Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незадаволеныя “зялёнымі карткамі”, беларускія аўтамабілісты зладзілі акцыю пратэсту на “Варшаўскім мосьце”


Алег Супрунюк, Берасьце На памежным пераходзе “Варшаўскі мост” адбылася акцыя пратэсту беларускіх грамадзянаў, што на асабістых аўтамабілях накіроўваліся ў Польшчу. Яны выказвалі свае абурэньне з-за новых цяжкасьцяў пры перасячэньні мяжы.

Прыблізна паўсотні аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі сёньня раніцай спыніліся каля самага буйнога аўтамабільнага пераходу на беларуска-польскай мяжы “Варшаўскі мост”. Кіроўцы і пасажыры гэтых машынаў, перад тым як перасячы мяжу, зладзілі стыхійную акцыю, каб прыцягнуць увагу да новых праблемаў беларускіх аўтааматараў.

Паводле указу Аляксандра Лукашэнкі, ад 1 жніўня грамадзяне Беларусі могуць трапіць за мяжу толькі пры ўмове набыцьця транспартных страхавых полісаў (так званых “зялёных картаў”) у беларускіх страхавых кампаніях. Кошт такой “зялёнай карты” складае 82 амэрыканскія даляры, і сапраўдная яна толькі цягам аднаго месяцу. Шмат хто зь беларускіх аўтааматараў раней набываў “зялёную карту” у Польшчы, дзе яна каштуе ад 30 да 50 даляраў.

Аднак дарагія страхавыя полісы айчынных кампаніяў – гэта не галоўная праблема для беларускіх кіроўцаў. Як распавялі удзельнікі стыхійнай акцыі, польскія мытнікі іх ужо папярэдзілі: ад 13 жніўня трапіць у гэтую краіну можна будзе толькі па “зялёнай карце” эўрапейскага ўзору і беларускія страхавыя полісы будуць лічыцца несапраўднымі. Такім чынам, грамадзянам Беларусі трэба будзе набываць дзьве “зялёныя карты” (айчынную і замежную), што прынясе кіроўцам яшчэ больш дадатковых стратаў.

Да ўдзельнікаў акцыі прыехалі прадстаўнікі мясцовай вэртыкалі, але іхняй мэтай было запатрабаваць ад кіроўцаў, каб тыя не заміналі руху транспарту праз памежны пераход. Гаворыць намесьнік старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Палышэнкаў.

(Палышэнкаў: ) “Ад 1 жніўня страхоўка мусіць быць толькі беларуская, але я гэта кажу як звычайны жыхар, бо гэта не нашая кампэтэнцыя. Мы не ўсталёўваем парадак страхаваньня транспартных сродкаў. Гэта – не функцыя гарвыканкаму”.

Паводле словаў спадара Палышэнкава, ніякага страйку на мяжы не было і кіроўцы пагадзіліся скончыць акцыю і падрыхтаваць пісьмовы зварот на адрас адпаведных установаў.
XS
SM
MD
LG