Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню за выбарамі ў ЗША будзе назіраць АБСЭ, а ў Беларусь прадстаўнікоў АБСЭ пакуль не запрасілі


Юры Дракахруст, Прага Назіральнікі ад АБСЭ за апошнія 14 гадоў прысутнічалі на 150-ці выбарах у краінах-сябрах арганізацыі. Сёлета яны ўпершыню будуць назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША. Пра гэта, у прыватнасьці, піша брытанская газэта “Індэпэндэнт”.

Шмат хто ў ЗША выказвае занепакоенасьць, што збоі машынаў для падліку галасоў і маніпуляцыі з выбарчымі сьпісамі могуць сёлета прывесьці да паўтарэньня праблемаў і канфліктаў, якія мелі мейсца ў Фларыдзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2000 году. Назіральнікі АБСЭ прыедуць на выбары пасьля афіцыйнага запрашэньня з боку дзярждэпартамэнту ЗША.

Гэтае запрашэньне – перамога амэрыканскіх грамадзянскіх актывістаў, якія перасьцерагаюцца, што фларыдзкі выбарчы крызыс 2000 году можа паўтарыцца. У ліпені 13 сябраў палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ад дэмакратычнай партыі зьвярнуліся да генэральнага сакратара ААН Кофі Анана з просьбай накіраваць на амэрыканскія выбары міжнародных назіральнікаў.

Кофі Анан адмовіў у просьбе, патлумачыўшы, што для прыезду назіральнікаў патрэбнае запрашэньне ад ўраду краіны. Тады настойлівыя дэпутаты кангрэсу зьвярнуліся да дзяржсакратара Коліна Паўэла. Намесьнік Паўэла Пол Кэлі паведаміў, што найбольш дарэчна запрасіць назіральнікаў ад АБСЭ. Краіны-сябры гэтай міжнароднай арганізацыі, у склад якой уваходзяць і Злучаныя Штаты, у 1990 годзе дамовіліся пра тое, што будуць назіраць за выбарамі адны ў іншых.

Звычайна назіральныя каманды АБСЭ сочаць за выбарамі ў маладых дэмакратыях. Аднак прыхільнікі запрашэньня такой каманды на прэзыдэнцкія выбары ў ЗША гавораць, што такое назіраньне не пашкодзіць і амэрыканскай дэмакратыі. Паводле іх у 2000 годзе ў выніку праблемаў з падлікам галасоў ўва Фларыдзе фактычна прэзыдэнта ЗША выбраў Вярхоўны суд.

АБСЭ будзе не адзінай міжнароднай арганізацыяй, якая накіруе сваіх назіральнікаў на сёлетнія выбары ў ЗША . Арганізацыя “Глябальны абмен” таксама накіруе сваіх наглядальнікаў. Першы раз яны прыедуць у верасьні, каб азнаёміцца з практыкай падліку галасоў, рэгістрацыяй выбаршчыкаў, парадкам фінансаваньня кампаніі, а другі раз – у лістападзе , непасрэдна на выбары.

***

МЗС Беларусі разглядае пытаньне запрашэньня міжнародных назіральнікаў для маніторынгу выбарчай кампаніі, у тым ліку назіральнікаў з АБСЭ. Як заявіў сёньня прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных часу для запрашэньня яшчэ дастаткова. Варта адзначыць, што бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ мела намер накіраваць сваіх экспэртаў для вывучэньня перадвыбарчай сытуацыі яшчэ ў траўні. Аднак Цэнтарвыбаркам Беларусі палічыў такое раньняе запрашэньне немэтазгодным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG