Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 новых назваў вуліц зьявіліся на мапе Менску, у тым ліку вуліца Мулявіна й вуліца Курапацкая


Ігар Карней, Менск Рашэньнем Менгарвыканкаму дзесяць найбліжэйшых да сталіцы вёсак увайшлі ў рысу гораду. Разам зь менскім статусам іх вуліцы атрымалі й новыя назвы. Той самай пастановаю сталічныя ўлады пераназвалі й шэраг іншых вуліц. Як успрынялі гэтыя зьмены людзі навукі й культуры?

Апошнія пераназовы вуліцаў адразу ў дзясятку новых ускраінаў — самыя масавыя за апошняе дзесяцігодзьдзе, — кажа выканаўчы сакратар тапанімічнай камісіі Менгарвыканкаму Натальля Старыкава.

(Старыкава: ) “Пры гарвыканкаме існуе гарадзкая камісія ў справе назову і пераназову вуліцаў. Гэта грамадзкая камісія, якая працуе ў часе патрэбы. У дадзеным выпадку спачатку было прынятае рашэньне наконт уключэньня некаторых вёсак ў рысу гораду, а ўжо потым, калі гэта адбылося, вырашалася пытаньне перайменаваньня вуліцаў”.

Беларуская сталіца пашырылася коштам навакольных вёсак. І ўспамін пра іх цяпер будзе захоўвацца ў назвах ужо гарадзкіх вуліц — Масюкоўшчына, Ржавецкая, Зацань, Навiнкаўская.

Пэўнай нечаканасьцю для многіх сталася тое, што нарэшце ў назьве вуліцы будзе ўшанаваная памяць пра пакутнікаў сталінскіх рэпрэсіяў. Былую Сірэневую вуліцу, што была ў вёсцы Цна, назвалі вуліцай Курапацкай.

Калі я патэлефанаваў у Нью-Ёрк Зянону Пазьняку — чалавеку, які адкрыў для беларусаў і сьвету праўду пра забойствы людзей у Курапатах, то ў ягонай рэакцыі на навіну быў пэўны недавер.

(Пазьняк: ) “Тое, што жыхары гэтай Цны кожны дзень, кожную ноч чулі стрэлы і крыкі, яны гэтым і жылі... Курапаты віселі над імі як Дамоклаў меч. Калі гэта адзначана, што гэта вуліца стала Курапацкай, то гэта ў пэўнай ступені выкліча перадачу памяці. Да таго ж, гэтая вуліца якраз туды і вядзе, у Курапаты. Гэта тое мястэчка, якое адчула найбольшы псыхалягічны ціск ад расстрэлаў. І калі гэта будзе такая мэмарыяльная вуліца, то я тут нічога ня бачу дрэннага. Наадварот, будзе засьведчаная памяць пра Курапаты. Дакладна гэтак жа магла быць вуліца Хатыньская, альбо Катыньская. І гэта істотна, што тут не блюзьнерства: назвалі вуліцу Курапацкую, побач з Курапатамі”.

Нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя, якая ад моманту вяртаньня краіне незалежнасьці змагалася за вяртаньне гораду гістарычных назоваў вуліц і за ўшанаваньне памяці выдатных дзеячаў гісторыі й культуры ў назвах вуліц і плошчаў, станоўча ўспрыняла, што гэтым разам зроблены пэўны крок наперад. Так, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які, як сам кажа, ці ня штомесяц закідвае інстанцыі лістамі-зваротамі ў гэтай справе, задаволены, што нарэшце ў Менску зьявіліся вуліцы імя пачынальніка нацыянальнай опэры кампазытара Станіслава Манюшкі, драматурга Каруся Каганца, мастака Язэпа Драздовіча, паэта Ўладзіслава Сыракомлі. Гэта ў мікрараёне Лошыца, а вось у цэнтры гораду праблемы застаюцца.

Алег Трусаў згадаў, што некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка выступіў з ініцыятывай пераназваць цэнтральны праспэкт сталіцы. Лукашэнка палічыў, што імя Францішка Скарыны занадта апазыцыйнае і выказаўся, што трэба надаць цэнтральнай вуліцы “нэўтральную” назву — прыкладам, праспэкт Перамогі. Старшыня ТБМ Алег Трусаў кажа, што давялося абараняць назву цягам году.

(Трусаў: ) “Мы сабралі некалькі тысяч подпісаў грамадзянаў “супраць” такой ідэі. Цэлы год ваявалі за праспэкт. Улады зьбіраліся гэта зрабіць і каб не ТБМ, то ўжо і зрабілі бы”.

(Карэспандэнт: ) “Каб не грамадзкая думка, то, магчыма, праспэкт быў бы ўжо пераназваны?”

(Трусаў: ) “Ня тое што магчыма — а дакладна. Ужо рыхтаваліся гэта зрабіць да нейкай падзеі. Але зь іншага боку, яны палічылі, колькі гэта грошай будзе каштаваць. І фінансава выляцяць у такую капейку, бо праспэкт жа вельмі вялікі — усе фірмы, установы, рэзыдэнцыі, у такія грошы абыдзецца. А дзе іх узяць?”

Гэтым разам у цэнтры Менску пераназваная толькі адна вуліца. Бульвар імя бальшавіцкага камісара асьветы Луначарскага стаў бульварам імя кампазытара і сьпевака Ўладзімера Мулявіна.

Менскі гарвыканкам прымаў рашэньне паводле рэкамэндацыяў тапанімічнай камісіі, у складзе якой гісторыкі й філёлягі. Як стала вядома, унутранай інструкцыяй сябрам камісіі катэгарычна забараняецца нават уздымаць пытаньне пра пераназоў цэнтральных вуліцаў сталіцы. У надзвычайных выпадках рэзалюцыя падпісваецца на самым высокім узроўні — як, прыкладам, падчас нядаўняй зьмены шыльдаў у раёне Белдзяржфілярмоніі. Тут ахвяравалі Луначарскім, каб ушанаваць памяць кіраўніка гурту “Песьняры” Ўладзімера Мулявіна. Таму сябрам камісіі фантазію даводзіцца прыкладаць выключна ў новых мікрараёнах.

Адзін з найстарэйшых беларускіх паэтаў, 84-гадовы Мікола Аўрамчык, выдатна памятае Менск яшчэ даваеннага часу. І кажа, што ў назовах цэнтральных вуліцаў сталіцы зьменаў адбылося небагата: тыя ж прозьвішчы бальшавікоў, якія насаджалі ў Беларусі камуністычную ўладу.

(Аўрамчык: ) “Урыцкага, Валадарскага, Сьвярдлова, Леніна, Энгельса, Камсамольская, Інтэрнацыянальная... Усе гэтыя вуліцы ўжо былі названыя бальшавікамі пасьля рэвалюцыі. Я гэтыя вуліцы добра памятаю да вайны”.

(Карэспандэнт: ) “У краінах пасьлясавецкіх таксама былі падобныя вуліцы, але ад іх папросту адмовіліся…”

(Аўрамчык: ) “Натуральна, што гэта трэба было ўсё зьмяніць даўно. Цяпер пра гэта ўжо нават сьмешна гаварыць і думаць. Якія адносіны мела Беларусь да многіх з гэтых прозьвішчаў? Яны наогул ва ўладзе былі год-паўтара. Будуць сьмяяцца пасьля людзі ды зьдзіўляцца: як гэта магло быць і, галоўнае, трымаецца да гэтага часу. Я застаў яшчэ і Гікалу, і Чарвякова, і Галадзеда. І нават гэтыя, сумняюся, ці трэба было даваць імёны вуліцам. Прышпандорылі абы-як. Людзі былі на службе іншым народам і іншай краіне, краіне імпэрскай”.

Традыцыя ўшаноўваць памяць камуністычных дзеячаў адбілася і ў новай пастанове Менгарвыканкаму. Былыя цнянскія вуліцы Пушкiнская i Прыгарадная названыя, адпаведна, iмёнамi сакратара ЦК КПБ у ідэалёгіі Бровiкава й першага сакратара Менскага абкаму партыі Мiкулiча. Гісторык Віталь Скалабан мяркуе, што такая непераборлівасьць наўрад ці дадасьць радасьці людзям, якія на гэтых вуліцах жывуць.

(Скалабан: ) “Мяркую, у цэнтры нічога рухацца ня будзе. І калі ў мэтро зноў зьявілася Плошча Леніна, то ў цэнтры сталіцы нічога ня будзе зьменена. Усё гэта палітычныя рашэньні. Што да працы тапанімічнай камісіі, у якой я колісь браў удзел, то гэта чыста дарадчы орган. Людзі там даволі кваліфікаваныя, але гэта проста дарадчы орган; вырашаецца ўсё ў іншых месцах”.

І яшчэ адну не найлепшую традыцыю ў новым рашэньні сталічных уладаў заўважылі людзі навукі й культуры. А менавіта: зноў непісьменнасьць і моўная блытаніна. Так, у пастанове названыя такія вуліцы як “Деревенская”, “Приветливая”, “Усадебная”. Ніхто не падумаў, як яны будуць гучаць па-беларуску…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG