі час” таксама распавядае, што мясцовыя ўлады вырашылі зачыніць дзьве школы – Квачоўскую базавую і Еськавіцкую пачатковую. 29 вучняў пераведзены ў іншую школу за 10 кілямэтраў. Аднак ня ўсім зь 10 настаўнікаў прапанаваны пастаянныя месцы працы.

“Курьер из Борисова” аналізуе эканамічны стан Барысаўскага раёна. Паводле аўтара артыкула, за мінулыя паўгады кожны жыхар раёна штомесяц траціў на пакупкі каля 80 тысячаў рублёў. Аб’ём бытавых паслугаў на жыхара раёна за паўгады склаў крыху больш за дзьве тысячы рублёў штомесяц.

Яшчэ “Курьер из Борисова” піша пра рэгістрацыю ініцыятыўных груп будучых кандыдатаў у дэпутаты. Паводле газэты, двое чалавек пагражалі сябрам ініцыятыўнай групы лідэра руху “За чысты Барысаў” Сяргея Салаша. Акруговая камісія не зарэгістравала таксама групу падтрымкі аднаго з прадпрымальнікаў.

У санаторыі “Бярэзіна” інваліды-калясачнікі авалодваюць швэдзкай мэтодыкай фізычнай рэабілітацыі. Барысаўская фірма вырабіла каляскі, хаця залезла ў даўгі. “Курьер из Борисова” распавядае, што грошы не паступілі зь бюджэту, бо, маўляў, не хапае на ўборку ўраджаю. Тым часам на ўдзел у курсах прэтэндавала шмат інвалідаў: двое на адно мейсца. Швэдзкія экспэрты лічаць, што барысаўская каляска розьніца ад швэдзкай хіба меншым часам эксплюатацыі.

Бабруйскі аэраклюб неўзабаве справіць свой юбілей. Гэта адзіны клюб у краіне, дзе рыхтуюць пілётаў-плянэрыстаў. Тут займаюцца 82 вучні. Як заўважае газэта “Вечерний Бобруйск”, апошняя пастаўка клюбу лётнай тэхнікі была 20 гадоў таму.
XS
SM
MD
LG