Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сябраў ініцыятыўных групаў АГП учыняецца ціск з боку ўладаў


Юры Дракахруст, Прага На сябраў ініцыятыўных групаў актывістаў Аб''яднанай грамадзянскай партыі (АГП) робіцца ціск з боку прадстаўнікоў акруговых камісіяў і мясцовых уладаў. Пра гэта паведаміў сёньня старшыня партыі Анатоль Лябедзька.

З такімі фактамі, паводле яго слоў, актывісты АГП сутыкнуліся ў Гомельскай, Віцебскай і Менскай абласьцях. Спадар Лябедзька распавёў, што "ў Полацаку ўсіх сябраў ініцыятыўнай групы актывіста АГП Генадзя Воранава абзванілі прадстаўнікі акруговай выбарчай камісіі й настойліва параілі ім выйсьці зь яе. У выніку з 11 сябраў ініцыятыўнай групы Генедзя ў ёй засталося 8, а паводле закону для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы неабходна не менш за 10 чалавек”.

Кіраўнік АГП паведаміў таксама, што у Барысаве пад ціскам прадстаўнікоў акруговай выбарчай камісіі некалькі чалавек адмовіліся браць удзел у ініцыятыўнай групе аднаго з актывістаў АГП, вядомага ў горадзе прадпрымальніка Льва Марголіна. Пасьля гэтага і самая група не была зарэгістравана.

Паводле Анатоля Лябедзькі ў некаторых рэгіёнах улады наўпрост пагражаюць, што з-за ўдзелу ў выбарах у актывістаў АГП могуць узьнікнуць праблемы на працы.

Праваабарончы цэнтар “Вясна” паведамляе, што такім жа чынам было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групе кіраўніка грамадзкай ініцыятывы “За чысты Барысаў”, сябру Сойму Партыі БНФ Сяргея Салаша.

Некаторым зь сябраў групы пачалі паступаць ананімныя тэлефанаваньні й патрабаваньні пацьвердзіць недабраахвотнасьць іх уваходжаньня ў ініцыятыўную групу Салаша.

8 жніўня прадстаўнікі акруговай выбарчай камісіі прыйшлі дадому да сябра ініцыятыўнай групы Салаша Тамары Садчанкі й пад ціскам прымусілі пісьмова адмовіцца ад сяброўства ў ініцыятыўнай групе. Пазьней Садчанка напісала ў акруговую камісію новую заяву, у якой указала на ціск з боку выбарчай камісіі й пацьвердзіла сваё добраахвотнае жаданьне быць сябрам ініцыятыўнай групы.

9 жніўня кіраўніцтва аднаго зь дзяржаўных прадпрыемстваў, на якім працуе сябра ініцыятыўнай групы Салаша Галіна Башкова, прыехала да яе на лецішча і пад пагрозай непрацягненьня зь ёй працоўнага кантракту запатрабавала напісаць заяву й выйсьці з ініцыятыўнай групы. Жанчына, баячыся згубіць працу, была вымушаная напісаць такую заяву. На падставе гэтай заявы 9 жніўня акруговая выбарчая камісія прыняла рашэньне адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Салаша.

Праблемы з рэгістрацыяй ініцыятыўнай групы ўзьніклі і ў лідэра Партыі камуністаў Сяргея Калякіна. Палітык балятуецца ў дэпутаты па Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе.

Як паведаміў Сяргей Калякін, некалькі дзён таму яго прадстаўнікі перадалі ў акруговую выбарчую камісію дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы — заяву прэтэндэнта аб згодзе балятавацца і сьпіс групы.

"Гэта адзіныя дакумэнты, якія, згодна з выбарчым кодэксам, неабходна падаваць для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы", — сказаў лідэр ПКБ. Аднак у акруговай камісіі запатрабавалі падаць пацьвярджэньне аб тым, што спадар Калякін зьяўляецца грамадзянінам Беларусі. "Я не лічу сябе абавязаным даваць якія-небудзь дадатковыя зьвесткі. Калі яны сумняюцца, ці зьяўляюся я грамадзянінам Беларусі, няхай зьвернуцца ў МУС па адпаведную даведку", — сказаў кіраўнік ПКБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG